ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Прасяная каша з печы ад знакамітай ткачыхі, якая ўбачыла ў сне старажытную тэхніку вырабу андаракаў

07 Авг 2015 08:59

Автор:

Сярэдзіна лета. Горача. Паветра стаіць нерухома. Сонца пячэ з кожнай гадзінай усё мацней. Ячменны колас схіліў тугую залацістую галаву…

Сцепаніда Сцепанюк праводзіць рукой па каласках, спыняецца на хвіліну-другую нерухома, а пасля набірае поўныя грудзі ранішняга, але ўжо гарачага паветра і зацягвае: «Ой, іду па полю дадому. Іду дадому па полю…» Словы льюцца павольна, цягуча і нібы павісаюць у паветры. А далей да мелодыі песні далучаецца серп. Пачалося жніво…

Такія снапы рабілі на Маларытчыне спрадвеку, а да першых зверху абавязкова прымацоўвалі бярозавую галінку.

497A1235 копия copy

Сусед выйшаў павітацца, заслухаўся. Сцепаніда Аляксееўна апошнім часам не спявае, калі жне, – сілы не тыя. Усё ж хутка восемдзесят! А некалі любую працу суправаджала свая песня. Ведае іх незлічоную колькасць, нічога не запісвае, толькі на памяць.

Узгадвае, што раней у поле ішлі з песнямі, з песнямі жалі, з песнямі вярталіся. Перапынак быў толькі на ежу. А ежа ў пару жніва – тэма асаблівая. Сцепаніда Аляксееўна абяцала не толькі пачаставаць, але і навучыць гатаваць тое, што раней бралі з сабой на поле. Галоўным пунктам меню была прасяная каша. Хаця каша – гэта фактычна салодкае, першым звычайна ўжывалі біп. Так у гэтых краях называюць страву з фасолі са смажанай цыбуляй. І біп, і прасяная каша падчас майго знаёмства з сядзібай народнага майстра, ткачыхі, вышывальшчыцы, таміліся ў печы – чакалі свайго часу.

А гаспадыня з поля павяла ў бок хаты, адначасова распавядаючы пра гаспадарку. Склеп з белай цэглы (паказвае ў бок) будавала разам з дачкою. З дачкою будавалі і яе хату (хата стаіць побач, адразу за участкам Сцепаніды Аляксееўны). Рабочых, безумоўна, наймалі, але траншэю, фундамент, падлогу і столю рабілі жаночыя рукі. Муж дапамагчы не мог – хварэў. На працягу дваццаці пяці гадоў пасля аперацыі на сэрцы быў не працаўнік. Таму і спраўляліся з дачкою разам і з мужчынскай працай, і з жаночай.

Сцепаніда Аляксееўна, як сама кажа, са «слаўнага роду». У іх сям’і не было гультаёў і п’яніц, усе працавітыя: жанчыны – ткалі і вышывалі, мыжчыны – цяслярылі. Дарэчы, гэтую мэблю бацька рабіў сам. Пасля яго смерці гарнітур перавезла да сябе ў хату.

497A1089 копия copy

Ткалі і вышывалі ў вёсцы Дарапеевічы Маларыцкага раёна раней ледзь не ў кожнай хаце. У доме майстрыхі ўсё ў вышыўцы: абрусы, шторы, посцілкі, карціны. Самаробныя нават дываны.

497A1093 копия copy

497A1102 копия copy

І яна колісь пачынала з вышыўкі, але ткацтва захапіла больш. Гадоў у сем упершыню села за ткацкі станок. Ніхто не вучыў, проста глядзела, што робяць матуля і бабуля, запамінала, а пасля пачала паўтараць. Спачатку было проста тканае палатно – мешкавіна, пасля пачалі з’яўляцца немудрагелістыя ўзоры. Ну а зараз стварае сапраўдныя маларыцкія строі з адмысловымі ўзорамі і галаўнымі ўборамі, якія носяць назву «плат».

497A1199 копия copy

Дарэчы, з андаракамі ад маларыцкіх строяў у Сцепаніды Аляксееўны звязана незвычайная гісторыя. Было ёй тады семдзесят два гады. Слава пра народнага майстра даўно распаўсюдзілася далёка за межы вёскі. І вось аднойчы да яе завіталі артысты-танцоры з Брэста. Прасілі зрабіць спадніцы для выступленняў з каларытным маларыцкім узорам. Узоры гэтыя асаблівыя яшчэ і таму, што ткаць іх трэба «кажушком». Гэта такая тэхніка, пры якой аснова становіцца нябачнай. Гладзенькія і вонкавы, і сподні бакі. Гэта было патрэбна артыстам, каб абцасы чаравікаў падчас выступленняў не чапляліся за ніткі і спадніцы б служылі дольш.

497A1164 копия copy

Майстрыха нічога не абяцала, бо гэтай старажытнай тэхнікай не валодала. Спачатку пайшла па вёсцы да тых, хто яшчэ ткаў і мог памятаць, як гэта рабілі раней. Пасля паехала ў суседнюю вёску. Распытвала, але ніхто не дапамог – не захавалася тэхніка. Тады пачала спрабаваць сама. Кажа, раней ткачыхі былі непісьменныя, лічыць не ўмелі. Як запаміналі, падлічвалі, трымалі ў галаве ўсе ўзоры і маніпуляцыі – аднаму богу вядома. Вырашыла, калі яны маглі, то і яна зможа. Пачала спрабаваць, узгадваць, як ткалі матуля з бабуляй. Білася доўга. Пяць разоў запраўляла кросны і абразала ніткі – узор не выходзіў. Аднойчы памалілася ўвечары і лягла спаць, вырашыўшы для сябе: калі заўтра не атрымаецца, разбярэ кросны, бо яна не майстар.

Заснула і бачыць сон… Зялёны луг. Удалечы на траве стаяць кросны, а за імі працуе жанчына. Пайшла да яе, каб запытаць пра ўзор спадніцы. Падыходзіць бліжэй, а жанчына знікла, засталіся толькі кросны. Спынілася… Што рабіць? Апошняя надзея растварылася ў сне. Але ўсё ж вырашыла падысці бліжэй, паглядзець, як запраўлены станок.

Прачнулася рана – і да кроснаў. Заправіла так, як паказалі ў сне, – узор атрымаўся… З тых часоў тчэ маларыцкія андаракі. Распавядае, а ў самой мокрыя вочы.

Ткала заўсёды: і калі працавала, і калі дзеці былі маленькія. Узімку, безумоўна, больш, бо няма агарода. А ўлетку, пакуль усё пераробіш – заўтрашні дзень настае. Але яна не ў ложак, а за кросны. Спала гадзінкі чатыры. Ніхто не прымушаў ткаць – самой хацелася! Збіраліся з сяброўкамі, спявалі і ткалі.

Сёння на вачах двое акуляраў, адных апошнім часам не хапае: работа карпатлівая, дробная. За дзень, калі ткаць спадніцу з такім узорам, сантыметраў дваццаць усяго атрымліваецца.

497A1138 копия copy

Скардзіцца: устану, бывае, з ранку – і нешта галава баліць… Пахаджу, пахаджу і думаю: нада паткаць… Садзіцца за ткацкі станок – і час нібы спыняецца. Так можа і да вечара не адрываючы галавы. А ўвечары і забылася, што раніцай галава балела.

Прыйшла сёлета да ўрачоў, а яны параілі на лячэбную фізкультуру пахадзіць… Доўга смяялася. Кажа, што калі тчэш вось такую спадніцу, як зараз, за дзень столькі разоў устанеш – сядзеш, што лепшай фізкультуры быць не можа!

Перш чым распачаць новую працу, малюе ўзоры ў звычайным сшытку ў клетачку. Адкуль гэтыя ўзоры і што яны азначаюць – патлумачыць не можа, але дакладна ведае: частка іх са старажытных строяў, некаторыя прыдумляе сама.

497A1152 копия copy

Раней, безумоўна, майстрыхі так не малявалі. Як жа ў іх атрымліваўся ўзор? Смяецца і паціскае плячыма – невядома, але ўсё атрымлівалася. У пацвярджэнне сваіх словаў дастае з шафы старажытны андарак. Яму гадоў сто трыццаць, не менш. Акрамя ўзросту ў спадніцы яшчэ адна асаблівасць – яна вельмі маленькая. Раней талія ў жанчын была сантыметраў пяцьдзесят. Каб апрануць такую спадніцу зараз, прыйшлося расшыць, уставіўшы кавалак сучаснай тканіны.

497A1215 копия copy

Натуральныя ніткі, натуральныя фарбы. Я здзіўляюся – не выгараюць і не выліньваюцца. Як такое магчыма?

Сцепаніда Аляксееўна ўзгадвае, што раней фарбы апробваліся гадамі. Чырвоны колер, напрыклад, атрымлівалі з карэння нейкай балотнай расліны. Але знайсці колер – палова справы, галоўнае – надоўга замацаваць яго на нітках. Кожная гаспадыня шукала свой рэцэпт і, калі знаходзіла, у сакрэце ніколі не трымала, абавязкова дзялілася з суседкамі, у якіх колер плыў пасля мыцця. Працэс ішоў хутчэй, бо кожная прыўносіла свой невялічкі ўклад. Таму і захоўваецца столькі часу спадніца і выглядае, як новая.

Ткацкі станок, што стаіць у самым далёкім пакоі хаты, – гэта не толькі лекі і любімы занятак, гэта сваеасаблівая сувязь пакаленняў: і спадчына, і будучыня. Сваё майстэрства перадае маладым у мясцовым Цэнтры народнай творчасці. Зараз там жа выкладае дачка. Выязджае ў Польшчу разам з іншымі мясцовымі рамеснікамі, дзе вучыць дзяцей беларускім рамёствам.

497A1174 копия copy

Тчэ і спявае. Песня за песняй, нітка за ніткай… Сюды ўплятаецца парыпванне кроснаў і недзе здалёк прыляцеўшае ціканне гадзінніку… Так тчэцца Палатно часу…

Прасяная каша. Гатуем у печы і на звычайнай пліце

Інгрэдыенты:

прасяная крупа;

малако;

2 ст. л. масла;

2 яйкі;

1 ст. л. цукру;

1 ч. л. солі.

Зразумела, ніякія мерныя шклянкі Сцепаніда Аляксееўна не выкарыстоўвала. Галоўны арыенцір – рондаль, у якім гатуеце кашу. У гаспадыні ён на літр-паўтара. Адразу папярэджваю: калі станеце гатаваць дома, бярыце той, які не шкада, бо адмываецца вельмі дрэнна.

Такім чынам, адступаем ад края рондаля сантыметры тры. Застаўшуюся частку пасудзіны візуальна раздзяляем напалову: палову засыпаем просам, палову заліваем малаком. На гэтым этапе Сцепаніда Аляксееўна ставіць кашу ў печ. Але ў нас з вамі такой раскошы няма, таму адразу адаптуем рэцэпт для звычайнай пліты.

Ставім рондаль на агонь, пастаянна памешваем і чакаем, пакуль каша не разбухне і малака амаль не застанецца. Да гэтага ж стану даводзяць кашу ў печы і вымаюць.

Далей у рондаль дадаюць соль, цукар і яйкі. Увага! Уводзьце яйкі па адным. Вельмі хутка перамешвайце, пакуль яйка не паспела зварыцца ў гарачай кашы. Апошнім дадаем масла і таксама добра перамешваем.

А вось зараз галоўны хітрык. Ставім кашу ў духоўку на адну гадзіну. Я разагравала яе да 180 градусаў і паступова памяншала тэмпературу. Атрымліваецца эффект печы, дзе тэмпература ідзе на паніжэнне. Калі духоўку выключыць, кашу можна там пакінуць і на больш доўгі тэрмін.

Ну а ў Сцепаніды Аляксееўны ў печы яна прастаяла больш за тры гадзіны. Як кажуць на мясцовай гаворцы: «Каша павінна стужЫты».

497A1252 копия copy

497A1255 копия copy

Апетытная скарыначка і нейкая дзірачка ў баку. Што гэта? Гаспадыня патлумачыла – дадала зашмат масла, вось яно і выходзіла верхам.

497A1259 копия copy

На стол такую кашу падаюць у рондалі і ўжываюць лыжкамі, не перакладаючы ў талерку.

497A1269 копия copy

Безумоўна, такой смакаты, як у гасцях, на пліце ў мяне не атрымалася. Але ўсе дамашнія (яны не частаваліся прасяной кашай Сцепаніды Аляксееўны), вельмі парадаваліся маёй.

Рэкамендую! Сытна і смачна, асабліва з малаком.

Ну а той самы біп – першая страва, якую бралі з сабою на жніво, – выглядае вось так.

497A1281 копия copy

Скажу па праўдзе, я не аматар фасолі, але не тое быў час абеду, не тое мае палескія карані вельмі моцна нагадвалі аб сябе – біп падаўся мне неверагодным!

Рэцэпт гэтай стравы абавязкова раскажу, калі адаптую для гарадской кухні. Хаця, магчыма, біп навінка для мяне, а вы яго не толькі ведаеце, але і гатуеце. Калі ласка, дзяліцеся, буду ўдзячная!

Р.S. Мы перакананыя: кожны чалавек – унікальны, як і кожная страва, прыгатаваная з душою, – сапраўдны кулінарны шэдэўр.

 Фота аўтара

Перепечатка материала без письменного разрешения УП «Агентство «Минск-Новости» запрещена

 Еще материалы рубрики:

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Чызкейк у лімоннай глазуры, альбо ўсё, што не ўпісваецца ў сярэднестатыстычныя межы

ЛЮДЗІ  І СТРАВЫ. Курыца з шампіньёнамі ў сметанковым соусе альбо блакітныя вочы, якія заўсёды гараць

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Суп «Морква», альбо Ніколі нічога не позна, свой патэнцыял можна выкарыстаць і ў 60!

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Кабачковыя аладкі, альбо Калі ёсць мара, магчымасці і сілы – рэалізуй тое, да чаго імкнецца душа

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Мяса, запечанае з гароднінай, альбо Моцнай і самастойнай трэба быць нават за добрым мужам

 

Комментарии к статье
Добавить комментарий