Беларускае слоўка: снежань

05 Дек 2014 11:32

Автор:

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Вось і надышоў апошні, дванаццаты месяц года – снежань. Яго назву растлумачыць вельмі проста. Складаецца яна з кораня слова снег і суфікса -ань-, які далучаецца да ўтваральнай асновы на зацвярдзелы зычны [ж]. Калі ж аснова заканчваецца цвёрдым або мяккім гукам, то для ўтварэння назваў беларускіх месяцаў выкарыстоўваецца суфікс -ень-. Успомнім: студзень (ад студзіць (сцюдзёны) + -ень-), травень (трава + -ень-), чэрвень (чарвá + -ень-), ліпень (ліпа + -ень-), жнівень (жніво + -ень-), верасень (верас + —ень-).

Замацавалася слоўка снежань у беларускай мове з пачатку ХХ ст. дзякуючы супрацоўнікам газеты «Наша ніва», а таксама складальнікам першых беларускіх слоўнікаў (В. Ластоўскаму, М. Гарэцкаму, М. Байкову, С. Некрашэвічу).

У далёкім мінулым, калі славяне жылі яшчэ агульнай супольнасцю, першы месяц зімы называлі просінец. Як тлумачаць фалькларысты, той, які робіць праСВЕТ, разлівае ПРОСІНЬ у нізкіх аблоках. Падставай для наймення служылі прыродныя з’явы: з гэтага месяца дзень паступова пачынае большаць, а ноч – станавіцца карацейшай.

Францыск Скарына ў ХVІ ст. выкарыстоўваў дзве назвы – старабеларускую просинець і лацінскую декаврий – дзесяты месяц. Параўнайце, і сёння ў многіх народаў замацавалася менавіта лацінскае слова: па-руску – декабрь, па-італьянску – dicembre, па-французску – decembre, па-нямецку – dezember. Просінец захаваўся толькі ў харвацкай і чэшскай (рrosinec) мовах. У палякаў і ўкраінцаў – grudzień і грудень.

У народнай мове з вуснаў вяскоўцаў даводзілася чуць і іншыя назвы гэтага месяца: поснік – бо наступаў для вернікаў перыяд посту перад Божым Нараджэннем; хмурань – гэта значыць, пара хмурнага неба і ранняга змяркання; ветразвон, ветразім, стужайла, зімнік – бо адкрывае ледзяныя і марозныя вароты зімы; ледастаў, рэкастаў – замярзаюць рэкі.

Самая знакамітая ўласная назва са слоўкам снежань – гэта раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа «Завеі, снежань».

За тое, што ў снежні ёсць самы кароткі дзень года (21-га або 22-га), месяц называюць цёмнай парой. А яшчэ перыядам снегападу і маразоў: ён снегам вока радуе, але марозам вушы рве; снежань сцюжны з маразамі дружны. Паэт Васіль Жуковіч склаў нават такую хуткавымаўлянку: у снежні сняжынкі замялі сцяжынкі.

Шмат народных прыкметаў связана са снежнем. Усе яны зафіксаваны ў прыказках. Мне ж хочацца нагадаць толькі адну: Мароз у снежні і снег вышэй хаты – будзе год тады багаты! Напярэдадні Новага года няхай кожнаму з вас, шаноўныя чытачы, не проста верыцца, што год будзе багаты, але і спраўдзіцца гэтае пажаданне. Прыглядайцеся да надвор’я ў снежні і самі стварайце свой дабрабыт. Здароўечка ўсім!

 

ТЕГИ: снежань
Комментарии к статье
Добавить комментарий