Беларускае слоўка: лёк

06 Фев 2014 11:57

Автор:

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр Кулiковiч, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Традыцыйнае наша застолле — ці то ў гарадской кватэры, ці то ў вясковай хатцы — нельга ўявіць без бульбы, «а да яе сала, — як пісаў Уладзімір Караткевіч, — салёныя агуркі (з кропам, халодныя) і селядзец (раней бульбу мачалі ў селядцовы расол — лёк)». Як бачым, пісьменнік пры называнні страў, каб быць зразумелым, скарыстаў добра вядомы літаратурны прыём — тлумачыць малазнаёмыя словы ў тэксце. Дарэчы, гэтак жа апісальна самабытнае беларускае слоўка лёк перакладаецца і на рускую мову — селедочный рассол, прыгатаваць які вельмі проста: неабходна адварыць у вадзе селядзец, дадаць туды алею і мукі з канаплянага семя.

Аднак не толькі з селядцовым расолам суадносіцца слоўка ў свядомасці беларусаў. Лёкам называюць яшчэ агурочны расол; у нас на Гродзеншчыне даводзілася чуць лёк у значэнні юшка, рыбная поліўка, а на Брэстчыне — вада, падсалоджаная мёдам.

У іншых мясцовасцях сустракаюцца іншыя значэнні. Як сказана ў слоўніку Івана Насовіча, названым мовазнаўцамі «энцыклапедыяй роднай мовы»: лёк — гэта всякій разсолъ, особенно сельдяный: «На капейку лёку, на цэлы дзень піцця»; густая наливка: «Самы лёк спілі, а толькі гушчу пакінулі»; гукапераймальнае слова для выражэння біцця сэрца падчас спалоху: «Сэрца маё лёк, як ён сказаў гэта». Менавіта адсюль утварыліся і шматзначныя дзеясловы лекацецьдрыжэць, калаціцца (пра сэрца), булькатаць (пра ваду ў страве пры яе варэнні), даражыць, берагчы што-небудзь; лякаццапужацца: «Не лякайся, дзевачка, не да цябе сваты едуць». (З народнай песні.)

Зрэдку выкарыстоўваюць слоўка і ў значэнні кудзеры, локаны: «Мае лёкі растрапаліся» Гэта ўжо вынік прамога запазычання ў ХVІІІ стагоддзі з польскай (lok, loki) або нямецкай моваў (Lockе, множны лік Locken).

Лінгвісты перакананы, што лёк са значэннем селядцовы расол узнік у выніку кантамінацыі — змешвання частак двух блізкіх па гучанні польскіх слоў lak (ляк)расол і loch (лёх)густы сіроп з чаго-небудзь, апошняе з якіх выводзіцца ад італьянскага loc, loco, што ў сваю чаргу трапіла з лацінскай мовы, дзе lohosгустое лякарства, падобнае да павідла.

Імкніцеся не блытаць гэтае каларытнае слоўка з такімі блізкімі па гучанні, як лёкай (устар.) — лакей: «Не йдзі жабраваці к палацу, / Бо стуль цябе выгане лёкай» (Я. Купала); лёкі — па-руску испуг: «З лёкаў падпала трасца» (І. Насовіч); лёхсклеп, падзямелле: «Глянь у лёхі свае, у падзямеллі глянь, князь, што настроіў пад хорамам гэтым» (Я. Купала). І абавязкова стаўце кропкі над літарай ё, бо без іх атрымаецца лек — грашовая адзінка Албаніі або лякарства, лячэнне, лекі: «Ад гэтых лек мне стала лепей».

Калі ж будзе нагода запрасіць у хату сваякоў, суседзяў, то парадуйце іх сваёй гасціннасцю, а на пытанне: «Што гэта ў вас на стале?» — адкажыце словамі Рыгора Барадуліна: «І смáгне селядзец у лёку, і ў лютай пáры млее кроп».

Комментарии к статье
Добавить комментарий