БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Ушчэп

19 Мар 2015 11:09

Автор:

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Наша мова ва ўсе часы імкнулася, як напісаў бы прафесіянал-мовазнавец, да захавання сваёй нацыянальнай спецыфікі. Напрыклад, пашырэнне акання (бартар, прынтар, шніцаль), ашчаднае абыходжанне са старажытнай праславянскай лексікай, што выйшла з ужытку ў многіх сучасных еўрапейскіх народаў (сукенка, сажалка), эканомія моўных рэсурсаў – выкарыстанне аднаго слоўка там, дзе нават у роднасных мовах, скажам рускай, ужываецца словазлучэнне або сказ (абапал – пo oбeим cтopoнaм чeгo-либo: «Taм бyйнa бyяюць кycmы зeлянiны aбanaл зaглyxлaй cmapoй aзяpыны». Я. Koлac).

Такіх найменняў у нас мноства, аднак, як сцвярджае вядомы беларускі мовазнаўца П. Садоўскі, не кожны носьбіт іх ведае і нават не кожны пісьменнік выкарыстоўвае ў паўсядзённым ужытку і ў розных жанрах. Таму вельмі важна чула прыслухоўвацца да носьбітаў мовы, уважліва сачыць і не прапускаць тыя залацінкі, што трапляюцца. Да іх ліку па праву адносіцца гаваркое дыялектнае слоўка ўшчэп, якое перакладаецца на рускую мову толькі апісальна – привитое растение (дерево, саженец).

Упершыню пачуць яго, а таксама варыянт падшчэп мне давялося на Брэстчыне. Для перадачы значэння саженец фруктового дерева ў вёсцы Астрамечава ўжываюць яшчэ форму ўшчэпа. Там жа, на Брэстчыне, у адной з мясцовых газет прачытаў інтэрв’ю з Нінай Аляксееўнай Дашкевіч, якая паведаміла чытачам, што «мандарыны садзіла ад ушчэпа». Затым былі знойдзены прыклады ў творах мастацкай літаратуры, аўтары якіх, як правіла, выхадцы з Берасцейшчыны, і ў беларускім перакладзе Евангелля: «І сад ужо са сваіх ушчэпаў даваў добрыя зборы садавіны – і на продаж, і на працадні ставала» (А. Пальчэўскі); «Хто ён?.. – ушчэп расплюшчвае вочы» (А. Разанаў); «Я ёсць праўдзівы вінаградны ўшчэп, а Айцец Мой – вінаградарТрывайце ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка ня можа пладаваць сама з сябе, калі не застаецца ў вінаградным кусце (ушчэпе), тык і вы, калі ня будзеце заставацца ўва Мне».

Паводле паходжання слоўка, безумоўна, нашае, беларускае, утворанае нульсуфіксальным спосабам ад дзеяслова ўшчапіць (па-руску – привить, окулировать (о садовом дереве), добра вядомага ў Заходняй Беларусі: ушчапіцьушчэп. Аднак слоўнікі літаратурнай мовы яго чамусьці не фіксуюць і рэкамендуюць карыстацца лексічнымі адзінкамі з большай колькасцю гукаў: прышчэп і прышчэпа (прышчэпленая расліна). У якасці ж спецыяльнага тэрміна прапануюць прышчэпак – чаранок расліны, які перасаджваюць на тканку іншай расліны для надання ёй новых уласцівасцей.

Здаецца, зусім не пашкодзіла б нашай літаратурнай мове, каб у ёй на правах нормы было б і слоўка ўшчэп са значэннямі: 1) привитое растение (дерево, саженец); 2) процесс пересадки части одного растения на другое. Па-першае, яно больш мілагучнае і карацейшае за існаваныя прышчэп і прышчэпка. Па-другое, дапаможа разгрузіць калькаванае з рускай мовы слова прышчэпка, якое акрамя названага значэння абазначае: 1) прививку (прышчэпка ад грыпу); 2) прищепку (замацаваць прышчэпкай бялізну).

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: радзюжка

Беларускае слоўка: асéліца

Беларускае слоўка: радзюжка

Беларускае слоўка: сукéнка

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Скрыжáлі

Комментарии к статье
Добавить комментарий