Беларускае слоўка. Май і трáвень

03 мая 2014 11:25

Автор:

Май і трáвень

Пра пяты месяц каляндарнага года кажуць: ён зямлю грэе, але і сіверкам вее, творыць ніву; у гэты час можна на траве сядзець, траву піць, травой лячыцца. На славянскіх старажытных абшарах існавала некалькі яго назваў: май — ад лацінскага Maius, што суадносіцца з імем старажытнарымскай багіні вясны Маі; травень, траўнік, траўны — адлюстроўвае працэсы, што адбываюцца ў прыродзе, парá, калі буйна растуць травы: травень зялёнай травой славен; песеннік — наваколле напаўняецца птушынымі спевамі, у прыказках яго параўновалі з салаўіным летам; ярац — у гонар бажаства ўрадлівасці Ярылы, на змену якому ў хрысціянскі перыяд прыйшоў Юрый — апякун жывёлы і земляробства. Сустракаліся таксама грымотнік, лецень, цвецень.

У славянскіх мовах у нашы дні замацаваліся květen (чэхі), травень (украінцы), veliki traven (славенцы). Лацінская ж аснова дайшла ў нямецкай і французскай мовах — Mai, англійскай — May, польскай — maj, венгерскай — majus, рускай — май, у беларускай — таксама. Паспрабуем разабрацца чаму.

У дахрысціянскія часы на старажытных этнічных землях беларусаў маем спачатку называлі міфічную істоту («Тураўскі слоўнік»), а таксама першую зелень лісцевых дрэў, якой упрыгожвалі хаты на Сёмуху. Наламай маю; маіць, умаіць хату (прыбраць зеленню) — так казалі нашы продкі, так гавораць і сучаснікі. Цікава, што звычай гэты і назва ўказваюць на культурную еднасць беларусаў з рымлянамі, у якіх была завядзёнка ў першы дзень апошняга месяца вясны садзіць дрэвы. І называлася яна май.

З цягам часу традыцыя іменаваць рытуальную зелень маем перайшла і на назву месяца (А. Марозава). Відаць, з гэтай прычыны і стала яна выкарыстоўвацца ў нас як адзіная (май, маі) у помніках старабеларускай пісьменнасці, у дыялектных слоўніках ХХ ст. У савецкі час умацаванню пазіцый гэтага слова паспрыяла рускамоўная назва свята ўсіх працоўных «Первомай»: «Вясна!.. Вясна!.. Удалі над краем / Зара вяргіняю цвіце. / Мы гэты дзень назвалі Маем, — / Дзень светлай радасці людзей» (П. Трус).

Праславянскае ж слоўка травень выяўлена было ў старабеларускі перыяд толькі двойчы: у Полацкім Евангеллі ХІІІ-ХІV cтст. (В. Ластоўскі) і ў слоўніку (1627) Памвы Бярынды (Н. Паляшчук). Паралельна са слоўкам май выкарыстоўвалася яно ў пачатку ХХ ст. у газеце «Наша ніва», больш шырока — у 20-30-я гг. ХХ ст., пасля чаго беспадстаўна прызнаецца ўстарэлым. Напрыклад, «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (1977-1984) падаé травень як архаізм у адносінах да мая — «устарэлая назва месяца мая».

Новае жыццё слоўка травень пачалося з 1990-х гг. ва ўсіх пісьмовых жанрах — ад афіцыйных дакументаў да мастацкіх твораў: «Зялёны месяц травень мільгнуў і тут жа знік» (Э. Акулін), «Пры жыцці 1 траўня, дзе б ні быў Алег Антонавіч, ён заўсёды ехаў у родны Слонім» (С. Чыгрын), а таксама ў якасці ўласнай назвы: фестываль акустычнай музыкі «Травень».

Мусім прызнаць, што май і травень сёння — гэта сінонімы, якія набылі аднолькавыя правы на выкарыстанне. Гэты факт засведчыў імкненне носьбітаў мовы завяршыць сістэматызацыю назваў беларускіх месяцаў: усе яны цяпер маюць аднолькавую празрыстую этымалогію.

 

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

 Новости по теме:

 БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. ВÉСНІЦЫ

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА: АЗÍМКА

 БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА: АБЛАВÝХА

 

Комментарии к статье
Добавить комментарий