Беларускае слоўка: аблавýха

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр Кулiковiч, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Гэта літаратурнае гаваркое, вобразна-яркае слоўка, якое сваім гучаннем падабаецца многім беларускім карыстальнікам, першапачаткова мела форму облоухъ і са значэннем шапка з вушамі было занатавана ў ХІХ ст. нашым знакамітым мовазнаўцам і фалькларыстам Іванам Насовічам. Паводле структуры яно складанае, бо ўтворана з дзвюх частак. Першая частка áбла— (óбла-), óбло- (óблъ-) у многіх славянскіх мовах і дыялектах абазначае круглы, авальны, шарападобны, другая — вуха. Ёсць меркаванне, што марфема абла— — гэта частка слова аблажыць (апусціць, абвярнуць).

У слоўніку У. Даля маецца прыметнік аблоухъ са значэннем віславухі, у польскай дыялектнай мове obłouch — доўгія вушы, шапка з вушамі, у пскоўскіх гаворках аблавухай называюць аплявуху (пощечину), а беларусы аблавухам клічуць яшчэ някемлівага, няспрытнага чалавека: «Я ж бачыў, што яна не зводзіла з цябе вачэй. Дагэтуль не сустрэнецца! Аблавух! А яшчэ ў арміі служыў» (І. Шамякін).

Вядомы беларускі даследчык прафесар М. Абабурка лічыць, што слоўка аблавýха (аблавýшка), як і віславуха, лапавушка, сібірка, якія абазначаюць назвы мужчынскага зімовага галаўнога ўбора, з’яўляюцца раўназначнымі літаратурнай норме вушанка. Гэта меркаванне пацвярджаюць многія нашы дыялектныя і літаратурныя слоўнікі, дзе аблавухай (аблавухам) называюць шапку з доўгімі вушамі або шапку з аўчыны, крытую сукном: «На ім быў старамодны тулуп да пятаў, з-пад якога вытыркаліся джынсы, дзед меў на сабе аблавух і пацяганы шалік».

На самай жа справе такое тлумачэнне нельга прызнаць вычарпальным. Яно часткова скажае сэнс гэтага каларытнага беларускага слоўка. Згодна з энцыклапедычным даведнікам «Этнаграфія Беларусі» аблавухай варта называць не любую мужчынскую шапку-вушанку, а толькі тую, у якой да круглай асновы, зробленай з аўчыны, заечага, лісінага, вавёрчынага ці трусінага футра, пацягнутай зверху цёмным сукном, прышыты 4 крылы (вушы). У сцюдзёную пару, калі дзьмулі скавышы, пярэдняе і задняе паднімалі і звязвалі зверху, а бакавыя апускалі ці падвязвалі пад падбароддзем.

Ад назоўніка аблавуха ўтвораны прыметнік аблавухі, які вядомы многім славянскім дыялектам і выкарыстоўваецца ў нашай мове для характарыстыкі: чалавека — някемлівага, няспрытнага, з вялікімі непрыгожымі вушамі, стрыжанага; жывёлы — з абвіслымі вушамі. «Ліба не паспела адысці ад акна, як на ім мігам апынуўся прыгожы, у рудыя яблыкі, аблавухі сабака» (Ц. Гартны).

Самое читаемое