ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Тайскі суп «Том кха», альбо Кожнай жанчыне патрэбна магчымасць быць рознай, тады яна і будзе сабой!

14 Авг 2015 09:34

Автор:

Гэтыя словы сталі лейтматывам маёй сустрэчы з Юліяй Хількевіч – PR-менеджарам адной з турыстычных кампаній.

Вобраз рамантычнай асобы з томікам Тургенева і шалікам, што развіваецца цераз плячо, трывала засеў у маёй галаве ў адносінах да Юлі, але разваліўся, як картачны домік, у першыя 10 хвілін нашай размовы. Гаспадыня не дэманстравала мне хук справа на ўласнай кухні ці стропы парашута, схаванага за шафай. Яна проста распавяла сваё бачанне сусвету і расставіла жыццёвыя прыярытэты, паралельна прыгатаваўшы страву, якая па скаладанасці, арыгінальнасці і смакавых якасцях годная заняць месца ў меню найлепшага рэстарана…

DSC00540 копия1 copy

Як любая сучасная гаспадыня, любіць кухню простую і хуткую. Тым не менш у яе арсенале ёсць вельмі складаныя рэцэпты, якія аднімаюць шмат часу. Гатуе як беларускія стравы, так і абсалютную экзотыку, да якой, дарэчы, і адносіцца «Том кха». Прызнаецца, што гэты суп аднойчы пакаштавала ў знаёмых і захапілася адразу. Папярэджвае, інгрэдыентаў для яго спатрэбіцца шмат, а гатаванне зойме гадзіны дзве, таму лепей за ўсё адвесці для знаёмства з супам выхадны: парадаваць сям’ю і атрымаць эстэтычнае задавальненне. Раіць успрымаць гатоўку як медытацыю, альбо выкарыстаць час, неабходны для падрыхтоўкі інгрэдыентаў, на тое, каб абдумаць нешта важнае і прыняць рашэнне. Часцей за ўсё сама так і робіць, за гэта і вылучае «Том кха» сярод астатніх страў.

Увогуле, лічыць гатоўку справай творчай. Тлумачыць, калі чалавек строга прытрымліваецца рэцэптуры, ён закрываецца ў сабе. Часам пачынае панікаваць: а ці паклаў гэты інгрэдыент, ці не перасаліў? Кулінарны шэдэўр у такім стане атрымаецца наўрад ці. Затое, калі расслабіцца і атрымліваць задавальнне ад працэсу, нават забыўшыся нешта пакласці альбо пераблытаўшы інгрэдыенты, – дрэнна не выйдзе. Каб не быць галаслоўнай, прыводзіць прыклады з гісторыі, узгадваючы, як з’явіліся на свет знакамітыя торты «Захер» і «Шакоціс». Не спадзяецца, што з яе кухні калі-небудзь выйдзе нешта сусветна вядомае, але задавальненне ад ужывання таго, што прыгатуе, – гарантавана.

Дарэчы, гісторыя для яе – адно з захапленняў: мясціны, факты, падзеі. Заўсёды, пра што б ні расказвала, абавязкова ўключае ў сваё апавяданне цікавосткі. Атрымліваецца нешта падобнае на сучасную казку, якую слухаць можна бясконца.

Ёсць у яе яшчэ адна адметнасць. Часцей за ўсё мы, беларусы, калі распачынаем нейкую справу, стараемся нікому пра гэта не гаварыць, каб не сурочыць. Юля, наадварот, распавядае. Кажа, гэта сваеасаблівы стымул, каб сабрацца і давесці распачатае да канца. Некалькі гадоў таму на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» напісала: «Худнею. Дзень першы!» Пасля гэтага адступаць не было куды.

Сацыяльныя сеткі – прымае, але дазіравана. Увогуле, называе сябе чалавекам непублічным. Любіць праводзіць час з сям’ёй і не асабліва дапускае сюды чужых. Хаця па роду дзейнасці ёй часам прыходзіцца «свяціцца» – калі не тварам, то думкамі. У той жа час разумее, калі пазбавіць зносінаў, кантактаў, пазіцыянірвання сябе, убраць дачыненне да нейкага глабальнага сур’ёзнага праекта – не вытрымае. Жыццё стане прэсным.

Думае, што такое стаўленне з’явілася пасля працы на тэлебачанні ў якасці прадзюсера i рэдактара. Калі ты становішся часткай нейкага вялікага праекта – зараджаешся гэтай магутнейшай энергетыкай драйва і паступова прызвычайваешся да яе. Але ёсць і пабочны эфект. Ты не толькі падпітваешся, ты яшчэ і вельмі шмат аддаеш, што рана ці позна вядзе да спустошвання. Калі настаў такі момант, зрабіла рашучы крок і адмовiлася ад тэлебачання.

Слухаю і разумею: у ёй нібы спалучаюцца дзве абсалютна процілеглыя асобы. І халерык, і меланхолік адначасова, і нясе сябе ў свет, і замыкаецца ўнутры. У яе гараць вочы, але пры гэтым голас роўны і спакойны. Прызнаецца, што ніколі па жыцці не была завадатарам, але займаецца PR, дзе быць такой прыходзіцца. Інтэлігентная, роўная і разважлівая, можа вельмі больна ўкусіць, калі беспардонна парушаюць яе ўласныя межы. Без залішняга какецтва пагаджаецца: «Так, я – такая». І працягвае, жанчына ў першую чаргу павінна быць сабой! Павінна максімальна самавыяўляцца, і калі яна хоча дома варыць супы – гэта яе выбар, калі хоча вадзіць таксі – няхай. Захоча прыгнуць з парашутам – магчыма, але гэта крыху іншае. Парашут справа рызыковая, узнікае пытанне адказнасці за сваіх дзяцей. І падсумоўвае: жанчына павінна быць рознай, але для гэтага побач з ёю павінны быць чалавек, які ёй гэта дазволіць. Кажа, што гэта для яе самы камфортны стан: і ляцець, і чакаць, і прымаць, і аддаваць – усё гэта павінна быць. Нават мужчынай хаця б аднойчы неабходна сябе адчуць, каб пасля вярнуцца ў свой самы гарманічны стан.

Гэта пра сябе і жанчын увогуле. Што да мужчын – для іх пошук сябе і самарэалізацыя важны яшчэ больш. Ну а калі двое падчас пошукаў сябе і сваёй самарэалізацыі не разыходзяцца – яны знайшлі адзін аднаго. Калі прымаюць і разумеюць другую палавінку, не заступаюць за пэўныя межы дазволенага – гэта самы правільны стан ва ўзаемаадносінах, стан гармоніі.

Як знайсці такога чалавека? Паціскае плячыма… Адчуць. І распавядае гісторыю, якая здарылася ўжо больш за дваццаць гадоў таму. Ячшэ ў самым пачатку вучобы ў інстытуце сустракалася з хлопцам, які абсалютна не падабаўся бацькам. Аднойчы матуля, праглядаючы фотаздымкі аднакурснікаў, спынілася на адным фота. Яна ўважліва паглядзела на хлопцаў і тыцнула пальцам на аднаго: «Паглядзі, ну хаця б вось гэты…» – звярнулася яна да дачкі. Твар хлопца быў неяк ненатуральна перакрыўлены, па ўсёй верагоднасці, ён нешта жаваў у момант, калі фатограф націснуў на пімпачку затвора. Доўгая чолка закрывала вочы, каляровыя падцяжкі ззялі ярчэй за лямпачку, стаяў неяк нязграбна… Гэта быў стараста – сімпатычны, статны хлопец, але больш няўдалы фотаздымак з ім знайсці было складана. Юля паглядзела на фота і пасмяялася. На той момант яна і не думала, што менш чым праз год матуліна прароцтва спраўдзіцца…

Прайшло паўгады. Юля рыхтавалася да заручынаў з тым самым хлопцам, які так не падабаўся бацькам. Ніякіх урачыстасяў, падрыхтоўка была хутчэй маральная. Ён з’язджаў у Піцер, і Юля павінна была зрабіць выбар: жыць на два горада альбо пераводзіцца вучыцца ў Расію. Выбар ніяк не рабіўся, а на заручыны яна не прыйшла, нешта спыніла.

У сваім каханні яна неяк выпала з бурнага студэнцкага жыцця. Таму вяртацца стала, далучыўшыся да самых творчых і апантаных. Разам з імі ладзіла капуснікі, выступленні, канцэрты. На прыгожую, таленавітую, інтэлігентную асобу мужчынская палова адразу звярнула ўвагу. Адзін з аднакурснікаў і ёй прыйшоўся да спадобы. Тэатры, музеі, кветкі – адносіны былі сяброўскімі з лёгкім намёкам на рамантызм, не больш. Ёй падабалася. Адзінае, што пастаянна трымала ў тонусе, – той самы стараста. Паміж імі нібы прабегла чорная кошка – спрачаліся пастаянна, пакуль агульныя сябры аднойчы не папрасілі іх урэшце памірыцца. Улад прыйшоў з шакаладкай і сказаў: «Ну што, зямлячка (яго бабуля і яе бацькі з Бабруйска), мір?» Яна абрадавалася, але яшчэ не паспела нічога сказаць, як ён дадаў: «…Мір, як у Чачні…»

Перамены насталі нечакана. Аднойчы позна вярталася ў інтэрнат, Улада папрасілі яе правадзіць, бо яе рамантычны сябар быў заняты… Яны дайшлі да месца, а пасля бясконца доўга хадзілі навокал і размаўлялі, размаўлялі, размаўлялі пра ўсё на свеце… Аказалася, што ў іх шмат агульнага. Яны нічога адзін аднаму не абяцалі, проста разам сталелі, прыціраліся, а праз два гады распісаліся.

Пачыналі сумеснае жыццё як звычайная студэнцкая сям’я, перыяды і сітуацыі былі розныя, як ва ўсіх. Перажылі, пасталелі, набраліся жыццёвай мудрасці, як водзіцца, вучыліся на сваіх жа памылках. Зараз сямейнаму жыццю сямнаццаць. Пагаджаецца з агульным меркаваннем, што першыя гады сям’і – самыя складаныя. І ён, і яна павінны разумець, што нельга завісаць у нечым адным, напрыклад, у працы. А яшчэ неабходна выкінуць з галавы зайздрасць. Цікавіцца і радавацца поспехам другой палавінкі. Асабліва гэта тычыцца людзей адной прафессіі.

Рэцэпт шчаслівага сумеснага жыцця бачыць у тым, каб дзяўчаты не заігрываліся ў Прынцэс, а хлопцы разумелі гэтую жаночую асаблівасць, былі цярплівей, з усмешкай успрымаючы такія павароты. Кожная з нас – тая самая Прынцэса, і мы маем права (так нам падаецца) капрызіць, тупаць ножкамі, крыўдзіцца, нават, калі падстаў для гэтага няма. А яшчэ лічыць агульнай памылкай усіх дзяўчат – чаканне, што іх жаданні павінны ўгадваць і выконваць. Яна падумала – ён зрабіў. У такім выпадку мужчына павінны валодаць як мінімум тэлепатычнымі здольнасцямі, каб здагадацца і ўлагодзіць. Але яму таксама хочацца, каб яго зразумелі, падтрымалі і прынялі.

Прызнаецца, што і яна часам такая ж капрызлівая асоба каралеўскіх крывей, але кажа, што ёй пашанцавала. Калі збіраецца памяняць жыццё, пайсці іншай дарогай, па другой вуліцы і ў іншай кампаніі – муж дае магчымасць пакапрызіць, а пасля з усмешкай запытваецца: «Марожанае будзешь?» Смяецца… «Купляе» – марожаным, шакаладам, пірожнымі.

Упэўнена: у няўдачах і разладах у сем’ях вінаватыя абодва – адзін не захацеў пачуць, другі вельмі павысіў голас – і паняслось так, што не спыніць. Чуць, быць цярплівей і падзяляць інтарэсы таго, хто побач, – гэта галоўнае…

Падарожжы і ў тым ліку па Беларусі (муж цікавіцца гісторыяй Беларусі і гісторыяй архітэктуры) – важная частка жыцця ўсёй сям’і. Дачка яшчэ у дзесяцігадовым узросце напісала дарожны даведнік для дзяцей, сама ілюстравала. Верыць, што выданне кнігі не за гарамі.

Любіць кіно: паглядзець, падумаць, абмеркаваць, недзе паплакаць.

Яшчэ адно захапленне – шыць. Сучасная швейная машына дае магчымасць рэалізоўваць самыя смелыя жаданні. Ёсць у яе шафе спадніцы, кашулі і нават плашчы ўласнай вытворчасці.

Як у сапраўднай жанчыны, слабасць – туфлі! Нават калі яны пятнаццатыя, прайсці міма чарговай пары часам проста немагчыма.

На кухні на падаконніку растуць мята і меліса – іх арамат супакойвае. На балконе прыжыліся некалькі кусцікаў сунічніку – не для страўніка, для душы. А ў душы ўсё ж вітаюць вершы. Часам, нават, свае. Толькі пра гэта нікому…

DSC00454 копия copy

Суп «том кха»

Інгрэдыенты:

1 вараная курыная грудка;

1 л курынага булёну;

800 мл какосавага малака;

400 г крэветак;

1 салодкі перац;

8 памідораў чэры;

6 шампіньёнаў;

1 перац чылі;

1 сцябло сельдэрэя;

пяро зялёнай цыбулі;

1 рэпчатая цыбуля сярэдняга памеру;

2 зубчыкі часныку;

2-3 см імбірнага кораня;

1 лайм;

лісты сельдэрэя;

кінза;

ветачкі мяты і мелісы;

сумесь спецый з коранем пастэрнака і сельдэрэя;

чорны перац;

дробка марской солі;

1 чайная лыжка трасніковага цукру;

рыбны соўс;

аліўкавы алей.

DSC00114 копия copy

У працэсе гатавання супа «Том кха» я вылучыла чатыры асноўныя этапы: нарэзка ўсіх інгрэдыентаў, падрыхтоўка соуса, тушэнне гародніны і запраўка булёна.

Першы этап самы доўгі. Неабходна нарэзаць усе інгрэдыенты. Першыя – шампіньёны і цыбуля. Шампіньёны наразаем дастаткова буйнымі кавалкамі, каб пасля смажання і варкі ў талерцы яны былі бачныя.

DSC00122 копия copy

Наразаем цыбулю. Шампіньёны і цыбулю не змешваем. Смажыцца яны будуць па чарзе.

DSC00156 копия copy

А вось астатнія інгрэдыенты можна класці ў агульную пасудзіну разам. Наразаем салодкі перац, памідоры чэры (яны разразаюцца напалову), сельдэрэй (літаральна адно сцябло), одно пяро зялёнай цыбулі.

Здрабняем адзін зубчык часныку. З дапамогай дробнай таркі альбо часнычніцы – не мае значэння. Палову часныка кладзем у сумесь гародніны, другую частку пакідаем для соуса. На дробную тарку націраем прыкладна сантыметр імбіра. Наразаем кінзу і пакідаем ветачку на ўпрыгожванне гатовага супа.

DSC00250 копия copy

Чысцім ад зернеткаў і здрабняем перац чылі. Дадаем у агульную сумесь. Усе неабходныя інгрэдыенты для тушэння мы сабралі ў адной ёмістасці.

DSC00260 копия copy

Вараную курыцу наразаем буйнымі кавалкамі і пакідаем у асобнай пасудзіне.

DSC00255 копия copy

Другі этап – падрыхтоўка соуса. Яго мы будзем дадаваць непасрэдна ў суп. Перш-наперш выціскаем сок аднаго лайма.

DSC00216 копия copy

У сок дадаем: здробнены часнык (тую палавінку, той што засталася пасля дабаўлення ў гародніну), дробку марской солі, перац, спецыі, якія ўключаюць сельдэрэй і пастэрнак. Пастэрнак павінны быць абавязкова, бо замяняе важную тайскую прыправу, якую ў нас не знайсці. Сюды ж дадаем чайную лыжку трасніковага цукра, якая пагасіць агонь спецый і адцяніць какосавае малако. Усё перамешваем. Соус гатовы!

DSC00299 копия copy

Трэці этап – смажанне гародніны. Распачынаем мы з цыбулі і шампіньёнаў. Але, перш чым закідваць іх на патэльню, неабходна падрыхтаваць спецыяльны алей. Для гэтага ў патэльню заліваем аліўкавы алей і абсмажваем на ім часнык, нарэзаны буйнымі кавалкамі, і перац чылі.

DSC00165 копия copy

Літаральна некалькі хвілін хапае, каб з’явіўся даволі моцны водар. Адчулі, ячшэ хвілінку – і часнык з перцам вымаем, яны нам больш не спатрэбяцца, а вось цыбулю засыпаем на патэльню. Аліўкавы алей увабраў у сябе дадатковы арамат, які і перадасць гародніне. Цыбулю смажым да залацістасці, а пасля дададем шампіньёны і крышачку іх прытушваем.

DSC00179 копия copy

Перш чым дадаваць на патэльню астатнюю гародніну, рэкамендую для эканоміі часу паставіць на агонь загадзя звараны курыны булён. Пакуль ён будзе награвацца да кіпеню, паспеем патушыць гародніну.

Дадаем у рондаль з грыбамі і цыбуляй нарэзаную сумесь з перцаў, памідораў, часныка і рознай зеляніны. Гародніна павінна крыху падтушыцца, пры гэтым не распаўзціся і захаваць форму.

DSC00288 копия copy

Далей нам спатрэбяцца мята і меліса (у Юлі гэтыя травы растуць на падаконніку). Наразаем некалькі лісцікаў і дадаем у гародніну, якая тушыцца.

DSC00082 копия copy

Сочым за булёнам на пліце і не забываемся памешваць сумесь гародніны на патэльні. Булён закіпіць, а гародніна патушыцца фактычна адначасова. Патэльню здымаем з агню і пераходзім да чацвёртага этапа – запраўкі булёна. Памятайце, усе інгрэдыенты мы будзем дадаваць паасобку.

Такім чынам, у бульён, які кіпіць, дадаем какосавае малако. Памешваем і чакаем, пакуль суп пачне закіпаць, дадаем курыцу.

DSC00302 копия copy

DSC00305 копия copy

Праз хвiлiнкy дадаем сумесь з тушанай гародніны.

DSC00330 копия copy

Амаль даводзім да кіпеню і ўліваем соус.

DSC00335 копия copy

Апошнімі ў супе з’яўляюцца крэветкі. Ну а калі суп яшчэ раз закіпеў, выключаем і заміраем над рондалем – арамат неверагодны!

DSC00352 копия copy

Для ўпрыгожвання вам спатрэбяцца: дробна нарэзаная кінза, лайм, крэветкі і драўляныя палачкі для шашлыка. Ну а падаецца сум «Том кха» у піялах.

DSC00353 копия copy

DSC00374 копия copy

Р.S. Мы перакананыя: кожны чалавек – унікальны, як і кожная страва, прыгатаваная з душою, – сапраўдны кулінарны шэдэўр.

Фото автора

Перепечатка материала без письменного разрешения УП «Агентство «Минск-Новости» запрещена.

Еще материалы рубрики:

ЛЮДЗІ  І СТРАВЫ. Курыца з шампіньёнамі ў сметанковым соусе альбо блакітныя вочы, якія заўсёды гараць

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Суп «Морква», альбо Ніколі нічога не позна, свой патэнцыял можна выкарыстаць і ў 60!

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Кабачковыя аладкі, альбо Калі ёсць мара, магчымасці і сілы – рэалізуй тое, да чаго імкнецца душа

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Мяса, запечанае з гароднінай, альбо Моцнай і самастойнай трэба быць нават за добрым мужам

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Прасяная каша з печы ад знакамітай ткачыхі, якая ўбачыла ў сне старажытную тэхніку вырабу андаракаў

 

Комментарии к статье
Добавить комментарий