Беларускае слоўка:свята

11 Сен 2014 14:30

Автор:

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Слоўка свята адно з самых старажытных у нашай мове. Вучоныя лічаць, што паходзіць яно з індаеўрапейскага *k’en-toсвяткаваць, урачыста праходзіць. У праславянскі перыяд форма яго была svętъ (святы), часткова сугучная са старажытнаіндыйскай śvantas (квітнеючы). Думаецца, ад нас перанялі яго і народы Прыбалтыкі, дзе ў хуткім часе з’явіліся латвійскае svets (святы, свяшчэнны) і літоўскае šventas (святы).

У часы язычніцтва славянскае svęt мела яшчэ адно значэнне – моцны, якое захавалася ў назве імёнаў тагачасных князёў. Напрыклад, Святаполк – гэта значыць моцны сваімі палкамі; той, хто мае моцныя палкі.

У старабеларускай мове пачынае фіксавацца новая форма гэтага слоўка – прыметнік svęto. І ўжываецца яна першапачаткова як азначэнне ў спалучэнні з назоўнікам vermę (веремя) – svęto vermę. У перакладзе на сучасную мову – святы час, святая часіна ці, як прапаноўваў Вацлаў Ластоўскі ў пачатку ХХ ст., – святдзень.

Прыкладна з ХІІІ–ХІV стст. замест існаванага словазлучэння паступова пачынае выкарыстоўвацца форма свято са значэннямі ўрачысты дзень; культавая ўрачыстасць: «На рокохъ судовыхъ земскихъ, о трехъ короляхъ святе римскомъ припадалыхъ» (1508 г.). А прыметнік святы пасля прыняцця хрысціянства набывае новую, сакральную семантыку – надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай, а таксама нябесны заступнік вернікаў: святы Юр’я, святы вечар (вечар ад Каляд да Новага года), Святы Дух, святая зямля. Ад гэтага прыметніка ўжо ў наш час з’явіўся наватвор святар – служка культу.

У сучаснай беларускай мове слоўка свята мае чатыры значэнні: 1) урачысты дзень у гонар або памяць нейкай выдатнай падзеі ці святога; нерабочы дзень або некалькі дзён з прычыны такіх падзей; рус. праздник: свята Перамогі; 2) урачыстасць, наладжаная ў гонар нейкай падзеі: «Ca смакам елі i багата – / На тое ж даў Бог людзям свята» (Я. Колас); 3) пачуццё задавальнення, радасці, урачыстасці, асалоды, зведанае некім, выкліканае поспехам, удачай: «А для дзяцей найбольша свята / Абы наесціся багата» (Я. Колас); на сэрцы свята; 4) спадзяванне на лепшае ў будучыні, на перамогу над нечым, некім: будзе i на нашай вуліцы свята (радасць, урачыстасць) – рус. будет и на нашей улице праздник. Янка Купала, як натура рамантычная, стварыў памяншальна-ласкальную форму – святка: «Вер, будзе святка! І ў нас, мой братка!»

Прыжыліся і шырока выкарыстоўваюцца ў нас сёння шматлікія словы, суадносныя з назоўнікам свята: святыня – святое, асвечанае месца, храм; святцы – кніга святых і царкоўных свят; святкаваць (святкаванне) – адзначаць, спраўляць свята, падзею, знамянальны дзень: святкаванне Дня горада Мінска. Стала слоўка і ўласнай назвай: ім названы дзяржаўны ансамбль народнай музыкі, добра вядомы не толькі ў Беларусі; кавярня ў Мінску, тэлепраграма ў Бабруйску.

А я, гаворачы словамі Янкі Купалы: «Зычу, после ўсіх навук без прынукі і дакук, / Жыці з мужам а багатым, / Каб была век доля святам!»

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: імпрэза

Беларускае слоўка: Альтáнка

Беларускае слоўка:  лíшніца

 Беларускае слоўка: бурштын

Беларускае слоўка: кашýля

Комментарии к статье
Добавить комментарий