Беларускае слоўка: Аравíчы

10 Янв 2015 10:14

Автор:

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

У канцы 2014 года ў агенцтва «Мінск-Навіны» прыйшло пісьмо. Яго аўтары – тры сяброўкі паважанага ўзросту, якія да перасялення ў Мінск жылі ў маляўнічай вёсачцы Аравічы, што ў Хойніцкім раёне на Гомельшчыне. Аднак пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС паселішча гэтае апынулася на тэрыторыі адзінага ў свеце Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і трапіла ў шэраг зніклых. Там з 2004 года ніхто не жыве. У пісьме нашы чытачкі распавялі пра ваенныя і пасляваенныя падзеі, што адбываліся на іх радзіме, і папрасілі адказаць на пытанне: чаму вёска мае такую назву? З вялікім задавальненнем выконваю просьбу.

Як сведчаць археолагі, тэрыторыя цяперашняй Гомельшчыны самая старажытная на Беларусі, дзе выяўлена стаянка першабытнага чалавека. Гэта мястэчка Юравічы, што не так далёка ад Аравічаў. Ды і каля саміх Аравічаў знойдзена нямала рэчаў эпохі неаліту – каменнага веку.

Паводле пісьмовых крыніц, паселішча Аравічы вядома з пачатку XVI ст. Тады яно ўваходзіла ў склад Кіеўскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Але сама назва вёскі магла існаваць і ў дапісьмовую эпоху. Пра гэта сведчыць характэрная для беларускай тапаніміі словаўтваральная частка -ічы (-авічы), якая далучалася, як правіла, да слоў, што абазначалі асоб. У выніку на этнічных беларускіх землях было ўтворана мноства геаграфічных найменняў: 1) ад уласных імёнаў людзей – пачынальнікаў роду: Саматэвічы (Магілёўшчына) паходзіць ад мянушкі Саматэй – сама тэй, самы той чалавек, які можа даць ход справе; Баранавічы (Брэстчына) назвалі па прозвішчы першапасяленца, які меў мянушку Баран; Агарэвічы – па прозвішчы першапасяленца, які быў пагарэльцам, агарэвічам, уся сядзіба згарэла, і ён быў вымушаны будавацца на новым месцы; 2) ад агульных назоўнікаў, якія абазначалі калектыў, групу людзей, аб’яднаных агульнай справай ці прыкметай. Напрыклад, у аснове назвы горада Смалявíчы, што пад Мінскам, на думку Уладзіміра Юрэвіча, ляжыць патронім, народжаны заняткам чалавека, – смалевіч, той, хто гоніць з карчоў смалу, дзёгаць, выпальвае драўняны вугаль.

Назва Аравічы, магчыма, утварылася ад дзеяслова араць. Гэта значыць, так назвалі паселішча, дзе жылі вядомыя аратыя, якія маглі наймацца ў іншыя вёскі для такой цяжкай і патрэбнай справы – араць неўзараныя землі. На Палессі раней, канешне, у гэтым была вялікая патрэба. З такой гіпотэзай згодны і прафесар з Гомеля Уладзімір Коваль, з якім даводзілася раіцца. Пацвярджаюць нашы меркаванні і іншыя назвы з сугучнымі фіналямі: Гáнцавічы (Брэстчына) – месца, дзе пасяліліся ганцы – людзі, якіх пасылалі пешшу ці конна з тэрміновымі паведамленнямі; Нягневічы (Гродзеншчына) – паселішча, у якім жылі людзі негняўлівыя, якія ніколі ні на каго ні за што не гневаліся; Халопенічы (Міншчына) – назва пайшла ад слова халопы, так называлі земляробаў, што былі ў поўнай залежнасці ад пана; Даматкáнавічы – вёска ўзяла сваю назву ад мянушкі Даматканы, якую насілі жыхары, што апраналіся ва ўсё даматканае, зробленае, сатканае сваімі рукамі; Бешанковічы (Віцебшчына) – у аснове назвы рускі прыметнік бешеный, так называлі людзей гарачлівай натуры, неспакойных, неўраўнаважаных, няўрымслівых на працы.

Еще новости по теме:

 Беларускае слоўка: бурштын

Беларускае слоўка: кýфар 

Беларускае слоўка: рэшта

Беларускае слоўка: руплíвец

Беларускае слоўка: стýдзень

Комментарии к статье
Добавить комментарий