БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Скрыжáлі

12 Мар 2015 11:30

Автор:

Вядучы рубрыкі  Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Зрост слоўка скрыжáль – больш за тысячу гадоў. Але не толькі ў гэтым яго адметнасць. На працягу бытавання ў розных мовах яно захавала сувязь з першапачатковым сваім значэннем – рассечаная пліта, хоць, безумоўна, набыло на працягу гісторыі новыя семантычныя адценні.

Створана слоўка ў стараславянскі перыяд пры дапамозе суфікса -аль- ад старажытнага скрига, што ў сваю чаргу паходзіць ад (с)крагруда, камень і мае аднолькавы корань са старажытнымі сербскахарвацкімі крúжати, крижамрэзаць, рассякаць. Ёсць падставы сцвярджаць, што стваральнікамі яго маглі быць далёкія продкі беларусаў. На гэта ўказваюць існаваныя ў сучаснай беларускай мове формы крыга (ільдзіна), крýшня (груда камення), ад асноў якіх з вялікай доляй верагоднасці таксама магло з’явіцца скрыжаль.

Дзякуючы Бібліі слоўка стала вядома ва ўсім свеце. Вось яны, знаёмыя многім радкі: «І сказаў Гасподзь Майсею: вычашы сабе дзве скрыжалі каменныя, падобныя на ранейшыя, і Я напішу на гэтых скрыжалях словы, якія былі на ранейшых скрыжалях, якія ты разбіў».

Працытаваны эпізод, верагодна, паўплываў на тое, што ў многіх мовах слоўка скрыжалі мае прыкладна аднолькавае значэнне: «каменныя дошкі (табліцы) з напісанымі на іх дзесяццю боскімі запаведзямі», якія Бог прадыктаваў прароку Майсею на гары Сінай. Некаторыя еўрапейскія вучоныя схільныя лічыць, што Бог такім чынам упершыню адкрыў людзям майстэрства пісьма (пісьменнасць). Ускоснае пацверджанне таму – малюнкі скрыжаляў у выглядзе старонак разгорнутай кнігі з дугападобнай формай верхняй часткі. Вядомыя амаль ва ўсіх краінах, яны ўзніклі пад уплывам італьянскага каталіцкага Рэнесансу.

З цягам часу гэтым словам сталі абазначаць асобыя пісьмовыя прыналежнасці (каменныя, драўляныя таблічкі, на якіх запісвалі памятныя і знакавыя даты, імёны, падзеі). А да ХІХ ст. абазнанаму чытачу быў добра знаёмы выраз абломкі скрыжаляў – так называлі вельмі старых і слабых здароўем вучоных.

У сучаснай беларускай мове слоўка скрыжаль мае два значэнні. Першае (з паметай кніжнае) – дошка, пліта з напісаным на ёй тэкстам (пераважна свяшчэнным, культавым). І другое (пераноснае), найчасцей толькі ў форме множнага ліку – скрыжалі. У залежнасці ад кантэксту гэта могуць быць папяровыя старонкі або любы матэрыял, на якім запісаны памятныя падзеі, даты, імёны (намёк на дошкі з запаведзямі); тое, што захоўвае памяць пра мінулае, тое, што абавязкова трэба памятаць: скрыжалі зямлі, скрыжалі навукі. Напрыклад, у вершы «Роднае слова» Янкі Сіпакова слоўка скрыжалі сімвалізуе саму веру: «Цябе забаранялi, як скрыжалi, / I адбiралi, быццам бы сцягi».

Актыўна слоўка ў якасці ўласнай назвы пачалі выкарыстоўваць у нас у канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. «Скрыжалямі» названы музычны гурт, а таксама зборнік вершаў Алега Лойкі, дзе маюцца цыклы «Скрыжаль вайны», «Скрыжаль лёсу», «Скрыжаль сасны», «Скрыжаль продкаў», «Скрыжаль кахання», «Скрыжаль дарог». У Алеся Паплаўскага ёсць вершаваная кніга «Скрыжалі душы», а прафесар Алесь Бельскі стварыў выданне пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны, пад назвай «Скрыжалі памяці». Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня пажылых людзей (1 кастрычніка), нярэдка называюць «Жывыя вопыту скрыжалі».

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: нішчымніца

Беларускае слоўка: радзюжка

Беларускае слоўка: асéліца

Беларускае слоўка: радзюжка

Беларускае слоўка: сукéнка

Комментарии к статье
Добавить комментарий