Беларускае слоўка: бурштын

Вядучы рубрыкі Уладзімір Куліковіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Бурштынам называюць выкапнёвую смалу хвойных дрэў, мінерал класа арганічных злучэнняў пераважна жоўтага, чырвонага, карычневага ды белага колераў. Самае ранняе пісьмовае ўпамінанне пра бурштын – клінапіс на абеліску Х ст. да н. э., які знаходзіцца ў Брытанскім музеі. Гэта адзін з першых каштоўных камянёў, што здабывалі і выкарыстоўвалі як упрыгожванне і як лекавы сродак нашы старажытныя продкі славяна-арыі яшчэ ў часы палеаліту (450-12 тыс. гг. да н. э.). Вучоныя мяркуюць, што цяперашні бурштын, які ёсць у Балтыйскім моры, сваім паходжаннем абавязаны соснам і кедрам, што раслі ў субтрапічным клімаце больш за 40 млн год таму.

Існуе больш за 30 назваў гэтага рэчыва, кожная з якіх адлюстроўвае нейкую ўласцівасць каменя. Старажытныя грэкі, напрыклад, заўважылі, што ён можа прыцягваць да сябе кавалкі папіруса, таму назвалі электронам (ст.-грэч. λεκτρον) – у гонар зоркі Электра. Такое найменне пазней выкарыстоўвалі і ў Старажытнай Русі – ілектр або ілектрон. Рымляне атаясамлівалі бурштын з акамянелым сокам дрэў. Адсюль сукцынум (ад лацінскага Succus – сок). Літоўцы і латышы лічылі камень ахоўнікам ад хваробаў. І гэта адлюстравалі назвы Gintaras (гінтарыс), dzintars (дзінтарс), дзе гінці – ахоўваць. Рускі тэрмін янтарь, упершыню зафіксаваны ў XVI ст. у форме ентарь, быў запазычаны менавіта ад літоўцаў.

Сучасная беларуская назва бурштын, вядомая на Украіне і ў Польшчы, думаецца, больш старажытная ад рускай. Яна прыйшла да нас з Нямеччыны, дзе ў ХІІІ ст. існавала складанае слова Boernstein: born < brenn < brennen (гарэц­ь) + Stein = камень, што гарыць: лічылася, што дым запаленага бурштыну не толькі вылечвае сэрца і дапамагае пры раматузе, але і замяняе фіміям. Захавальнікамі назвы сталі, напэўна, плямёны балтыйскіх славян, якія кантактавалі з германцамі. Прынамсі, як прызнаюць навукоўцы, менавіта германцы разбурылі ў ХІІ ст. храмы нашых продкаў, што знаходзіліся на востраве Руген (казачны востраў Буян) у Балтыйскім моры, а ў канцы ХІІІ ст. прымусілі славян пакінуць гэтую тэрыторыю.

На землях Вялікага княства Літоўскага слоўка бурштын зафіксавана ў слоўніку Памвы Бярынды (Кіеў, 1627). У ХІХ ст. (І. Насовіч) і 20-я гг. ХХ ст. мы ўжо мелі два раўнапраўныя варыянты – бурштын і бруштын. З’яўленне варыянта бруштын – вынік дыялектнага спрашчэння групы -ршт-, якая была цяжкая для вымаўлення. Ён засведчыў, што ў свядомасці карыстальнікаў складанае нямецкае запазычанне перастала быць матываваным, г. зн. марфемы перасталі абазначаць самастойныя паняцці, сталі «нямымі» (І. Шкраба). А такое магчыма, калі слова даўно бытуе ў мове.

Нармалізацыя ўжывання варыянтаў на працягу ХХ ст. прывяла да таго, што варыянт бруштын выйшаў з ужытку, агульнаўжывальнымі сталі формы бурштын, бурштынавы: «І мне няхай бы хваля з нетраў бурштыну вынесла б драбок» (С. Дзяргай); «Бы гарачы бурштын, / Твае слёзы, / Матуля» (К. Цыбульскі); «Валасы яго сталі зусім бурштынавымі» (У. Караткевіч).

У наш час на Брэстчыне было адкрыта адно з першых радовішчаў бурштыну ў Беларусі. І менавіта там «Бурштынам» названы народны ансамбль народнай песні з Кобрына.

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: залéва

Беларускае слоўка: лíпень

Беларускае слоўка: імпрэза

Беларускае слоўка: Альтáнка

Беларускае слоўка:  лíшніца

Самое читаемое