ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Вясельны каравай ад стваральніцы музея, тэатра і фестывалю «Мотальскія прысмакі»

16 Окт 2015 11:54

Автор:

З Вольгай Рыгораўнай Мацукевіч мы сустрэліся на галоўнай плошчы Моталя, вядомага ледзь не палове свету сваімі кажухамі і каўбасамі. Цэнтральная плошча — месца знакавае. Да 1939 года, калі гэтая частка Беларусі была пад Польшчай, яна была пляцам каралевы Боны.

Магчыма, гэта я дрэнна вучылася ў школе, а пасля і ў інстытуце, але, на свой сорам, пра гэтую італьянку яшчэ некалькі гадоў таму не ведала практычна нічога. У адрозненне ад мяне ў Вольгі Рыгораўны адзін з самых найлюбімейшых гістарычных персанажаў, як, дарэчы, і ў большасці маталян, — каралева Бона. Тут яе заўжды любілі і паважалі. Гэтае імя мясцовыя жахары заўсёды неслі, як ікону. 23-гадовая італьянка (па мерках тых часоў нявеста «ва ўзросце») прыехала на нашыя землі, узяўшы шлюб з вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам І. Энергічная, свавольная і ўпартая — так апісваюць яе характар. «Калі народзіш сына, прывязу тябе ў падарунак залатую калыску», — казала матуля, адпраўляючы на чужыну дачку. Будучая каралева з гонарам адказала: «Ты прыедзеш, але калі я цябе запрашу…»

Шлюбны картэж спыняўся шмат па дарозе з далёкай Італіі. Адным з прыпынкаў стаў Моталь. Вітаць маладую каралеву выйшлі мясцовыя жыхары ў прыгожых вытканых кашулях і не басыя ці ў лапцях, як паўсюль, а ў скураных чаравіках. Знешні выгляд, ды і самі людзі, такія ж свабодалюбівыя, як яна, вельмі ўразілі Бону. Сваімі думкамі яна падзялілася з каралём, а ён у знак свайго кахання падарыў ёй землі, у склад якіх ўваходзіў і Моталь. Ужо ў сярэдзіне XVI стагоддзя яна даравала Моталю магдэбургскае права, дарэчы, на некалькі дзесяцігоддзяў раней, чым яно было прадастаўлена Пінску.

497A3560 copy

У кожным мястэчку засталася памяць пра Бону. Першыя меліяратыўныя работы на Палессі рабілі інжынеры з Італіі, якіх прывезла яна. Былі прарыты некалькі каналаў, якія існуюць дагэтуль. Адзін з такіх — Каралеўскі канал, левы прыток ракі Мухавец.

У Моталі італьянскія архітэктары тыпова разбілі ўсе вуліцы на ўчасткі. 31 сотка — пляц — вылучалася адной гаспадарцы. Так будаваўся Моталь…

Экскурсам у мотальскую гісторыю стала ў нас дарога да дома Вольгі Рыгораўны. Зараз яна пенсіянерка, пра сябе кажа так: «Я звычайная вясковая баба, якой не сядзіцца на месцы, жвавая і энергічная». Я перакананая, вы яе ведаеце, па справах, нават калі імя спачатку нічога не скажа.

Менавіта Вольга Рыгораўна стаяла ля вытокаў фестывалю «Мотальскія прысмакі» — адна з яго стваральніц, якой цалкам належыць канцэпцыя фэсту. Яна стварыла і доўгі час кіравала народным фальклорна-этнаграфічным тэатрам «Мотальскія суседзі». Была аўтарам і рэжысёрам усіх спектакляў, якія ставіў калектыў. Менавіта яна пабудавала і напоўніла жыццём Мотальскі музей народнай творчасці, а да гэтага была мясцовая дзіцячая бібліятэка…

497A3145 copy

А пачыналася ўсё з таго, што выпускніца Мотальскай сярэдняй школы паехала ў Брэст паступаць у педагагічны інстытут і заваліла экзамены. 13 чалавек на месца. На завочнае ісці не хацела, вырашыла спрабаваць сілы на наступны год. Вярнулася і пайшла працаваць поварам у сталовую да матулі.

Праз год экзамены здала, чакала выклік на вучобу. Не дачакаўшыся, прыехала сама. Аказалася, пры аднолькавай колькасці балаў на гэтае месца ўзялі дзяўчыну з педагагічным стажам, а не з кухарскім. Дамоў вярнулася расчараваная і вырашыла больш не шукаць шчасця ў іншых прафесіях, будзе кухарам — і кропка. Але тут сяброўку, якая арганізоўвала дзіцячую бібліятэку ў Моталі, перавялі на працу ў Іванава. На сваё месца яна рэкамендавала Вольгу.

Матуля была супраць, хацела, каб дачка пайшла па яе стапах і стала поварам. Тым больш што ўсе задаткі былі. Вользе гатаваць падабалася, але… Вырашыла паспрабаваць свае сілы ў бібліятэчнай справе. Паралельна паступіла ў магілёўскі тэхнікум.

Дзіцячая бібліятэка стала першым яе дзецішчам. Вольга зрабіла капітальны рамонт. Ладзіла семінары і канферэнцыі раённага і абласнога масштабу. У дзіцячую бібліятэку выбівала падпіску і на самыя папулярныя дарослыя часопісы — «Огонек» і «Новый мир». Сюды хадзіў чытаць увесь Моталь.

Пасля адкрыла ў бібліятэцы «Літаратурную гасцёўню» — рускую і беларускую залы. Убранне і літаратурнае начынне даставала сама: партрэты пісьменнікаў, дываны, плеценая мэбля, парцаляны. Атрымалася годна, але, на яе погляд, не хапала жыцця. Сабрала жанчын-суседак. Паспявалі песні. Аднак Вользе зноў каларыту не хапіла. Падумала і вырашыла напісаць гумарыстычную п’есу: маўляў, проста спевамі нікога не здзівіць.

Ішоў кастрычнік, калі на паперы з’явіўся першы спектакль будучага народнага фальклорна-этнаграфічнага тэатра «Мотальскія суседзі». «З усмешкаю ўсур’ёз» — сумесь народнай мудрасці з рэальнымі гісторыямі жыцця.

Праз два месяцы, як раз бліжэй да Новага года, самадзейныя артысты былі гатовыя выходзіць на сцэну. Але бяда ў тым, што на той момант на падобныя мерапрыемствы людзі хадзілі мала, моладзь было не зацягнуць. Тым не менш запрашэнні разаслалі і сталі чакаць. На прэм’еру сабралася чалавек дваццаць пяць, прыехала начальства з Іванава. Нічога такога ад калектыву не чакалі, але спектакль прайшоў на ура. Гледачы ледзь не па падлозе качаліся ад мясцовых вострых слоў, анекдотаў і жыццёвых сітуацый.

Спекталь захапіў, і ўсю зіму ішлі і ехалі людзі ў «Літаратурную гасцёўню» дзіцячай бібліятэкі, каб яго паглядзець. Слава пра «З усмешкаю ўсур’ёз» крочыла хутчэй, чым навагоднія святы, і паступова дайшла да Брэста. Калектыў запрасілі на мясцовае тэлебачанне.

А ўлетку прыехалі студэнты збіраць мясцовыя песні і абрады. Прывезла моладзь жонка тагачаснага міністра культуры, якая была ў іх выкладчыцай. Уражаная, яна прыехала дамоў і расказала пра ўнікальны тэатр. У кастрычніку «Мотальскія суседзі» ехалі ў Мінск удзельнічаць у тэатральнай дэкадзе.

27 артыстаў, машына самаробных дэкарацый. Такім возам прыехалі ў сталіцу. Увесь дзень быў распісаны — сустрэчы і лекцыі. Афармлялі сцэну і рэпеціравалі з самага ранку. Хваляваліся ўсе. Хлопцы-асвятляльнікі, паглядзеўшы на ўсю гэтую мітусню, не вытрымалі і параілі супакоіцца: маўляў, усе тэатры праваліліся, гледачоў было вельмі мала нават у імянітых. А «Мотальскія суседзі» і ўвогуле нікому не вядомыя, не будзе людзей. Пустыя залы, а тут такую бязглуздзіцу прывезлі. Ад гэтых слоў артысты разгубіліся яшчэ больш. Куды лезуць? Але што рабіць, назад дарогі няма — паехалі па запланаванай праграме. За кулісы патрапілі толькі перад самым выступленнем. Глянулі ў залу — а там няма куды пеўню дзюбнуць. Аншлаг!

Сыгралі з натхненнем, бо распавядалі фактычна пра сябе. Як скончылі, на сцэну выбеглі гледачы, віншавалі, здзіўляліся, хвалілі. Пасля гэтага выступлення «Мотальскім суседзям» прысвоілі званне народнага калектыву. На той момант ва ўсім Іванаўскім раёне такое ж званне мелі толькі два калектывы. Каб стаць народным, трэба было мінімум тры гады выступаць, а пасля абараняць высокае званне. У «Суседзяў» з моманту з’яўлення ідэі спектакля прайшоў роўна год.

Тое выступленне на сцэне Палаца прафсаюзаў здымала тэлебачанне. З гэтым адбыўся асобны казус. Акцёры распавядалі пра сваіх аднавяскоўцаў, героі рэальныя, гісторыі непрыдуманыя. Калі зразумелі, што ўсё гэта на ўсю краіну пакажуць, паехалі на тэлебачанне прасіць, каб выразалі некалькі эпізодаў самых-самых… Але тэлевізіёншчыкі паказалі ўсё!

Пасля былі іншыя спектыклі: «Масленічныя забавы», «Прысьба», «Траецкія сваты», «Вялікдзень», «Купалле», «Цыганы» — ва ўсіх пра Моталь, людзей і мясцовыя традыцыі. Вольга Рыгораўна ўсё пісала сама.

Калектыў існуе і зараз, але тэатральнай дзейнасцю «Суседзі» не займаюцца, толькі спяваюць. Днямі ім спаўняецца 30 гадоў.

Запытваюся: няўжо не хочацца зноў на сцэну?

— Зараз паловы акцёраў з першага складу няма ў жывых. Час ніколі не абгоніш, ён заўсёды цябе апярэджвае… — Вольга Рыгораўна замаўкае.

Такіх прымудрасцяў у яе арсенале шмат. Адкуль? Прызнаецца, што заўсёды былі сябры, значна старэйшыя за яе па ўзросце. Ад іх вучылася мудрасці. У ліку такіх была і матуля. Яе прыказкі і прымаўкі зараз размешчаны ў Музеі народнай творчасці — наступным дзецішчы Вольгі Рыгораўны.

Калі ствараўся музей, яна ў чарговы раз збіралася ўсё кінуць і пайсці працаваць поварам. Ці тое надакучыла, ці засядзелася на адным месцы, але якраз у гэты момант прапанавалі ісці ствараць музей з нуля. Не было яшчэ нават будынка, толькі загад на паперы.

Не сумнявалася, што музей пабудуе. А вось што рабіць у залах, якія экспазіцыі? Музейнай справе ніколі не вучылася, дзейнічала інстынктыўна. Але калі напісала навуковую канцэпцыю, тэмпланы па залах, сабрала калекцыю экспанатаў, разуменне, як дзейнічаць, прыйшло само.

Усё гэта было значна пазней. А спачатку былі шэсць гадоў будаўніцтва. Яны прыпалі якраз на час развалу Саюза, абясцэньвання грошай, усеагульнага дэфіцыту.

Даходзіла да таго, што атрымлівала зарплату і, пакуль не абясцэніліся грошы, ехала па суседніх вёсках, шукала старыя рэчы, якія падыходзілі для будучага музея, і набывала іх. Была забеспячэнцам і прарабам. Выкарыстоўвала сувязі свае, родных, сяброў. Паркет на падлозе — свая гісторыя, дзверы — яшчэ адна… І так фактычна пра кожную дошчачку, кожнае бярвенне, кожны экспанат асобную гісторыю расказаць можа. Адкуль ведала, што і як рабіць? Ізноў старыя людзі дапамаглі. Запрасіла на будоўлю разумнага дзеда — на ўсе рукі майстра. Кожны дзень ён расказваў, падказваў. Яна запамінала і давала распараджэнні рабочым, кантралявала.

Сабрала 27 тысяч арыгінальных экспанатаў, абсталявала 8 залаў. Прыдумала, абгрунтавала, запусціла і раскруціла. У ліку першых музей атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне». А сёлета адзначыў дваццацігоддзе, але без Вольгі Рыгораўны — яна выйшла на пенсію.

497A3555 copy

Побач з музеем — млын. У Моталі раней было шмат млынароў.

497A3612 copy

Хацела, каб разам з млыном з’явілася стадоля — хлеў, пабудаваны шнуравым спосабам. У ім усё пад адной столяй. Знайшла такі ў адной з вёсак. Планавала набыць, перавезці, паставіць побач з музеем і зрабіць унутры асобную экспазіцыю, прысвечаную мотальскім кажухам, мясцоваму ткацтву і іншым рамёствам.

Запытваюся: няўжо не хацелася проста пасядзець на месцы, зрабіць перапынак?

Я халерык! Мне 66, але калі гадзіну пасяджу, неабходна хаця б вакол дому прабегчы! Чаго не хапае? Выйшла на пенсію, добры дом, паравое ацяпленне, газ, машына — не, не сядзіцца. Пайшла працаваць у сад, вырошчваць дрэвы. Зараз я садавод: раблю прышчэпкі, абразаю дрэвы, прыбіраю сад. Там адпачываю. А сядзець дома — задзярмееш. Галоўнае ў чалавеку — ягоны радавы стрыжань, тое, для чаго нарадзіўся на свет. Кожны чалавек павінен пакінуць пасля сябе след. Адзін робіць адно, іншы — другое, гэтым і запамінаецца. Бывае не толькі добрым, але і дрэнным. Нездарма кажуць: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Маё наканаванне — нешта зрабіць для Моталя, праславіць. Пра яго зноў загаварылі пасля таго, як мы адкрылі нашага Хаіма Вейцмана — першага прэзідэнта Ізраіля, нагадалі ўсім пра Бону, вывелі ў свет «Мотальскія прысмакі» і наш абрад «Вясельны каравай», які існуе яшчэ з часоў язычніцтва!

Наперадзе мяне чакаў майстар-клас па выпяканні вясельнага каравая. Усё рабілі напраўду, адзінае — без народных касцюмаў.

Пра гэты абрад Вольга Рыгораўна ведае ўсё дасканала, бо пякла каравай незлічоную колькасць разоў, а пасля яшчэ і распрацоўвала гэты абрад для музея. Адна са шматлікіх асаблівасцяў абрада — удзельнічаць у ім могуць толькі жанчыны, якія ўдала ўзялі шлюб і маюць моцную сям’ю. Так бы мовіць — злучаныя на нябёсах. Свой шлюб Вольга Рыгораўна адносіць якраз да такіх. У 23 гады, як тая каралева Бона, яна была яшчэ ў дзеўках. Кавалеры не падабаліся. Бацькі былі вельмі заклапочаны няспешнасцю дачкі і настойліва нагадвалі пра неабходнасць зрабіць выбар. На той момант працавала ў сельскім савеце, замяняла сакратара — працы, як заўсёды, было шмат. У адзін з вечароў вырвалася ў кіно. Уселася ў крэсла. Пакруціла галавой і заўважыла побач Івана, з якім вучыліся ў паралельных класах. Ён яе не бачыў, а яна прыглядзелася ўважліва і для сябе вырашыла — за яго пайду! Праз тры месяцы распісаліся. Пражылі разам больш за сорак гадоў. Вырасцілі дваіх сыноў. Так яна і спякла не адзін вясельны каравай.

Мотальскі вясельны каравай

З цестам гаспадыня сябруе. Фактычна кожны тыдзень пячэ булкі. Цеста на іх ідзе тое ж самае, што і на каравай. Таму і сёння разам з асноўнай стравай Вольга Рыгораўна будзе рабіць традыцыйнае мотальскае печыва — каржы. Яны патрабуюць асобнага расповеду, таму пакінем яго да іншага разу. А зараз усю ўвагу сканцэнтрую менавіта на караваі. Паверце, каб унікнуць ва ўсе нюансы, прыйдзецца папацець.

Інгрэдыенты

3 л малака

300 г дрожджаў з разліку 100 г на 1 л

7-8 кг мукі

жменя солі

1 кг цукру

1,5 пачкі маргарыну

7 яек

2 пакеты ваніліну

3-4 сталовыя лыжкі маянэзу

150 г алею

Каравай пачынаецца з малітвы, якая гучыць раніцай у суботу прыкладна адначасова ў двух хатах. У Моталі незалежна адно ад аднаго на вяселле пякуць два караваі: жаніха і нявесты. У кожнай хаце раніцай збіраюцца маці і хросная, моляцца Богу, просяць добрай долі маладым і расчыняюць цеста. Увесь абрад суправаджаецца песнямі і жартамі.

У вялікай пасудзіне змешваюць спаранае (цёплае) малако, растоплены маргарын, цукар і соль. Цукар і соль павінны разыйсціся.

497A3179 copy

Дрожджы здрабняюць рукамі і дадаюць у сумесь, добра перамешваючы. Насыпаюць некалькі шклянак мукі. Сумесь зноў перамешваюць у аднастайную масу. Накрываюць і ставяць у цёплае месца.

497A3221 copy

За апарай увесь час сочаць, каб ніхто нічога не падкінуў, не сурочыў. Апара павінна падыйсці, запоўніць цэлую міску. Калі падыйдзе, ажыве, цеста неабходна падбіць лыжкай, каб выйшлі газы.

Далей пачынаецца замес. Месіць цеста першая каравайніца. Звычайна гэта альбо старэйшая сястра, якая ўжо ў шлюбе, альбо нявестка. Самае найлепшае, каб яна была цяжарная, тады будзе прыбытак і багацце ў дом. Дапамагаюць ёй іншыя жанчыны, якія выключна добра жывуць у шлюбе.

У апару дадаюць узбітыя яйкі — 5 штук, ванілін і маянэз — для смаку. Вымешваюць.

Дадаюць алей. Але яго ўліваюць ў два этапы — 100 г адразу і 50 — пасля, калі цеста амаль гатовае.

Вясельны каравай вымешваецца не ў кухні, а ў самым ганаровым пакоі, пад абразамі. У гэты час абавязкова спяваюць песні, якія ўслаўляюць ўсіх у родзе.

497A3226 copy

Муку дадаюць паступова. Вымешваюць і зноў дадаюць. Цеста павінна быць тугаватым. Месяць яго кулакамі. Існуе меркаванне, што так нельга: маўляў, чалавек натаўчэ дрэннае. Але ў Моталі робяць менавіта так.

497A3241 copy

Зноў алей…

497A3243 copy

Ну а такім цеста павінна стаць.

497A3246 copy

Каравайніцы, якія месяць цеста, мыюць рукі ў спецыяльнай пасудзіне. Тры разы спяваюць песню, выціраюць рукі найпрыгажэйшым ручніком, а пасля ваду з кавалачкамі цеста выносяць у двор і выліваюць пад вішню ці іншае садовае дрэва.

— Каб ваду не натапталі, каб усё ладзілася ў сям’і, нараджаліся дзеці, — тлумачыць Вольга Рыгораўна.

Цеста накрываюць абрусам і чакаюць, пакуль падыйдзе. Калі добрае цеста, хопіць гадзіны.

Цеста падыйшло ў першы раз.

497A3300 copy

497A3302 copy

Далей яго апускаюць і перамяшчаюцца бліжэй да печы.

У хаце Вольгі Рыгораўны печы няма. Узімку яна звычайна пячэ ў старой хаце сваёй матулі, а улетку — у суседняй. Раней дом належыў бацькам мужа. Знаходзіцца паблізу, роўненька праз дарогу.

497A3321 copy

Калі пякуць шлюбны каравай, за печ адказвае асобная жанчына — гаспадыня хаты. Сёння ўсім займаецца сама Вольга Рыгораўна.

497A3346 copy

Паралельна яна гатуе і бляхі для выпякання. Звычайны вялікі таз — пасудзіна для каравая. Таз разаграваюць у печы, а пасля абмазваюць алеем.

Пакуль печ вытапліваецца, цеста паспявае яшчэ раз падыйсці. Пачынаецца гібанне каравая, альбо вымешванне.

Гібае першая каравайніца, астатнія займаюцца ўпрыгожваннямі. Гібаць трэба толькі за сонцам (па гадзіннай стрэлцы) — гэта вельмі важна.

У нашым майстар-класе таксама з’явіліся дапамагатыя: Кацярына — сяброўка гаспадыні хаты і Дар’я.

Вольга Рыгораўна падзяляе цеста на тры часткі. Адна — сам каравай. Другая — для ўпрыгожванняў, якія носяць назву «барылы», а трэцяя — для шышак. Што гэта і як выглядае, я таксама спачатку ўцяміць не магла, але калі ўбачыла, усё ўстала на свае месцы.

Такім чынам, гібанне. На пасыпанай мукой паверхні цеста вымешваюць. Перыядычна прысыпаюць мукой і зноў вымешваюць. Яно павінна стаць добра скручаным, каб была напоўнена сярэдзіна, а зверху каб атрымаўся роўненькі кругляш.

497A3421 (1) copy

Цеста кладуць у таз для выпечкі, змазаны алеем. Пакуль жанчыны займаюцца вырабам упрыгожванняў, цеста крышачку разыходзіцца і падымаецца.

Спачатку вырабляюць касу, ёю аплятаюць ўвесь каравай — сімвал спляцення двух радоў.

497A3442 copy

Вырабляюць упрыгожванні па-мясцовым барыла, ад слова «бавіцца». Спачатку качаюць тонкія каўбаскі, з якіх пасля скручваюць тры мужчынскія пачаткі. Яны выглядаюць вось так…

497A3484 copy

Тры жаночыя, нечым падобныя на марскіх канькоў…

497A3461 copy

Тры агульныя — сумесныя…

497A3480 copy

Касой і барыламі ўпрыгожваюць каравай. Іх замацоўваюць зубачысткамі, каб засталіся на месцах і не ўпалі. А ў цэнтр кампазіцыі садзяць двух галубоў з цеста.

497A3495 copy

У асобнай пасудзіне ўзбіваюць два яйкі для абмазвання цеста.

497A3512 copy

Каравай гатовы, каб адправіцца ў печ на паўтары гадзіны. Гэта яшчэ адна частка абраду. Першая каравайніца нясе каравай да печы, дзе яе чакае гаспадыня і перадае лапату першай каравайніцы. Жанчына ставіць форму з караваем на лапату, тры разы перахрышчвае цеста і ставіць у печ. Пасля абягае ўсе куты хаты, пачынаючы з покуця, перахрышвае іх лапатай, абавязкова стукнуўшы ў столю. Гэтым абрадам яна ачышчае хату ад злых духаў.

497A3536 copy

Пасадзіўшы каравай у печ, пачынаюць упрыгожваць шышкі. Мы пячэм каравай хлопца. Гэта важна пры вырабе шышак.

Што такое шышка? Гэта галінка, якая распадаецца на дзве або тры часткі — расоха. Калі гаспадар вясной абразае свой сад, звычайна шукае падобныя галінкі і збірае, асабліва калі ў хаце ёсць дзеці шлюбнага ўзросту. Сушаць галінкі звязанымі, для прыдання формы. Груша і сліва лепей за ўсё падыходзяць для шышкі.

497A3203 copy

На кожны каравай ідзе па пяць галінак. Для каравая нявесты рыхтуюць дзве расохі з трыма галінкамі і тры — з двума. На караваі жаніха — адна трайчастая і чатыры двайчастыя галінкі.

Перад вяселлем галінкі зноў чысцяць, мыюць, прасушваюць, а пасля ўпрыгожваюць для каравая. Перш-наперш раскачваюць доўгі жгут цеста і абкручваюць кожную галінку.

497A3426 copy

Запякаюць шышкі ў печы яшчэ да каравая і нясуць на покуць астужацца.

497A3529 copy

Астыўшую шышку дзяўчаты ўпрыгожваюць загадзя прыгатаваным збожжам і кветкамі. Раней выкарыстоўвалі яшчэ і розныя зёлкі, напрыклад чысцік. Іх фарбавалі ў зялёны колер і вязалі ў пучкі. Зараз абмяжоўваюцца аўсом, ячменем, пшаніцай і жытам. Іх таксама вяжуць у пучкі і прымацоўваюць ніткамі да шышак, а зверху прыладжваюць каляровыя штучныя кветкі. Усё гэта робіцца ў галоўным пакоі на стале.

497A3639 copy

497A3654 copy

Такім чынам, на кожным караваі будзе па пяць шышак. Асаблівую ўвагу надаюць шышкам, якія будуць мяняць. Справа ў тым, што па чатыры шышкі на кожным караваі застануцца на месцы, а пятую абмяняюць. У жаніха возьмуць двайчастую і заменяць яе на трайчастую з каравая маладой. Адпаведна лішняя двухгалінная з’явіцца на караваі нявесты. Але пра гэта крыху пазней. Вось якія шышкі атрымаліся ў нас.

497A3253 copy

Доўгая гэта праца, скажу я вам! І не дзіва, што раней ў працэсе выпечкі вясельнага мотальскага каравая ўдзельнічалі 7-8 жанчын.

Разам з шышкамі паспеў і каравай.

Існавала такая прыкмета: каравай у печы павінен вырасці і не растрэскацца, інакш сям’я распадзецца. Калі падобнае здаралася, пяклі новы каравай.

Але здараецца і адваротнае. Вельмі добрае цеста — і ў печы каравай вырастае так, што пасля яго немагчыма выняць. Тады выклікаюць кавалёў, якія разбіраюць вусце печы і вымаюць каравай.

Так здараецца нячаста, але ў абрад выпякання традыцыйнага вясельнага мотальскага каравая гэты працэс уваходзіць абавязкова. Ён жартоўны і мае назву «Чын каваля».

Стары хатні дзед апранае спецыяльна прыгатаваны, вывернуты кажух, на галаву — каўпак з мяшка, бярэ сякеру, молат і гучна ўваходзіць у хату з мэтай разабраць печ. Паміж ім, гаспадыняй і першай каравайніцай завязваецца жартоўная перабранка. Печ, вядома, не разбіраюць, але за ілжывы выклік каваля частуюць гарэлкай і выпраўляюць з хаты.

Наш каравай не растрэскаўся і прапёкся. Удалы атрымаўся!

497A3658 copy

Згодна з традыцыяй перад тым як выняць каравай з печы, каравайніцы прыбіралі стол і частку смецця адсыпалі ў фартух адной з жанчын. Яна несла гэтыя рэшткі да суседкі на парог і высыпала. Рабілася гэта для таго, каб дзеці суседзяў хутка параўняліся і таксама ўзялі шлюб.

Другую частку рэшткаў са стала насцілалі ў века ад хлебнай дзяжы. Сыпалі туды жыта. Пакрывалі спецыяльна вытканым абрусам і ставілі на прыбраны стол.

Гаспадыня вымала каравай з печы, перадавала першай каравайніцы, і тая ставіла яго на века і абвязвала ручніком. Пяць жанчын бралі шышкі і адначасова ўтыкалі іх у каравай. Прыкладна як мы зараз.

497A3662 copy

Далей чырвоным мотузам (ніткаю) чатыры шышкі абвіваюць, мінаючы тую, якая будзе мяняцца.

Пасля настае апошняя частка каравайнага абраду — выкуп. Выкупае каравай мядзведзь — так у Моталі называюць блізкага родзіча: разумнага, здаровага, дбайнага гаспадара і добрага сем’яніна. Ён выкупае каравай, паклаўшы грошы ў века пад абрус. Бярэ каравай, высока падымае, круціцца за сонцам і ўносіць яго ў камору. Там ён будзе чакаць сустрэчы з другім вясельным караваем і абмену шышкамі.

Раней маладая ішла ў дом мужа не пасля вянчання і не пасля роспісу ў загсе, а толькі пасля таго, як два караваі сустракалі на адным стале. У хату маладой прыносілі каравай жаніха, ставілі на стол, а з каморы выносілі каравай нявесты і мянялі шышкі. З каравая дзявочага бралі трайчастую шышку, а з хлапечага — двайчастую і мянялі месцамі. Гэта азначала, што адна галінка з роду нявесты пераходзіла ў дом жаніха, у новую радню. І толькі пасля абмену шышкамі жаніх меў права забраць маладую з дому.

Дзеляць караваі звычайна ў самым канцы вяселля. Кожнаму госцю дастаецца кавалачак булкі і шышкі. За такую порцыю неабходна пакласці грошы. Раней караваі дзялілі кожны ў сваёй хаце, бо сабраныя грошы заставаліся бацькам у якасці задзелу на наступнае вяселле (дзяцей у сем’ях было шмат). Зараз, кажуць, усе грошы аддаюць маладым.

497A3681 copy

497A3696 copy

Хачу выказаць удзячнасць старшыні Мотальскага сельвыканкама Сяргею Мікалаевічу Піліповічу. Без яго дапамогі гэтыя рэцэпт і абрад не дайшлі б да вас.

Р. S. Мы перакананыя: кожны чалавек — унікальны, як і кожная страва, прыгатаваная з душой — сапраўдны кулінарны шэдэўр.

Фота аўтара

Еще материалы рубрики:

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. «Калі мужчына адзін» – каларыйны сняданак ад псіхолага

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Сырны суп, альбо Голас, якім размаўляе мінскае метро

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Квасок з зёлак ад спадчыннай шаптухі загадчыцы музея «Дом траўніка» Галіны Вайцяшчук

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Тварожная запяканка ад актрысы тэатра і кіно Ганны Палупанавай

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Запечанае мяса ад уладальніцы зусім не жаночага хобі

Комментарии к статье
Добавить комментарий

Андрусь

Добры артыкул!

Алесь

Впервые в этом году заехали в Мотоль. Я эти этно-музеи, скажу как есть, слабо перевариваю — все одно и то же: черепки, тряпки, прялки и пр. Поэтому отправил жену туда одну, а сам походил по пл. Королевы Боны. Вернулась моя супруга через полчаса и говорит: зря ты, дорогой, на улице остался. Прислушался, зашел — и не пожалел. Его и музеем назвать трудно, — жемчужинка, сотворенная с душой и любовью к своей земле, предкам. Авторам и создателям сего творения выражаем почтение и признательность. В Мотоль, конечно, хочется еще приехать, но это как сложится.

Наталля

Шчыры дзякуй за карысны і пазнавальны артыкул! Былі ў Моталі, наведаліся у Музей народнай творчасці, даведаліся шмат цікавага. Нізкі паклон, Вам, Вольга Рыгораўна!