Беларускае слоўка: Альтáнка

10 Июл 2014 13:00

Автор:

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Альтáнка

Альтанка – італьянскае вынаходніцтва (alt – высокі). Першапачаткова гэтым слоўкам называлі фрагмент пабудовы, які выступае ў выглядзе архітэктурнай дэталі, – высокі балкон. Крыху пазней (ХVII-XVIII стст.), у эпоху барока, для якой характэрны ўрачыстасць, кантраснасць, ускладненасць форм, параднасць, пышны дэкор, калі ў Еўропе актыўна пачалі праектаваць паркі, ім сталі абазначаць любую пляцоўку, выступ, адкуль можна любавацца краявідамі, а затым і драўляную ці мураваную дэкаратыўную пабудову для адпачынку, што ставілі, як правіла, на ўзвышэнні ля берага возера або ракі.

На Беларусi актыўна будаваць альтанкі пачалі ў XVIII ст. у парках стыляў барока i класiцызму. Прыкладна ў гэты час слоўка і трапляе да нас непасрэдна з італьянскай мовы (altana) або праз польскую (altana, altanka) і да ХІХ ст. ужываецца са значэннем «гара, мезанін (надбудова над цэнтральнай часткай невялікага жылога дома), балкон» (І. Насовіч).

З ХХ ст. і па сёння ў беларускай мове альтанкай называюць летнюю паркавую або садовую пабудову каркаснай (слупавой) канструкцыі для адпачынку: «Не так даўно расце сядзіба, // A паглядзі, што ёсць у ёй: // Садок, альтанка ў форме грыба, // Дзе ўтульнасць знойдзеш і спакой» (Я. Колас); «Дзікунамі» называлі тых аматараў адпачынку на моры, хто здымаў за рубель-паўтара на суткі ложак дзе-небудзь у альтанцы, павеці альбо нават на паддашку» (Р. Барадулін). Рускамоўны адпаведнік гэтаму слоўку – беседка.

Сёння такія збудаванні як элементы ландшафтнага дызайну – нярэдкасць у садах прыватных лецішчаў, каля дамоў беларусаў. Часта яны з’яўляюцца гордасцю гаспадароў, улюбёным месцам, дзе можна сабрацца вялікай кампаніяй, не зважаючы на зменлівае летняе надвор’е. А ў аднайменнай песні (музыка І. Лучанка, словы І. Цітаўца) у выкананні ВІА «Сябры» альтанка побач з хатай – сімвал роднага краю, дзе адбываліся першыя адкрыцці вялікага свету.

Зрэдку ў мастацкіх творах аўтары альтанкай называюць шалаш або любое сховішча ад дажджу і сонца: «Я вераснёвым, светлым ранкам // Да рэчкі Шушы завітаў. // Стаіць над рэчкаю альтанка // Сярод алешнікаў і траў. // Альтанка тая – з вербалозу, // Па ёй віецца хмель густы». (В. Шымук)

У якасці ўласнай назвы слоўка актыўна выкарыстоўваюць у сферах культуры, прыгожага пісьменства, друку. У Віцебску ім называюць узорную аматарскую музычную студыю, створаную ў 1995 годзе; у Баранавічах – краязнаўчы бюлетэнь, у Белаазёрску – мясцовую газету, у Мінску – музычны гурт, а на філалагічным факультэце БДУ – літаратурна-творчы гурток.

 

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка. Май і трáвень

Беларускае слоўка: чэ́́рвень

Беларускае слоўка: залéва

Беларускае слоўка: лíпень

Беларускае слоўка: імпрэза

ТЕГИ: слоўка
Комментарии к статье
Добавить комментарий