Беларускае слоўка: адхлáнне

24 Апр 2014 17:20

Автор:

Адхлáнне

Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, разважаючы над жыццёвымі праблемамі, напісала: «Гарадскому чалавеку сёння ні ў якім разе нельга забывацца на вёску. У вёсцы, хоць яна вельмі змянілася апошнім часам, яшчэ ёсць людзі, якія жывуць паводле божых запаветаў. І нават гутарка з такімі людзьмі, старымі і мудрымі, — вялікая школа і адхланне для душы». А вось радкі з верша паэткі Яўгеніі Янішчыц: «Будзе сон трывожны і адхланне. / Будзе пáдаць рэўнасці шкалá. / Бласлаўляю сонечнае ззянне, / Позняе і дзіўнае вяртанне / Вуснамі — да вýсця і святла!»

Абедзве аўтаркі з вялікага сінанімічнага спісу (адпачынак, адпачын, спачын, спачыванне, супакой, палёгка, перадышка і іншыя), што прыводзіцца ў «Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў» (2005) М.К. Клышкі, скарысталі адсутнае там слоўка адхланне, утворанае ад дзеяслова адхлынуць (хлынуўшы, адысці, адступіць: вада адхлынула, натоўп адхлынуў). У Янкі Купалы адхлынуць — раптоўна адступіць, адысці (пра сум): «Уся сумнасць жуды адхлыне ад яе…»

Паводле паходжання, яно спрадвечнабеларускае і гукапераймальнае. У навуковым асяроддзі прынята лічыць генетычна роднаснымі такія словы, як беларуска-рускае хлынуць, украінскае хлюнути (нечакана палíцца) і беларускае хлюпа (хляба, хáлепа) — дрэннае надвор’е, а таксама хлын — лодар, гультай (адсюль — адлыньваць ад працы), хлынь — замаруджаны ход каня.

Далучэнне ў старажытнасці прыстаўкі ад— і нулявога суфікса паспрыяла ўтварэнню формаў адхлуп, адхлын і развіццю новай семантыкі — адпачынак, перадышка.

У ХІХ ст. (слоўнік І. Насовіча) на этнічных землях беларусаў шырока была вядома форма отхлáнь: «1) букв. Прохлада во время летних жаров. Дожджык прайшов: отхлань нам; 2) Краткое отдохновеніе, переведеніе духа. Без отхлани целый дзень работаем; 3) церк. Успокоеніе душы. Каб тваей душэ на тым свеце отхлани не было, як ты нас мучыш цяжкаю работай».

Са значэннем палёгка атхлáнь часта выкарыстоўвалася і ў дыялектнай мове ХХ ст. на Гродзеншчыне, Магілёўшчыне, Міншчыне: «Усе ім пыгыняюць, а кыб даць яму атхлань, дык дзе там» («Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны» (1970) І.К. Бялькевіча). Побач выкарыстоўвалася i форма адхланне — спакой, адпачынак (Ф. Янкоўскі), якая стала літаратурнай і набыла значэнне кароткае аблягчэнне ад цяжкай працяглай работы, перадышка. Па-руску менавіта так яно і перадаецца: короткое облегчение после тяжелого продолжительного труда; короткий отдых.

«Граматычны слоўнік назоўніка» (2013) сцвярджае, што лексема адхланне ўжываецца «толькі ў выразе працаваць без адхлання; ні продыху, ні адхлання». Але гэта не зусім так. Вось некаторыя словазлучэнні, занатаваныя з мастацкіх і публіцыстычных тэкстаў, што аспрэчваюць такое прадпісанне: адхланне сэрцу, вечнае адхланне, нечаканае адхланне; «Лес — маё адхланне»; «Зразумеў: для бацькі, а значыць, і маці — гэта адхланне, душэўная палёгка». Гэтым слоўкам названы і музычны відэафільм фальклорнага тэатра «Госціца».

Ведайце і выкарыстоўвайце на здароўе гэтае вобразна-паэтычнае слоўка з празрыстым сэнсам і ўласцівай беларускай мове словаўтваральнай мадэллю, паводле якой выбудоўваюцца працэсавыя назоўнікі тыпу адцвітанне, аплочванне, вэнджанне, зяванне, тахканне. Бо іншым разам менавiта адхланне, а не шматдзённы адпачынак на моры прыносіць больш карысці нашаму арганізму.

 

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр Куліковіч, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ.

 

Комментарии к статье
Добавить комментарий