ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Палескія галушкі, альбо Жыццё як песня

28 Авг 2015 10:23

Автор:

На Палессі «галушкi» вымаўляюць з націскам на апошні склад. Іх любяць і часта гатуюць. У залежнасці ад мясцовасці падаюць адвараныя са шкваркамі альбо адвараныя і абсмажаныя да залацістай скарыначкі.

У апошняе сваё падарожжа ў Брэсцкую вобласць замовіла галушкі ў кавярні і засталася расчараваная. Аснову цеста складала мука. Цеста адварылі і палілі-пасыпалі шкваркамі. Смак адсутнічаў. Слова «ніяк» цалкам падыходзіла да гэтай стравы.

Запыталася ў «Гугла», і аказалася, усё дакладна: «галушкі – адвараныя ў кіпені кавалачкі цеста». Ён («Гугл»), безумоўна, ведае шмат, але тут мне праіграў. Галушкі – зусім не безаблічнае цеста, адваранае ў вадзе. Гэта абсалютна непаўторны смак, які прымушае вяртацца да рэцэпта зноў і зноў.

Гатаваць гэтую страву па-палеску мяне вучыла Галіна Мартынаўна Мігура з вёскі Ліцвінкі Кобрынскага раёна. Ледзь угаварыла яе па тэлефоне пачакаць мяне. Яна не магла зразумець: як гэта госці будуць вазіцца на кухні? Навошта? І зусім збянтэжылася, калі пачула, што я ніколі не гатавала гэтую страву…

497A1078 копия copy

Галіне Мартынаўне – 87. Калі чуеш такую лічбу, разумееш: чалавеку ёсць пра што распавесці… З вялікай сям’і – у бацькоў было сямёра дзяцей. Выхадцы з Брэсцкай вобласці, яны пазнаёміліся ў Екацерынаслаўлі (зараз Днепрапятроўск), куды іх закінула Першая сусветная вайна. Ажаніліся, вярнуліся на Радзіму. Спачатку жылі ў мазанцы, толькі пасля пабудавалі хату.

Сям’я жыла зусім не багата, зямлі было мала, таму зараблялі шыццём. Бацька – кравец, матуля яму дапамагала. Абодва вельмі прыгожа спявалі. Нягледзячы на тое, што сямейныя, вечарамі хаце збіралi ў сваёй ўсю вясковую моладзь. Бацька шые, матуля яму дапамагае альбо тчэ, і спяваюць на два галасы. Іх запрашалі нават на вяселлі – такі настрой стваралі людзям. Ніколі не сварыліся паміж сабою. Напэўна, праз песню ўсё дрэннае і выходзіла.

Галіна Мартынаўна ў сям’і перадапошняя. Скончыла шэсць класаў. У тыя неспакойныя часы гэта лічылася вельмі добрай адукацыяй – ўзялі працаваць сакратаром у сельсавет. Шлюб узяла нечакана нават для самой сябе – менш чым праз тры месяцы пасля знаёмства з будучым мужам. Настойвала матуля, маўляў, без пасагу каму ты патрэбная, а ён з заможных – ідзі. Паслухалася. На той момант ёй было гадоў 18.

Гісторыя яе цікавая, але вельмі асабістая. Гадзіны дзве расказвала пра ўсё, а пасля заўважыла: «Ты ж толькі пра гэта не пішы!».

Дамовіліся распавядаць пра яе цяперашнюю, тым больш ёсць пра што – на месцы не сядзіць і яшчэ нам з вамі фору дасць…

Уласнай гаспадаркай на вёсцы нікога не здзівіць. Але я здзіўляюся, калі гляжу на жанчыну (на хвіліначку, ёй не 50 і нават не 60), якая жвава раскрывае дзверы хлява, дзе гадуюцца трусы. Шэсць клетак з аднаго боку, шэсць з другога.

497A0862 копия copy

Астатняя жыўнасць сустракае ў двары: сабака, кот, куры і певень. Апошні на выгляд зусім не баязлівага дзясятку. Галіна Мартынаўна, калі паказвае яблыневы сад, папярэджвае: спінаю да яго не паварочвацца – абавязкова дастане дзюбай.

497A0884 копия copy

Каб даглядаць вялікі агарод, летась вырашыла набыць трактар – так называе матаблок, які зараз «прыпаркаваны» ў суседнім хляву. Гэта была цалкам яе ініцыятыва. Дачка далёка ў горадзе, а сына, які дапамагае матулі, прышлося пераконваць у неабходнасці набыць сучасны агрэгат. Не шкадуе.

497A0895 копия copy

Ад бацькоў дасталiся ёй не толькі працавітасць, але і голас. Усё жыццё і ў горы, і ў радасці спявала. Тэксты і музыка з дзяцінства нібы запісаліся ў галаве. Працаваць пачала ў дзевяць гадоў – на выгане пасвіла кароў. Як толькі выходзіла, песні ліліся ракою, а яшчэ частушкі і вытрындычкі. Мясцовыя празвалі яе «Курскі салавей», паставіўшы ў адзін радок з рускай спявачкай, выканаўцай народных песень і рамансаў Надзеяй Плявіцкай. Дарэчы, так артыстку называў апошні рускі імператар Мікалай ІІ.

Па тэлебачанні ніколі не прапускала перадачу «Запрашаем на вячоркі» – цыкл праграм, прысвечаны беларускай песеннай спадчыне. Заўсёды глядзела і думала: «У нас не горш: і песні ёсць, і людзі».

У дзевяностых гадах, ужо будучы на пенсіі, неяк сустрэла дырэктара мясцовага Дома культуры і запытала, чаму б не паспрабаваць стварыць свой калектыў і не зрабіць свае «Вячоркі». Дырэктар засумняваўся, ці знойдуцца людзі, ці назбіраецца столькі песень. Галіна Мартынаўна запэўніла: і людзі, і песні будуць.

497A0915 копия copy

Так сабраўся касцяк фальклорнага калектыва «Ліцвінянка». Спявалі песні даўнішнія, якія пелі яшчэ бацькі і дзяды. Слава пра самародкаў пайшла па наваколлі, сталі запрашаць на мясцовыя святы, ладзіць свае «Вячоркі». Геаграфія паездак пашыралася. Даехалі і да Мінска. Тройчы выступалі на тэлебачанні, прыязджалі тэлевізіёншчыкі і да іх.

«Ліцвінянка» існуе і зараз, паспяхова выступае, але з таго, першага складу засталася толькі Галіна Мартынаўна. Яе запрашаюць вучыць «моладзь». Удзельнічае ў мясцовых святах. Прымае гасцей, якія прыязджаюць запісваць старажытныя песні.

Апошнім часам пачала збіраць сваю багатую песенную спадчыну ў сшыткі. Ёсць там і беларускія, і рускія, і польскія песні.

497A0973 копия copy

497A0975 копия copy

Пакуль распавядала пра сябе, праспявала мо песень 10. Але скардзілася, што сёння не ў голасе, бо напярэдадні наелася марожанага. Любіць яго вельмі, як і ўвогуле ўсё салодкае.

Галушкі

Ингрэдыенты: 1 кг бульбы, 1 яйка,  шклянка мукі, соль.

Адварыць бульбу. Растаўчы яе так, каб не было камякоў. Маса павінна быць аднастайнай. Бульбу астудзіць, дадаць соль і яйка, перамяшаць. Паступова дадаваць муку і добра перамешваць. Колькі яе спатрэбіцца, будзе залежыць ад бульбы, якую выкарыстоўваеце. У Галіны Мартынаўны была маладая. На кілаграм бульбы пайшло крыху менш за шклянку мукі. Цеста па кансістэнцыі не павінна атрымацца вельмі тугім.

Гаспадыня патлумачыла, што самае галоўнае не перабраць мукі, інакш цеста стане цвёрдым, такімі ж будуць і гатовыя галушкі. Калі мукі мала, іх складаней ляпіць, затое будуць найсмачнейшыя.

497A0919 копия copy

Цеста бярэм сталовай лыжкай. Лыжку акунаем у ваду, каб цеста не прыліпала, і набіраем цеста. Кавалачак выкладаем у муку і рукой качаем шарык.

497A0931 копия copy

Бярэм шарык на далонь, крыху сплюшчваем і ў сярэдзіне робім дзірачку. Так гатавала яшчэ матуля Галіны Мартынаўны. Навошта гэтая дзірачка, гаспадыня не ведае: магчыма, фірмовы знак, а магчыма, каб хутчэй адварыліся.

497A0929 копия copy

497A0977 копия copy

Для варкі спатрэбіцца вялікі рондаль. У кіпень закідваюць галушкі. Каб не прысталі да дна, трэба іх асцярожна памяшаць. Як толькі ўсплылі, адразу вынімаем з рондаля і перакладаем у талерку.

497A1025 копия copy

Галіна Мартынаўна падае галушкі са шкваркамі.

497A1033 копия copy

Такім чынам, пры гатаванні галушак важна выканаць тры асноўныя моманты. Па-першае, добра размяць бульбу, каб маса была аднастайнай. Па-другое, не перабраць з мукою. І, урэшце, не пераварыць.

Галіна Мартынаўна ўжывае галушкі і ў пост. Замест яйка дадае ў цеста лыжку алею. Ну а калі, наадварот, жадаеце зрабіць страву скаромнай, дадайце ў цеста не толькі яйка, але і кавалачак масла – і атрымаюцца сапраўдныя палескія галушкi – далікатныя і смачныя.

Р. S. Мы перакананыя: кожны чалавек унікальны, як і кожная страва, прыгатаваная з душою, – сапраўдны кулінарны шэдэўр.

Фота аўтара

Еще материалы рубрики:

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Кабачковыя аладкі, альбо Калі ёсць мара, магчымасці і сілы – рэалізуй тое, да чаго імкнецца душа

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Мяса, запечанае з гароднінай, альбо Моцнай і самастойнай трэба быць нават за добрым мужам

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Прасяная каша з печы ад знакамітай ткачыхі, якая ўбачыла ў сне старажытную тэхніку вырабу андаракаў

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Тайскі суп «Том кха», альбо Кожнай жанчыне патрэбна магчымасць быць рознай, тады яна і будзе сабой!

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Зялёны чай, альбо Чалавек, які ідзе чайнай дарогай

Комментарии к статье
Добавить комментарий

Аннушка

Елена, спасибо — такая радость читать Ваши материалы