ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Бульба «па-сярэднявечнаму» з курыцай «пад шубай» ад рэканструктара Паўла Таіпава

20 Ноя 2015 10:52

Автор:

У ім існуюць нібы два розныя чалавекі: сур’ёзны і разважлівы фінансіст і не менш разважлівы, але разам з тым адкрыты і ў нечым апантаны – рэканструктар, музыкант, саліст, аўтар песень і заснавальнік фолк-гурта «Неўрыда». Усе іпастасі яго дзейнасці аднолькава важныя.

За два гады існавання гурта выпусцілі дыск, знялі кліп, зараз працуюць над новым альбомам. Іспанская гайта – валынка, беларуская дуда, флейта, акарына, жалейка – гэтыя інструменты прысутнічаюць у музыцы «Неўрыды». Ну а сам Павел марыць завесці сабе колавую ліру.

Музыка ў яго жыцці была заўсёды. Але ў Інстытут культуры паступіць не здолеў – не прайшоў па конкурсе. Тым не менш у эканамічны ўніверсітэт патрапіў з першай спробы – паслухаўся парадаў бацькоў. Шмат гадоў займаецца эканомікай і фінансамі, хаця марыць калі-небудзь цалкам перайсці ў разрад музыкантаў.

497A5414 copy

Імправізаваная студыя арганізавана зараз у доме бацькоў. Там жыве сям’я падчас рамонту ва ўласнай кватэры. Працуе па начах. Пісаць музыку ніколі сябе не прымушае, чакае натхнення. Кажа, што з-за гэтага і лічыць сябе аматарам, а не прафесійным музыкантам, якія ўмеюць пісаць, так бы мовіць, «да серады». Піша тады, калі пішацца. Не ўсё пускае ў работу, некаторыя мелодыі доўга чакаюць свайго часу.

497A5412 copy

Перастаў хадзіць у рэстараны, калі пазнаёміўся з будучай жонкай, бо гатуе яна цудоўна! Як сапраўдны рэканструктар аддае перавагу мясу на вогнішчы, асабліва любіць бараніну, правільна замарынаваную. І зноў жа, у выкананні жонкі. Яна чалавек такі ж шматгранны, як Павел. У цывільным жыцці займаецца правам у галіне інтэлектуальнай ўласнасці. Па-за працай – кулінар, рэканструктар, лучніца. Інтарэсы мужа цалкам падзяляе. А магчыма, гэта ён ейныя падтрымлівае. Тут пытанне. Бо рыцарскія фэсты, лук, стрэлы, старажытная ежа з’явіліся, калі яны ўжо былі разам. Коўдру на сябе з дваіх ніхто не перацягвае, кожны на сваім месцы і стараецца дапаўняць, а не супернічаць.

Неяк агульна вырашылі, што сваю кватэру ў адной з мінскіх навастроек ператвораць у сярэднявечны замак. Замовілі адпаведны дызайн-праект, да работы прыступілі будаўнікі. Дарэчы, менавіта таму сёння мы гатуем не на кухні, што абсталявана ў стылі эпохі Сярэдніх вякоў, а на звычанай, у бацькоў Паўла.

497A5401 copy

Рамонт у кватэры-замку ў самым разгары. Кажа, здзівіліся, калі аказалася, што зрабіць такі інтэр’ер у некалькі разоў танней, чым звычайны ў любым з сучасных модных стыляў. Адзінае, што пацягнула грошы, – арачныя столі. Над гэтай часткай інтэр’еру будаўнікам прыйдзецца папацець. На сценах з цягам часу з’явяцца не толькі шчыты, зброя і скуры жывёлаў, а і генеалагічнае дрэва сям’і, тым больш што гісторыя продкаў даволі цікавая…

Да пятага калена высветлілі родных па лініі матулі – яны тутэйшыя. А вось па бацькавай усё складаней. Адзін з пра-, пра-, пра- … прадзедаў Паўла – удзельнік бітвы пры Барадзіно. Гэта першы з продкаў па бацькоўскай лініі, пра каго дайшла інфармацыя да нашчадкаў. Бацька Паўла яшчэ ў савецкія часы перабраўся ў Мінск з Салавата – горада непадалёк ад Уфы – і ўзяў шлюб з беларускай. Башкірскую кроў у русага з блакітнымі вачыма Паўла выдаюць скулы і ягоны вобраз рэканструктара. З усіх магчымых варыянтаў: рыцары конныя і пешыя, гусары, ваенныя часоў вайны 1812 г. – ён абраў вобраз усходняга лучніка часоў Залатой арды, альбо воіна арміі мусульманскага ўсходу. Дарэчы, нават прычоска Паўла сведчыць пра тое, што ён не просты чалавек, а воін-лучнік таго перыяду.

002 copy

Фота з архіва Паўла Таіпава

Заўсёды разам з музыкай цікавіўся гісторыяй, фэнтэзі. Недзе глыбока жыла і любоў да рыцарскіх фэстаў – яны падабаліся заўсёды, але спачатку як гледачу. Пакуль аднойчы не пазнаёміўся з кіраўніком Мінскага стралковага клуба лучнікаў. З тых часоў стаў страляць. Каб расслабіцца, прыйсці ў нармальны стан, нехта займаецца, напрыклад, йогай. Павел жа нацягвае цеціву. Для яго гэта спосаб ачысціць галаву ад непатрэбных думак.

У хаце пакуль два лука: яго і жонкі. Яны адрозніваюцца па памеры і вазе. Не выключае, што праз некаторы час з’явіцца яшчэ адзін – для дачкі.

497A5436 copy

Лук – «цацка» дарагая. Каштуе каля двухсот долараў. Стрэлы – расходны матэрыял. Кошт адной – ад сямі долараў і вышэй. Вырабляецца лук на заказ, пад канкрэтнага чалавека. У нас ёсць адпаведныя спецыялісты – майстры сваёй справы. У лука Паўла ёсць імя, якое даў яму сам стваральнік. Чаму невядома, але Майстар назваў свой твор «Махнаты».

Такі лук па сваіх якасцях і знешнім выглядзе нічым не адрозніваецца ад тых, з якіх стралялі стагоддзі таму. Страла, выпушчаная прыцэльна, ляціць на 50 метраў і прабівае ахову, якая абараняе ад куляў, выпушчаных з пісталета Макарава.

У правілах карыстання лукам ёсць адно, вельмі важнае: лук баіцца гарачага надвор’я. Сярод іншых правілаў, якія адразу агучваюць навічкам, і наступнае: ніколі не спускаць нацягнутую цеціву без стралы. Калі лук «моцны», цеціва можа пакінуць на руцэ вялізарную гематому, а ў выключных выпадках нават перарэзаць вены. Менавіта з-за гэтага існуе спецыяльнае ахоўнае прыстасаванне – наруч.

497A5468 copy

У рэканструктараў сезон – з вясны па восень, калі надвор’е дазваляе выязджаць з начоўкамі на фэсты. Раней, калі сітуацыя ў суседзяў была спакойная, выязджалі на турніры ледзь не кожныя выхадныя. Зараз радзей.

Стандартны фэст цягнецца тры дні: з пятніцы па нядзелю. Гэта фактычна той час, калі сучасны чалавек можа цалкам пагрузіцца ў іншую эпоху. Гэта тычыцца ўсяго – ад ежы і адзення да ўмоў жыцця. Кажа, гэта не складанасці, а адпачынак, і тлумачыць:

Дзякуючы таму што набылі сярэднявечную саксонку, на фэсты сталі выязджаць усёй сям’ёй. Але ўмовы ўсё роўна набліжаны да спартанскіх: саксонка ў дождж працякае, ежа гатуецца на вогнішчы, гліняны посуд мыецца ў суседняй рацэ пяском ці саломаю. Дарэчы, на саломе і спім, ніякіх спецыяльных умоў. Адзенне адпаведнае эпохе – сукенкі шые жонка. Увогуле, калі мужчыны на фэсце займаюцца турнірам, расстаноўкай лагера і яго зборам, то на плечы жанчын кладуцца ўсе астатнія бытавыя пытанні. Гэта здорава – сваеасаблівая атмасфера, адпачынак для душы…

На фэстах суправаджае бацькоў і дачка. Яшчэ адзін удзельнік выездаў – паўночна-сібірская лайка. Сабаке яшчэ няма двух гадоў. Аднойчы, праглядаўшы інтэрнэт-старонкі, Павел выпадкова патрапіў на рэкламу пітомніка. Паглядзеў, але шчанюкі не ўразілі, тым не менш нешта зачапіла. Палез глядзець далей, што ўвогуле на рынку прапануюць. Убачыў аднаго, паказаў жонцы – адобрыла. Сабака быў з Сургута, і на яго быў заказ, але за ім не прыехалі. Так у доме з’явілася Райна. Як аказалася, яшчэ яе дзядуля быў ваўком.

008 copy

Фота з архіва Паўла Таіпава

Падчас выездаў дома застаецца толькі змяя па мянушцы Ішум. Неатрутная, метры паўтары ў даўжыню. Любіміца дачкі. Яе некалі даўно, яшчэ да шлюбу, падарылі жонцы. Калі даведаўся пра гэты «пасаг», сам спачатку спужаўся, а пасля прызвычаіўся. Калі холадна, бярэ змяю, кладзе за спіну пад адзежу – і ніякай грэлкі не патрэбна. Але разумее, што падобная забава выключна на аматара. У марах завесці ворана ці ліса, але не ў кватэры.

Я не вытрымала і задала пытанне, якое даўно круцілася на языке:

– Як ставяцца бацькі да падобных ідэй і стыля жыцця сына і яго сям’і?

Прызвычаіліся, але здзіўляцца працягваюць. Не толькі бацькі, многія, хто мяне добра ведае, кажуць, што я не з той эпохі. Не ў той час нарадзіўся. Не люблю, калі мяне прымушае асяроддзе ўключацца ў гонку на хуткасць: тут паспець, то зрабіць, туды прыбегчы. Праблем няма – усё паспяваю, але не люблю. Мне падаецца, што за гэтай штодзённай мітуснёй людзі перастаюць бачыць цікавае ў жыцці і прыгожае. Мяне не разумеюць некаторыя: як можна проста паехаць у лес? Навошта? Па грыбы, па ягады – зразумела, а проста з сабакам пахадзіць – як так? А я, бывае, езджу ў аэрапорт, каб проста папіць кавы і паглядзець, як узлятаюць самалёты. Падабаецца рабіць нешта рукамі, музыку пісаць, падабаецца, назіраць за людзьмі. А мне многія кажуць: «На што ты губляеш час?» Я так люблю. Не люблю кар’ерызм, залішнюю амбіцыйнасць, нахабства і многія іншыя якасці, якія зараз культывіруюцца… Калі мужчына не трымае слова, напрыклад.

А вось сярод сваіх недахопаў асноўным называе ляноту… Галоўным для сябе лічыць рабіць тое, што падабаецца, але добра і якасна. І не думаць пра моду, яна дама зменлівая.

Бульба «па-сярэднявечнаму» з курыцай «пад шубай»

Павел прызнаецца, што гатуе нячаста. Некалькі разоў за час нашага знаходжання ў пліты тэлефануе супруге, каб удакладніць некаторыя нюансы. Так што і яна на кухні прысутнічае, праўда, віртуальна.

Расказвае, што бульба «па-сярэднявечнаму» асабліва смачна атрымліваецца ў печы. Але ў нас умовы сучасныя, камфортныя, з духавой шафай. Забягаючы наперад, скажу: атрымліваецца таксама вельмі смачна.

Інгрэдыенты:

бульба;

аліўкавы алей;

пучок пятрушкі і кропу;

3-4 зубчыкі часныку;

лімон;

соль, перац;

масла;

фольга для запякання.

497A5270 copy

Бульба нам спатрэбіцца роўная, прыгожая, без чорных кропак. Чым буйней па памеры, тым лепей. Чысціць яе не трэба, неабходна вельмі добра памыць, лепей за ўсё пацерці спецыяльнай шчоткай альбо выкарыстаць звычайную губку для мыцця посуду, дакладней, яе больш жорсткі бок.

На кожнай бульбіне робім надрэзы сетачкай: тры-чатыры ўздоўж і тры-чатыры поперак. Нажом надрэзы крыху рассоўваем, каб соус, які мы прыгатуем асобна, мог пранікнуць углыб бульбы. У некаторых вельмі шчыльных гатункаў прыйдзецца рабіць не проста надрэзы, а выразаць танюсенькія палосачкі. На гэта спатрэбіцца больш часу, а так займае не больш за 15 хвілін разам з падрыхтоўкай соусу.

497A5340 copy

Для соусу здрабняем пятрушку, кроп і часнык. Павел наразае зубчыкі нажом. Ні таркай, ні часнычніцай не карыстаецца. Выціскае сок паловы лімона. Соліць і перчыць па смаку. Залівае ўсё алеем і добра размінае відэльцам, каб пятрушка, кроп і часнык пусцілі сок. На сваёй кухні звычайна карыстаецца ступкай з песцікам. Так хутчэй і зручней.

497A5322 copy

Разразаем фольгу на кавалкі так, каб у яе можна было загарнуць па адной бульбіне. Кладзем бульбу ў фольгу, а зверху на надрэзы накладваем чайную лыжку соусу.

497A5374 copy

На соус выкладаем кавалачак масла, яно надасць бульбе асаблівы смак.

497A5389 copy

Бульбу ў фользе кладзем у форму для запякання. Шчыльна закручваем фольгу і адпраўляем у духоўку. Запяканне зойме не менш за гадзіну. Курыца гатуецца значна хутчэй, таму ставім гатавацца бульбу і займаемся мясам.

Інгрэдыенты для курыцы:

2 курыныя грудкі;

сыр;

1 памідор;

1 балгарскі перац;

цыбуля;

соль, перац па смаку.

Курыную грудку наразаем кавалкамі шырынёй крыху больш за сантыметр.

497A5347 copy

Раскладаем кавалачкі, накрываем плёнкай і адбіваем. Плёнку Павел выкарыстоўвае для таго, каб пырскі не ляцелі ў розныя бакі і кухонныя паверхні заставаліся чыстымі.

497A5351 copy

497A5355 copy

Курыцу солім, перчым і размяшчаем на патэльні альбо ў форме для запякання. Не забывайцеся, кавалкі пасля кулінарнай апрацоўкі зменшацца ў памерах, таму выкладайце курыцу дастаткова шчыльна.

Цыбулю наразаем паўкольцамі і кладзем на курыцу.

497A5361 copy

Другі слой – нарэзаны кольцамі памідор, слой салодкага перцу і тонкая сетачка з маянэзу.

497A5366 copy

Апошні слой – натаркаваны на буйной тарцы сыр.

497A5368 copy

У такім выглядзе курыца накіроўваецца ў духавую шафу да бульбы. Але перш чым гэта рабіць, раю падлічыць час, каб абедзве стравы дастаць з духоўкі адначасова. Стаўце курыцу не раней чым праз 50 хвілін пасля бульбы, тады і вымаць вы іх будзеце адначасова, яшчэ праз 25–30 хвілін.

Такім чынам, час знаходжання ў духоўцы бульбы – гадзіна дваццаць, курыцы – 30 хвілін. Перш чым даставаць бульбу, прыадкрыйце адну і пракаліце відэльцам.

497A5473 copy

Зразумела, што гэты рэцэпт не ўзнік непасрэдна ў Сярэднія вякі. На нашых землях бульба з’явілася толькі ў другой палове сямнаццатага стагоддзя. Тым не менш рэцэпт заслугоўвае ўвагі, хаця гатаванне і патрабуе даволі шмат часу.

Пытанне толькі ў тым, ці знімаць лупінне з бульбы? Рэкамендую спачатку пакаштаваць так, і толькі калі не спадабаецца, лупіць. Але мне падаецца, большасць стане прыхільнікам бульбы ў мундзіры.

Ну а курыца стане не менш смачным дапаўненнем.

497A5511 copy

Р.S. Мы перакананыя: кожны чалавек – унікальны, як і кожная страва, прыгатаваная з душою, – сапраўдны кулінарны шэдэўр.

 Фота аўтара

Еще материалы рубрики:

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Запечанае мяса ад уладальніцы зусім не жаночага хобі

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Вясельны каравай ад стваральніцы музея, тэатра і фестывалю «Мотальскія прысмакі»

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Лазанья з сёмгай ад паспяховага эканаміста, якая ў вольны час стварае лялек

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Азіяцкая гарачая салата, альбо Моцная слабая жанчына, якая збіраецца стаць шкіперам

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Рулька з тушанай бульбай і капустай ад звычайнай жанчыны, якая дакладна ведае, што такое шчасце

Комментарии к статье
Добавить комментарий

Анастасия

Отличное блюдо!!!! Спасибо Павлу и Елене!