Беларускае слоўка: залéва

Уладзімір Куліковіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Прырода апошнім часам прыносіць Беларусі шматлікія сюрпрызы: то скавышы, то спёку, то залéву. Ленты навін розных сайтаў вясной і ўлетку рэгулярна прэзентуюць апошнюю з названых лексічных адзінак, нягледзячы на тое што, паводле слоўнікаў пачатку ХХІ ст., яна па-ранейшаму лічыцца не літаратурнай, а дыялектнай: залева згасіла Вечны агонь у Мінску; падчас залевы ў Віцебску разбурыўся будынак. Часта ўжываюць яго ў прамым і пераносным значэннях і нашы пісьменнікі: «Дождж на лес абрынуўся раптоўна. Не дождж, а сапраўдная залева. Пакуль дабраўся да хутара, прамок да ніткі» (Я. Галубовіч). «Дзесьці спее сонная залева // I чакае лодачка вясла» (Я. Янішчыц). «За дзвярыма ноч залегла. // Млее цесная павець. // Пачуцця твайго залева // За фіранкамі павек» (В. Стрыжак). «Лістапад — яснавокі сум, залатога лісця залева» (Э. Акулін).

Абазначае гэтае гаваркое, з празрыстай семантыкай слоўка лівень, моцны дождж з рэзкай зменай моцнасці. Утворана яно ад дзеяслова заліваць (заліць) — пакрыць усё вадой. З’яўляецца нашым, беларускім, а таму дазваляе аўтару ёміста, пры гэтым эканомячы моўныя сродкі, напоўніцу выразіць паняцце, добра знаёмае кожнаму. Параўнайце і адчуйце розніцу паміж сінанімічнымі сказамі: «На вуліцы моцны дождж — На вуліцы дождж як з вядра — На вуліцы залева. На Віцебшчыне існуе варыянт — залівéнь» (Р. Барадулін. «Вушацкі кнігазбор»).

У многіх рэгіёнах Беларусі слоўкам залева абазначаюць яшчэ і месца паводак у веснавую ці летнюю пару, калі вада залівае вялікія прасторы, што знаходзяцца, як правіла, каля рэчак або вадаёмаў. Пацверджаннем таму — назва поля Залеўшчына, што ёсць, напрыклад, у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.

Надзвычай прадуктыўнае яно і для ўтварэння іншых уласных геаграфічных і антрапанімічных назоўнікаў: на Гродзеншчыне, каля мястэчка Зэльва, працякае рака Зальвянка; вёскі Залева, Залеўка маюцца, бадай, у кожным нашым рэгіёне, дарэчы як і прозвішчы Залева, Залеўскі. Прафесар В. Лемцюгова лічыць, што чалавек, названы такім прозвішчам, мог нарадзіцца менавіта ў час небывалага ліўню.

Калі будзе нагода пакарыстацца слоўкам залева, то будзьце ўважлівымі, дбайце пра культуру мовы і правільнасць маўлення. Нельга ўжываць яго побач з прыметнікам моцная ў сказах тыпу: Днём 30 ліпеня па Гродзенскай і Брэсцкай абласцях пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы, месцамі пройдуць моцныя залевы. У такіх канструкцыях прыметнік збыткоўны, бо пры тлумачэнні слова залева ён ужо падразумяваецца.

 

 

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: коўзанка

Беларускае слоўка: заўзятар

Беларускае слоўка. Амбасáда

Беларускае слоўка. Май і трáвень

Беларускае слоўка: чэ́́рвень

 

Самое читаемое