Беларускае слоўка: ажына

25 Сен 2014 14:32

Автор:

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Упэўнены: многім у жніўні даводзілася спрабаваць гаркаваты і ў той жа час саладкаваты смак чорных сакавітых ягад ажыны (па-руску — ежевики). Збіраць іх нялёгка, бо ахоўваюцца яны шматлікімі калючкамі на зялёных атожылках. З-за калючак і называюць ажыну «вожыкава ягада».

Назва гэтая старажытная. Дакладна вядома: у індаеўрапейскі перыяд (прыкладна VІІІ–VІ стст. да н. э.) у тагачаснай мове насельнікаў Еўропы існавалі каранёвыя марфемы -ēgh- і -оgh-.

З першай узнік корань «еж», з якога пачынаюцца літоўскае еžus і рускае ежик. Адсюль руская на­зва ягады — ежевика. Другая каранёвая марфема паспрыяла ўтварэнню нашага слова вожык, дзе гук [в] прыстаўны, і армянскага — оzni (вожык), а затым і беларускай назвы — ажыны. Цікава, што да гэтай групы належаць і назвы рыб з сям’і акунёў: ёрш, яршы.

Першае апісанне ажыны датуецца IV ст. да н. э. Ужо тады ўказвалася, што яна вельмі падобная да маліны і можа быць аб’яднана ў адзін род з ёй. Сёння ў асяроддзі батанікаў яе так і называюць: маліна шызая (Rubus Caesius), чорная маліна. Акрамя гэтага існуюць і народныя найменні: яжына, жавікі, жавіна, ажыньнік, скарбарыха. Старажытныя продкі беларусаў, украінцаў і рускіх (усходнія славяне) называлі гэтыя ягады куманікай ці каманіцай, ад назоўніка kamonь са значэннем конь. Значыць, куманіка-ажына лічылася калісьці і конскай ягадай.

Нягледзячы на сваё даўняе існаванне, першыя прамысловыя гатункі ажыны з’явіліся толькі ў пачатку ХIХ ст. у ЗША. У другой палове ХIХ ст. вырошчваць ягаду пачалі і еўрапейцы. А вось жыхары Беларусі ласавацца чорнымі і незвычайнымі ягадамі ажыны пачалі незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны (30-я гг. ХХ ст.). Мабыць, нядоўгі тэрмін вядомасці ў нашай краіне гэтых ягад стаўся прычынай таго, што, у адрозненне ад маліны, іх не паўсюдна ўбачыш на прысядзібных участках. А дарэмна.

Па прызнанні спецыялістаў і па ўласным вопыце, кусты ажыны, хоць і дрэнна прыжываюцца, аднак не маюць ніякіх захворванняў і шчодра адорваюць ягадамі кожнага, хто іх высадзіць, а калі разрастуцца, будзе своечасова прарэджваць (высякаць лішнія атожылкі).

У асяроддзі медыкаў добра вядомыя і лекавыя ўласцівасці ажыны. Яна выдатны супакаяльны сродак пры парушэнні нервовай сістэмы (неўрозы, істэрыя). Яе прымяняюць пры склерозе, гіпертаніі, захворваннях страўніка, пры цукровым дыябеце і ангіне. Сок з ягад выдатна праганяе смагу падчас ліхаманкавага стану, прыгодны як лячэбна-прафілактычны сродак пры анеміі, для лячэння трахеіту, бранхіту, фарынгіту.

Слоўкам «Ажына» названы ў Беларусі закрытае акцыянернае таварыства, якое спецыялізуецца на арганізацыі грамадскага харчавання, а таксама зборнік паэзіі В. Русілкі.

 

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка:  лíшніца

 Беларускае слоўка: бурштын

Беларускае слоўка: кашýля

Беларускае слоўка:свята

Беларускае слоўка: вéрасень

ТЕГИ: ажына
Комментарии к статье
Добавить комментарий