ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. «Любіны бліны», альбо Як жыць лёгка і радасна ў няпростых жыццёвых абставінах

26 Июн 2015 09:06

Автор:

Гадоў дзесяць таму, пасля выхаду ў свет першай кнігі псіхолага, спецыяліста лічбавага аналізу Нэлі Ксяневіч «Азбука жыццёвых законаў», аўтарку знайшла адна з яе чытачак.

Добрая, разумная Люба прыйшла павучыцца і, безумоўна, нечаму навучыць… Любы даўно няма на гэтым свеце, а бліны, рэцэптам якіх яна падзялілася, дагэтуль носяць яе імя…

Інгрэдыенты, здаецца, звычайныя: літр кефіру, два яйкі, чайная лыжка соды, шклянка вады, 2–3 сталовыя лыжкі алею, мука. Але не усё так проста, як падаецца на першы погляд.

DSC09549 copy

Адзін з сакрэтаў – адсутнасць у цесце цукру і солі. У такім варыянце бліны падыходзяць пад любое начынне: смятану, варэнне, мёд і нават рыбу.

Ну а другі сакрэт – цёплы кефір… У вялікім рондалі Нэлі падагравае яго да тэмпературы градусаў семдзесят. Пастаянна памешвае белую вадкасць і прызнаецца, што зараз гатуе нячаста. Але бліны ёсць заўсёды, калі збіраецца разам у вялікай жодзінскай кватэры ўся раскіданая па свеце сям’я. Для чатырох дачок і ўнука – гэта смак роднага дома і дзяцінства.

Нэлли copy

Нэлі Ксяневіч

Бліны лічыць стравай асаблівай. Круглая форма сімвалізуе ўвесь Сусвет увогуле і Сусвет ваш, той, які ствараеце зараз, калі выпякаеце блін. Якім ён будзе, залежыць толькі ад вас і вашага настрою. Гаспадыні ведаюць: бліны і пірагі не атрымліваюцца, калі чалавек нечым заклапочаны. А вось калі жадаеце некага парадаваць, калі самі ў прыўзнятым настроі – бліны атрымаюцца на славу!

Нэлі заўважыла на паверхні пенку і невялічкія бурбалкі па баках – сігнал, што кефір варта здымаць з агню.

DSC09579 copy

Далей яна ўсё робіць вельмі хутка, каб кефір не астыў. Два яйкі перамешвае ў асобнай пасудзіне і вылівае ў падагрэты кефір. Дадае муку. Цеста павінна атрымацца густым, але фактычна бязважкім. Папярэджвае, што спачатку яно будзе з камячкамі. Раіць не пужацца, а добра перамешваць.

DSC09589 copy

І, ўрэшце, трэцяя асаблівасць, без якой «Любіны бліны» не атрымаюцца. Чайную лыжку соды неабходна заліць шклянкай кіпеню і выліць у цеста. Небяспека ў тым, што, калі соды пакласці зашмат, яна будзе адчувацца на смак. Калі мала – бліны не будуць такімі пышнымі. Таму соды – строга чайная лыжка.

DSC09597 copy

Пасля таго як залітую вадою соду Нэлі дадала ў цеста і добра перамяшала, яно пачынае паднімацца літаральна на вачах. І яшчэ адзін штрых: у цеста ўліваем 2–3 сталовыя лыжкі алею. Усё, можна выпякаць!

DSC09602 copy

Нэлі раіць завесці асобную патэльню для бліноў, тады яны не будуць да яе прыпякацца.

DSC09603 copy

Першы блін чакае з асаблівай нецярплівасцю… Але камяком ён не стаў, бо з правільным пасылам гатуем!

DSC09613 copy

Лічыць, што немагчыма спеч бліны, не дакрануўшыся да іх рукамі. С дотыкам перадаецца энергетыка чалавека. Напрыклад, хваля радасці і задавальнення ад таго, што ўся сям’я разам і ты зусім хутка накорміш блізкіх нечым смачненькім і не вельмі карысным. І дадае: жыццё – рэч парадаксальная. Вельмі часта некарыснае нашмат карысней, чым забарона гэта есці.

DSC09631 copy

Сочыць за фігурай, рэгулярна ходзіць у басейн, але лічыць, што некарыснае ўключаць у рацыён гэтак жа важна, як і карысную ежу, – радаваць сябе проста неабходна!

Напрыклад, кава. Піць яе альбо адмовіцца? Пакуль чалавецтва спрачаецца, Нэлі кожную раніцу выпівае адзін кубачак араматнага напою. Гэта не проста сняданак, гэта – цэлы рытуал, які прадказвае будучы дзень. Пакуль на патэльні пячэцца чарговы блін, гаспадыня дастае чароўны сасуд і распавядае…

DSC09636 copy

Некалі з такіх кубкаў складаўся цэлы сервіз. Але яна не паставіла яго за шкло ў сервант, а раздарыла самым блізкім сябрам, навучыўшы «методыцы карыстання»…

Запальваецца свечка, якая знішчае ўсё дрэннае. Кава варыцца ў турцы і с задавальненнем выпіваецца. Яна вельмі моцная: напою ўсяго на два-тры глыточкі, астатняе – гушча. Менавіта яна і спатрэбіцца. Кубачак бярэцца ў левую руку, і тры разы ў ім боўтаецца тое, што засталося. Затым кубачак рэзка перагортваецца і на сподачак выліваецца кававая жыжка. На дне і сценках застаюцца мудрагелістыя ўзоры, якія распавядаюць, чаго чакаць на працягу дня. Варта прыглядзецца – і дзень як на далоні!

Ну а гушча са сподачка выліваецца на лісты паперы і кладзецца на сонейка. Калі рэшткі кавы высыхаюць, з паперы страсаюць усё лішняе і пакідаюць да «дрэннага дня».

DSC09737 copy

Такі дзень некалі настае нават у самых заўзятых аптымістаў: нешта не ладзіцца, настрой у мінусе, штосьці баліць – тут і спатрэбяцца «кававыя нарыхтоўкі». Глядзім на плямы і шукаем тое, што больш за ўсё нагадвае ўнутраную праблему. Ну а далей бярэм алоўкі, фарбы ці крэйды і робім з плямаў нешта прыгожае ці смешнае. З чаго ж яшчэ рабіць плюс, як не з мінуса?

У выніку можа атрымацца так…

DSC09830 copy

… а можа і так.

DSC09841 copy

Ну а пасля ператварэння дрэннага ў добрае на паперы, варта тое ж зрабіць з целам. Фізічная нагрузка падыйдзе любая: ад ранішняй гімнастыкі, якую зранку рабіць не хацелася, да мыцця шыбаў – тут выбар за вамі.

Гэтую і дзясяткі іншых методык дапамогі самому сабе з падачы Нэлі засвоілі сотні людзей. Нехта падчас уласнай кансультацыі, нехта прачытаў у яе кнігах. Дзеліцца тым жыццёвым вопытам, які ёсць у самой, раіць толькі праверанае на сабе. А вопыту назапашана шмат дзякуючы тым нагрузкам, што выпалі на долю.

Жыццё ў яе сапраўды незвычайнае. Гэта тычыцца як прафесіі, так і сям’і.

На працы заўсёды рабіла тое, чаму ніколі не вучылася. Скончыла гістарычны факультэт універсітэта, а выкладала навуковы атэізм. Адсюль трывалая цікавасць да рэлігіі. Выпускніца ВНУ, па размеркаванні разам з мужам апынулася ў Горацкай сельгасакадэміі. Менавіта там, рыхтуючыся да лекцый, у фондах бібліятэкі ўпершыню ўзяла ў рукі Каран. З першай зарплаты ў 125 рублёў 100 аддала за кнігу Новага Запавету, якую і зараз беражліва захоўвае.

DSC09787 copy

Пасля адпрацоўкі прызначанага тэрміну па размеркаванні маладая сям’я вярнулася ў Жодзіна. Тут была свая кватэра, якую атрымалі яшчэ студэнтамі. Кажа, пашчасціла неверагодна. Дом бацькоў, дзе маладыя былі прапісаны, пайшоў пад знос. Так ім дасталася асобная кватэра. Жыллё было, а вось працу шукала доўга.

Спачатку ўзялі ў Жодзінскі выканкам. А ў 25 гадоў даручылі кіраваць аддзелам ЗАГС. Прыйшлося засвойваць юрыспрудэнцыю, эканамічную тэорыю, гаспадарчую дзейнасць. Прызнаецца, што на той момант канца і краю не бачыла, але справілася. Працу наладзіла, дачку да школы падрыхтавала. У мужа на працы ўсё таксама ладзілася. Можна было падумаць пра другое дзіця…

У той час ранняя дыягностыка цяжарнасці існавала толькі ў Мінску. Нэлі моцна прыбаўляла ў вазе. Урачы лаяліся, а яна губляла прытомнасць ад голаду. Чаму? Ніхто не ведаў. Пакуль не стала зразумела – яна чакае трайнят. Сям’я была ўпэўнена – хлопчыкі.

Нарадзіліся тры дзяўчынкі. Бацькі нават імёнаў не падабралі. Вырашылі зрабіць так: адну з дзяўчынак назвалі самі – Златай. Двум другім імёны далі бабулі. Назвалі унучак Аляксандра і Ганна.

Дзяўчынкі нарадзіліся неданошаныя. Іх доўга выходжвалі ў бальніцы, дамоў не адпускалі. Яна кожны дзень прыязджала да іх. Вярталася дамоў, спала 4–5 гадзін і ехала зноў. Неяк, прыехаўшы ў чарговы раз, сустрэла ўрача, які звярнуў увагу, што Нэлі ненатуральна жоўтая…

Прыйшла яе чарга ляжаць у бальніцы. Дыягназ – гепатыт В. Аказалася, што за два тыдні да родаў ёй пералілі заражаную кроў…

Нэлі налівае на патэльню яшчэ адзін чарпачок цеста і працягвае ўзгадваць…

DSC09665 copy

…Урэшце ўсе апынуліся дома: трое неданошаных дзяцей, іх матуля пасля гепатыту (важыла на той момант 42 кілаграмы пры росце 159 см), дзяўчынка-першакласніца, муж. Усе ў двухпакаёвай кватэры. У той перыяд быць побач стараліся ўсе: бацькі, сястра мужа, сябры. Дапамога была патрэбна нават для таго, каб проста вывесці дзяцей на прагулку. Трэці паверх, ліфта няма, дзве каляскі, трое дзяцей. Спачатку спускалі каляскі, далей па чарзе дзяцей. Назад у адваротным парадку. Ну а мужу, кажа Нэлі, проста трэба паставіць помнік: гэта дзякуючы яго намаганням праз год удалося пераехаць у чатырохпакаёвую кватэру.

Але гэта былі яшчэ не ўсе выпрабаванні, што выпалі на долю сям’і у той год. Праз месяц у адной з трайнят выявілі інвагінацыю кішэчніка – адна з формаў непраходнасці. Выратоўвалі ў Мінску, бо дыягназ паставілі позна. Экстранная аперацыя. Праз тры дні другая, праз год яшчэ адна… Швы загойваліся дрэнна. Але, дзякуй Богу і намаганням бацькоў, Злата пайшла на папраўку. Вучылася хадзіць, калі сястрычкі бегалі. Важыла вельмі мала, бо пасля аперацый не дазвалялася ніякай ежы, толькі капельніцы. У свядомасці гадавалага дзіцяці гэта пакінула свой моцны адбітак. Як вынік, яшчэ доўга пасля хадзіла і збірала ў пакуначак усю ежу, якую бачыла. З гэтым пакуначкам не расставалася і нават спала. Так моцна дзіця згаладалася.

Слухаю Нэлі, а ў самой наварочваюцца слёзы. Яна ўсміхаецца і толькі паўтарае: хапала ўсяго… Але словы: «было складана» ці «цяжка» – не ўжывае ні разу. Кажа, што чалавек можа вынесці многае. Між тым, лічыць, што асноўная нагрузка лягла тады не на яе плечы, а на мужа. Удзячная яму за ўсё. Кажа, што менавіта тады паміж сабою навучыліся жыць без папрокаў. Абавязкі не размяркоўвалі: хто яшчэ мог стаяць на нагах і не засынаў стоячы, той і рабіў.

На працу выйшла, калі дзецям споўнілася паўтары гады. Гэта было пытанне жыццёвай неабходнасці ўласна для яе. Патрэбна была разрадка…

…Вялікае, круглае як блін блюда амаль запоўнілася залацістымі блінамі. Нэлі іх выкладае не стосікам, а па кругу – і тут складае свой Сусвет. Зараз ён запоўнены ўспамінамі пра самых дарагіх людзей…

DSC09674 copy

Пасля гэтай гісторыі пачынаю разумець словы Нэлі, якімі яна тлумачыць сваю цяперашнюю дзейнасць: «Пішу кнігі і дапамагаю людзям жыць… Мой прынцып – жывіце лёгка і радасна. Менавіта таму сёння і гатую бліны! Гэта проста, а смак дастаўляе радасць!»

Усё жыццё яе цікавіла менавіта гэтае пытанне: як жыць так, каб было лёгка, весела і радасна. Калі стала атрымлівацца ў самой, зразумела, што мае права дзяліцца сваімі ведамі. А дзяліцца было чым: дзяцей вырасціла добрых, творчых, таленавітых. 26 гадоў узначальвала аддзел ЗАГС – бачыла розных людзей і розныя лёсы. Працавала дэпутатам гарадскога Савета. Распрацавала і чытала ў школах курс падрыхтоўкі да сямейнага жыцця. Наступным лагічным крокам сталі кнігі. Зараз іх чатыры. Друкуецца ў часопісах. Трэці год запар выдае свой каляндар з парадамі на кожны дзень.

DSC09847 copy

DSC09850 copy

Займаецца нумералогіяй, валодае методыкай вызначэння тыпу асобы па даце нараджэняя Александрава, якую засвоіла і ўдасканаліла. Прызнаецца, што, перш чым сустрэцца з чалавекам, абавязкова глядзіць па даце нараджэння, хто яе будучы субяседнік.

DSC09855 copy

Вельмі шмат чытае. На маё пытанне, калі можна столькі паспець, адказвае, што ўжо шмат гадоў прачынаецца ў чатыры гадзіны раніцы без будзільніка. З гэтага часу і пачынае свой дзень.

Збірае калекцыю званочкаў. Іх прывозіць з кожнага месца, куды наведваецца.

DSC09784 copy

А яшчэ малюе. Ёсць нават творы, напісаныя сумесна з мужам. На гэтай карціне разам намалявалі «Каханне»…

DSC09756 copy

Увогуле, карцін у доме шмат. Нешта малюе сама, нешта набывае, нешта дораць удзячныя наведвальнікі, якім дапамагае «ўбачыць святло ў канцы тунэля».

«Анёл» – самая любімая карціна, адлюстроўвае ў фарбах яе жыццёвую філасофію. Тую самую – жыць лёгка і радасна, і ўсё навокал будзе квітнець.

DSC09770 copy

У пакоі мужа карціны на сценах дапаўняюць пяць фотаздымкаў. Любімыя дзяўчаты: Нэлі, Алёна, Злата, Аліса-Аляксандра і Іва-Ганна. Аднойчы у сям’і зайшла гаворка пра імёны. Аказалася, што дваім з трайнят іх імёны не падабаюцца. Бацькі патлумачылі, што так іх назвалі бабулі, а ім самім падабаліся абсалютна іншыя імёны. Дзяўчаты вырашылі ўзяць падвойнае імя: новае, тое што падабалася ім і бацькам, а ў памяць пра бабуль пакінуць тое, што дадзена пры нараджэнні.

DSC09743 copy

Нэлі ганарыцца імі ўсімі. Старэйшая Алёна – педагог ад бога. Яна жыве ў ЗША і вучыць амерыканцаў іх роднай мове. З прафесіяй вызначылася аднойчы і назаўсёды. Яшчэ ў школе займалася рэпетытарствам.

Трое малодшых былі ў пошуках сябе даволі доўга. Злата – выдатны трэнер па фітнэсе. Жыве і працуе таксама ў Амерыцы. Зараз паступіла ў Тэхналагічны ўніверсітэт. Вучыцца на дызайнера адзення.

Аліса з самага дзяцінства пісала артыкулы. Таму пасля школы факультэт журналістыкі БДУ быў лагічным працягам вучобы. Пасля скончыла эканамічны ўніверсітэт. Перабралася да сёстраў у Амерыку і там засвоіла прафесію касметолага. Гэтым зарабляе на жыццё і зноў вучыцца. Атрымлівае дыплом псіхолага.

Іва першапачаткова была цырульнікам, пасля скончыла лінгвістычны. Але яе сапраўдная страсць – капелюшы. Свабоднае валоданне замежнай мовай дало магчымасць вучыцца ў Англіі. Зараз Іва ў Маскве, але яе творы можна сустрэць і ў Мінску, на самым галоўным прыхільніку творчасці дачкі – матуле.

DSC09754 copy

DSC09821 копия2 copy

Слухаю і здзіўляюся: дзеці так далёка, няўжо не хацелася пакінуць іх тут, бліжэй да сябе. Яна прызнаецца, што хацелася. Але лічыць, што трэба заўсёды стрымліваць свой бацькоўскі эгаізм. Гэта прыемна, калі ўвесь свет даступны тваім дзецям і нічога іх не стрымлівае. А дома ім заўсёды рады…

…Патэльня знята з агню. На блюдзе духмяныя бліны з малінавым варэннем. Сёння Нэлі стварыла Сусвет, напоўнены ўспамінамі, любоўю да дзяцей і ўдзячнасцю да блізкіх. А гэта азначае, што і дзень будзе такім жа – светлым і цёплым.

DSC09729 copy

Р.S. Мы перакананыя: кожны чалавек – унікальны, як і кожная страва, прыгатаваная з душою, – сапраўдны кулінарны шэдэўр.

Еще материалы рубрики:

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Курыца ў гарчычным марынадзе, Альбо ісці сваім шляхам

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. «Кіеўскія булачкі» – наш адказ  замежнаму дэсерту, альбо Што азначае «абсалютна шчаслівая»

Комментарии к статье
Добавить комментарий