БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Жартаслоўе

02 Апр 2015 13:56

Автор:

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Беларусы здаўна славіліся гасціннасцю, працавітасцю, дабразычлівасцю, а яшчэ незвычайным пачуццём гумару, уменнем па-майстэрску гуляць са словамі так, каб яны дакладна выражалі думку, выклікалі дабрадушную ўсмешку слухача. Вось, напрыклад, як у дыялогу дачкі і бацькі абыгрываюцца розныя значэнні слова рука: « – Татачка, Паўла просіць маёй рукі. Што яму адказаць? – Скажы, што ў тваю руку я нічога не пакладу».

Падобны жарт (гульню слоў), заснаваны на камічным выкарыстанні блізкіх па гучанні, але розных па значэнні лексічных адзінак, называюць у нас французскім пазычаннем каламбур (calambour – гульня ў словы). З 30–40-х гадоў ХХ ст. па цяперашні час існуе яно ў беларускай мове на правах адзінай нормы.

У першай жа чвэрці ХХ ст. для абазначэння гэтага паняцця шырока выкарыстоўвалася ўласнабеларускае слоўка жартаслоўе, прапанаванае для ўжытку пісьменнікам Максімам Гарэцкім. Гэта быў час, калі не толькі навукоўцы-лінгвісты, але і шырокія колы грамадскасці дбалі пра чысціню роднай мовы, не імкнуліся беспадстаўна прысвойваць іншамоўныя лексемы або словазлучэнні. Для іх мовазнаўцы і аматары актыўна шукалі раўназначныя беларускія адпаведнікі, створаныя па законах беларускай мовы або выяўленыя ў беларускай народнай (дыялектнай) сістэме. Так, напрыклад, з’явіліся часопіс замест французскага журнал; крыжаванка, крыжаслоўе замест англійскага красворд; слухаўка замест тэлефонная трубка і сотні іншых.

Жартаслоўе было зафіксавана ў другім выпуску беларускай навуковай тэрміналогіі «Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва», у перакладным расейска-беларускім слоўніку М. Байкова і С. Некрашэвіча (1925). Яго даволі часта можна было пабачыць на старонках СМІ 20-х гг. ХХ ст., пачуць у прафесійным, а таксама непрафесійным маўленні беларусаў.

На мой погляд, слоўка гэтае ніколькі не горшае за існаваныя ў беларускай мове адпаведнікі неславянскім адзінкам. Сёння яго з поўным правам можна выкарыстоўваць як нарматыўны сінонім да пазычання каламбур, як, напрыклад, май і травень. Па-першае, таму што пабудавана паводле прадуктыўнай мадэлі – складанасуфіксальным спосабам: жарт + слова + -й- (суфікс) = жартаслоўе. Па-другое, з’яўляецца гаваркім, гэта значыць, што ўстанавіць значэнне яго нават неабазнанаму чытачу (слухачу) значна прасцей, чым каламбур. Гэтаму ў многім спрыяе добра вядомае слоўка жарт, што прыйшло да нас са старажытнанямецкай мовы (serten – брахаць, падманваць) і замацавалася ў многіх славянскіх мовах: украінскай (жарт), польскай (žart), чэшскай (žеrt), славацкай (žart). Маецца ў рускіх дыялектах, куды трапіла з беларускай мовы.

На заканчэнне яшчэ адзін прыклад сапраўднага, на думку прафесара Арнольда Міхневіча, жартаслоўя, створанага Янкам Курбекам: «У адным сумленнасць: // Кожны дзень сум, ленасць…»

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: радзюжка

Беларускае слоўка: сукéнка

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Скрыжáлі

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Ушчэп

Беларускае слоўка: сáжалка

Комментарии к статье
Добавить комментарий