Беларускае слоўка: чэ́́рвень

05 Июн 2014 14:35

Автор:

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Назва першага месяца лета адлюстроўвае кліматычную розніцу паміж славянскімі краінамі. У нас і ўкраінцаў яго называюць чэрвень, у палякаў — czerwiec, чэхаў — červen. У харватаў такой парой зацвітае ліпа, таму ў іх — lipanj, у славенцаў цвіце ружа, адсюль — rožnik. У рускай і многіх еўрапейскіх мовах замацавалася лацінскае июнь (Junius) — у гонар Юноны — старажытнарымскай багіні шлюбу і нараджэння дзяцей. Народныя назвы месяца — сенакоснік, румянец, разнацвет і нават галадай. «У чэрвені ў полі густа, а ў каморы пуста», — сцвярджаецца ў прыказцы.

Паводле адной з версій, чэрвенем месяц названы таму, што чырванеюць першыя ягады. У народзе так і кажуць: «У гэты месяц першую ягаду ў рот кладуць, а другую дадому нясуць, ён у гульні не гуляе, а ўраджай люляе».

Паводле другога меркавання, слоўка ўказвае на перавагу ў прыродзе «червонного», гэта значыць яркага, сонечнага, прыгожага колеру жыцця. У старажытнасці «червонность» абазначала багацце і каштоўнасці. «Червонное золото» — самы дарагі і запатрабаваны тавар. Яно сведчыла пра высокую якасць, сімвалізавала ўтульнасць і цяпло, з яго рабілі вясёльныя пярсцёнкі. Нездарма ж ад прыметніка «червонное» ўтворана назва «черви» — масць у картачнай гульні, якая мае сімвалы ў выглядзе чырвоных сардэчак, а дзесяцірублёвая купюра і па сёння называецца чырвонцам.

Трэцяя версія сцвярджае: у ІV–IІІ тыс. да нашай эры індаеўрапейцы — продкі сучасных народаў Еўропы, Заходняй Азіі, Індастана — добра ведалі слова čьrvь — ад старажытнаіндыйскага krmih «чарвяк». З чарвякоў кашанілі — гэта невялікія клопікі даўжынёй 2–4 мiлiметра, што жывуць на лістах дуба, суніц, — людзі навучыліся вырабляць пурпуровую (ярка-чырвоную) фарбу, а чарвячка назвалі «червец» (чырвоны), пасля чаго ўвесь перыяд збору насякомых (іх шмат было акурат такой парой) і атрымаў найменне чэрвень. Пры такім падыходзе атрымліваецца, што назва насякомага першасная, а назва чырвонага колеру другасная. Узнікае пытанне: няўжо індаеўрапейцы не бачылі колеру крыві або колеру барвовага захаду? На погляд А. Максімава, спачатку ўзнікла назва цёмна-чырвонага колеру — кармін (karmīl, irmīziyy, qirmiz), якая перайшла на назву кашанілі (клопікаў) і чарвяка гэтых насякомых. І толькі пасля «червец» стала абазначаць месяц, замяніўшы існаваную ў славян назву ізок (так іменавалі конікаў — кузнечыкаў).

На этнічных землях беларусаў была вядома і яшчэ адна назва — крэсень або крэснік, якая ўвасабляла традыцыі і прымхі нашых прашчураў, указвала на Іаана Хрысціцеля (Івана Купалу, свята Купалле адзначаецца ў гэтым месяцы); на казачнае крэсіва (огниво), з якога герой здабываў (выкрасаў) выратавальны агонь (згадайце казку «Крэсіва» Г.Х. Андэрсена). Лічылася, што гэты месяц, на які прыпадае летні сонцаварот, запальвае гаючы ачышчальны агонь і надзяляе ваду і расліны лекавымі здольнасцямі.

У першых друкаваных выданнях Ф. Скарыны выкарыстоўвалася слоўка чирвець, у «Храналогіі» А. Рымшы (1581) — чырвецъ. У ХVII–XIX стст. перавага аддавалася назве июнь. У слоўніку І. Насовіча так і занатавана: «чéрвецъ, -вца. Старинное названіе месяца iюня». Назва ж чэрвень канчаткова замацавалася ў беларускай мове з 1912 г. дзякуючы газеце «Наша ніва», але не адразу: у 1907-м выдаўцы выкарыстоўвалі юнь, у 1908-м — чэрвень, у 1909-м — юнь, у 1910-1912-м — чэрвень (юнь); у далейшым — чэрвень.

З 1923 г. слоўка чэрвень стала ўжывацца ў нас і ў якасці назвы раённага цэнтра Мінскай вобласці. Раней гэта горад Ігумен (ад назвы пасады настаяцеля праваслаўнага мужчынскага манастыра).

 

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: коўзанка

Беларускае слоўка: заўзятар

Беларускае слоўка. Амбасáда

Беларускае слоўка. Май і трáвень

Беларускае слоўка: арэлі

ТЕГИ: чэ́́рвень
Комментарии к статье
Добавить комментарий