БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Абшáр

21 мая 2015 10:38

Автор:

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.
Вясна – цудоўная пара года, якая прываблівае кожнага (і старога, і малога) сваёй прыгажосцю, яркасцю фарбаў, забытай пасля зімы цеплынёй. У сонечныя дні травеньскага надвор’я, калі ўсё цвіце, чуцен голас шматлікіх птушак, а ў паветры стаяць пахі свежасці, хочацца ўзбегчы на прыгорак і любавацца родным абшарам. Найбольш блізкія рускія адпаведнікі да гэтага беларускага слоўка – простор, пространство.
Мабыць, у такія хвіліны паэзія перапаўняе душу кожнага неабыякавага да прыроды чалавека, і самі па сабе нараджаюцца радкі, дзе слоўка абшар з’яўляецца ключавым: «Узыдзе месяц над курганам / У вянках прыгожасці і чар. / І ўзорам тонкім, даматканым / Засцеле ў просіні абшар» (П. Трус); «Сярод лясоў, як скінуць вокам; / На тым абшары, на шырокім, / Раскошна нівы красавалі» (Я. Колас).
Гукавую аснову для стварэння слоўка, а таксама значэнне яго нашы продкі пазычылі, напэўна, у германскіх плямёнаў (са старанямецкай мовы). Менавіта там здаўна існавала такая лексема, як obirschar, утвораная ад дзеяслова überscheeren (перарэзаць). Прыкладна да XVII ст. абшарам на беларускіх, польскіх (odszar) і ўкраінскіх (oбшар) землях называлі не любыя ўчастак ці частку зямлі, а толькі тую плошчу, якая вылучалася пасля вымярэння. У хуткім часе ад гэтага слоўка пры дапамозе суфікса -нік- было ўтворана яшчэ адно – абшарнік, якое актыўна выкарыстоўвалася на этнічных беларускіх землях на працягу пяці стагоддзяў (канец ХV – пачатак ХХ). Так называлі гаспадара вялікіх абшараў, памешчыка, землеўладальніка.
З XVII ст. значэнне нашага слоўка пашырылася і стала такім, якое вядома сучаснай беларускай літаратурнай мове, – адлегласць, участак вялікіх памераў, неабсяжная прастора, разлегласць. Сінонімамі да яго выступаюць абсяг, далягляд, наваколле: «А мароз трашчыць сіберны, / Пухам крые, пухам сцеле / Увесь абшар / зямлі нязмерны, / Нібы мяккую пасцелю» (А. Гурло); «Алёша глядзеў на поле ў залатых хвалях паспелага жыта ці пшаніцы і адчуваў сябе гаспадаром усяго гэтага абшару» (І. Шамякін).
Небеспадстаўнай можа лічыцца і другая версія з’яўлення слоўка і паняцця ў нас. Многія сучасныя гісторыкі пераканаўча даказалі, што ў самым канцы палеаліта (каля 12 тысяч год назад) праз тэрыторыю цяперашняй Беларусі ўслед за сваімі статкамі жывёл праходзілі плямёны, названыя ў гістарычнай навуцы як паляўнічыя на паўночных аленяў. Нашчадкамі гэтых плямёнаў з’яўляюцца сучасныя ненцы – паляўнічыя-аленяводы, што жывуць на ўзбярэжжы Карскага мора. У іх мове, якая ўвабрала ў сябе многія элементы ад мовы сваіх прашчураў, па сёння захавалася слова ыбшар са значэннем усё, што бачу вакол сябе. Падпарадкаваўшыся нашаму закону акання (замена ы на а), яно і магло застацца ў памяці нашых продкаў, а ад іх дайсці да сучаснікаў.
Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: лоўж

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА.  Рáдаўніца

Беларускае слоўка: узычыць

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Прызба

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Дзірвáн

Комментарии к статье
Добавить комментарий