Беларускае слоўка. Вéсніцы

17 Апр 2014 14:50

Автор:

Вéсніцы

У глыбокай старажытнасці, не пазней за Х стагоддзе, на славянскіх землях для абазначэння паселішча, дзе жылі людзі, ужывалася слоўка vьsь (весь), гэта значыць вёска ці, калі быць дакладным, дом роду. Яно і сёння захавалася ў выразе па гарадах і весях, гэта значыць паўсюль. Прыкладна ў гэты ж час пры дапамозе суфікса —ніц— утварылася слоўка весніцы, якое набыло некалькі значэнняў: агароджанае месца, дзе знаходзіліся ўсе будынкі роду; плот з варотамі ў канцы вёскі; вароты з перакладзінай. Слоўнікі старабеларускай мовы падаюць форму веснікі, дзе суфікс —нік— тлумачыцца ўплывам семантычнай сувязі са словам веснік — асоба, якая прыносіць вестку. Такім чынам, весніцы (веснікі, вешнікі) — гэта вароты ў пачатку вёскі, якія першымі сведчылі пра з’яўленне новага незнаёмага чалавека.

З цягам часу значэнне гэтага паэтычнага вясновага слоўка змянялася, канкрэтызавалася. Вось што пісаў пра яго Алесь Разанаў: «Весніцы — вес(т)ніцы: яны падаюць сéнцам і хаце вестку аб тым, хто ідзе, хто неўзабаве «увесціцца» — аб’явіцца ўвесь. Сярод паважных і нетаропкіх варотаў і брамаў весніцы лёгкія, спеўныя, быццам сініцы сярод галубоў і галак. Прымацаваныя да плота, весніцы вісяць, чакаючы, калі іх крануць чыесьці зацікаўленыя рукі, калі яны змогуць весці. З усімі порамі года весніцы маюць цесныя зносіны, але з вясной — найцяснейшыя: і хоць весніцы панявечыліся ад ветру, збуцвелі ад слаты, спарахнелі ад зрухаў часу, ім сніцца заўсёды адзін незабыўны той самы сон, што яны з вясною — вечныя равесніцы».

У сучаснай беларускай мове весніцы ўжываюцца толькі ў множным ліку і абазначаюць невялікія вароты ў двор або з двара ў агарод, поле: «Вясна. Чаромха. Весніцы. / Зямля з-пад ног сплыла: / Далонь маёй равесніцы / Мне сэрца апякла» (А. Пісьмянкоў). На рускую мову перакладаецца нейтральнымі словамі: ворота (простые деревенские во двор или со двора в огород, поле), калитка. У параўнанні з брамкай весніцы — гэта трохі большыя варотцы з дзвюма створкамі, брамка — меншыя.

Тэхналогія вырабу весніцаў у розных гаспадароў свая. Адны праразаюць іх у глухой шырокай браме (варотах) і робяць са шчыльна збітых дошак, аздабляюць разьбой, размалёўкай, фігурнымі завесамі і клямкамі. Другія будуюць побач з варотамі і майструюць лёгкімі металічнымі або са штыкетніку. У беларускіх вёсках і сёння існуюць два віды весніц: адны парадныя — з вуліцы ў двор, другія гаспадарчыя — са двара ў гарод ці поле.

Згадваецца гэтае адмысловае слоўка ў беларускай мове надзвычай часта і з рознымі значэннямі. Напрыклад, у структуры мемарыяла «Хатынь» адчыненыя веснічкі сімвалізуюць сардэчнасць, дабрыню, гасціннасць беларускага народа. Выступаюць яны і абавязковым элементам каляднай традыцыі — вясковым падлеткам даспадобы здымаць веснічкі і заносіць іх нават на дах гаспадару. Выкарыстоўваюцца і ў якасці выдавецкага тэрміна са значэннем «аркуш падвойнага фармату з фальцам спераду блока» («Слоўнік выдавецкіх і паліграфічных тэрмінаў: англ.-бел., бел.-англ.»). Назву «Весніцы» маюць зборнік вершаў І.В. Скурко (1990) і калектыўны зборнік паэтычных і празаічных твораў (2008); беларускі танец з рэпертуару ансамбля танца, музыкі і песні «Талака». Народны ансамбль з Віцебшчыны носіць назву «Весніца», а арганізатары паэтычнай вечарыны беларускіх і літоўскіх творцаў назвалі сваю імпрэзу «Вятры адчыняюць табе весніцы».

 

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ.

 

 

 

Комментарии к статье
Добавить комментарий

makswit

У маёй вёсцы таксама вароты ў двор нацываюць весьніцамі. Вёска мая знаходзіцца ў Стаўбцоўскім раёне.

уладзімір

Згадзіцеся, цудоўнае слоўка!