З мовай па жыцці: беларускамоўныя студэнты расказалi аб стаўленнi грамадства да iх незвычайнасцi

24 Фев 2017 16:06

Автор:

На якой мове лепш размаўляць у супермаркеце і як напісаць кантрольную па матаналізе па-беларуску, карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» распавялі студэнты ВНУ, якія ўжо некалькі гадоў гавораць толькі на роднай мове.

На пытанні адказвалі

Ганна Лось (Г.), інжынерна-эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі,

1_1HKhY67mU

Ян Палазнік (Я.), факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ),

dhVQCJN5iic

Багдан Сакалоў (Б.), спецыялізацыя «Візуальная культура і крэатыўныя індустрыі» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта,

LuopOD-UJ4c

Ксенія Піневіч (К.), факультэт міжнародных адносін БДУ,

ysLMBFwXSg4

Павел Аксіновіч (П.), Інстытут журналістыкі БДУ.

Y60VRz_pRBc

— Як даўно размаўляеце па-беларуску і што вас да гэтага падштурхнула?

Г.: Я з 8-га класа ўдзельнічала ў алімпіядах па беларускай мове, і перад імі на два тыдні пераходзіла на беларускую мову ў паўсядзённым жыцці. А ў 11-м і ўвогуле перайшла….

Я.: З 2011 года. Дагэтуль не асабліва любіў мову, не бачыў практычнага сэнсу яе вывучэння і выкарыстання. Пераломны момант адбыўся на юнацкім чэмпіянаце Еўропы па шашках-100. Вось там i адчуў, наколькі моцная сувязь адзінства і падтрымкі сярод удзельнікаў з адной краіны, якія ходзяць у футболках аднаго колеру, спяваюць разам і з гонарам гімн і размаўляюць на роднай мове. Мы такім пахваліцца не маглі, нават часта прыязджалі ў футболках з сімволікай Мінска, а не Беларусі. Усё гэта чапляла і ў выніку пералілося ў разуменне, што на роднай мове трэба размаўляць, а не цурацца яе.

Б.: Кажу па-беларуску ўсё сваё жыццё. Так сталася, што бацькі спачатку вучылі мяне роднай мове, а потым ужо замежным: англійскай і рускай. Я з дзяцінства чуў беларускую мову, чытаў кнігі на ёй. Руская для мяне дагэтуль засталася замежнай, як i англійская.

К.: Пачала размаўляць у 11-м класе, збіралася яшчэ ў 10-м, але кожны раз кідала гэтую ідэю. Не магу сказаць, што была нейкая канкрэтная прычына. Проста я заўжды лічыла, што кожная нацыя павінна берагчы сваю ідэнтычнасць, сваю мову, памятаць сваю гісторыю.

П.: Цалкам перайшоў на мову, калi паступіў ва ўніверсітэт — тры з паловай года таму. Да гэтага часу ў беларускамоўным асяроддзі таксама гутарыў па-беларуску. Вырашыў канчаткова перайсцi, калі пачаў адчуваць сябе беларусам, бо як можна быць ім, не ведаючы роднай мовы?

— Ці размаўляюць па-беларуску вашы бацькі, сябры?

Г.: У маёй сям’і добра ведаюць родую мову — пастаянна наведваюць беларускамоўныя імпрэзы, бабуля піша лісты на радыё выключна на ёй. Што датычыцца сяброў, ёсць тыя, хто са мной і ў маім асяроддзі гаворыць выключна па-беларуску, ёсць тыя, хто проста станоўча да гэтага ставіцца, а ёсць і тыя, хто не зусім разумее такое маё рашэнне. Ёсць таксама некалькі чалавек, якія пачалі выкарыстоўваць беларускую мову, дзякуючы мне. Праўду кажуць: хочаш змяніць свет — пачні з сябе.

Я.: Амаль ніхто не размаўляе. Калі пачаў больш сур’ёзна вывучаць мову, не было нікога, з кім можна было б паразмаўляць на ёй. Вывучыць мову з нуля мне дапамагла выдатная выкладчыца з Ліцэя БДУ, і ў выніку я паспяхова здаў фізіку з матэматыкай на ЦТ на роднай мове. Потым з’явілася сяброўка, якая заўсёды размаўляе па-беларуску. А цяпер яшчэ і бацькі з бабулямі пачынаюць пераходзіць на мову ў размовах са мной, за што ім вельмі ўдзячны.

Б.: Калі казаць увогуле пра кола людзей, з якімі часта кантактую, то размаўляюць не ўсе, хаця маё пастаяннае ўжыванне беларускай мовы пачынае падштурхоўваць да яе выкарыстання нават самых рускамоўных сяброў і знаёмых. А з большага, амаль усё блізкае кола гутарыць па-беларуску.

К.: Раней было некалькі беларускамоўных знаёмых, але зараз усе мае сябры, знаёмыя і сям’я размаўляюць толькі па-руску. Калі пачала ўжываць мову, ніхто не быў супраць. Нават мама, хаця па нацыянальнасці яна руская.

П.: Маці даволі добра ведае, але рэдка ўжывае беларускую мову. Са мной амаль заўсёды гаворыць па-руску. Бацька жа часта гутарыць на трасянцы і ўжывае некаторыя беларускія словы ў размове са мной. А так, у мяне даволі шырокае кола беларускамоўных сяброў.

— Як ставяцца да таго, што вы размаўляеце па-беларуску, ва ўніверсітэце? Былі выпадкі, калі забаранялі здаваць залік або экзамен на роднай мове?

Г.: Было два выпадкі, калі мне не дазволілі выкарыстоўваць беларускую: адна выкладчыца была з Расіі, а другі выкладчык настаяў, што адукацыю тут я павінна атрымліваць па-руску. У астатнім людзі вельмі станоўча ставяцца: мяне хутка запамінаюць, размаўляюць са мной на роднай мове. Я лічу, што гэта нават дзіўна, што выкладчыкі ў тэхнічным універсітэце так добра размаўляюць па-беларуску. Дзіўна і вельмі прыемна.

Я.: Спецыфіка маёй прафесіі ў тым, што я размаўляю з выкладчыкамі на мове формул і лічбаў. Некаторыя лабараторныя і кантрольныя пісаў усё ж такі па-беларуску. Да экзаменаў рыхтаваўся заўсёды на беларускай мове, аднак на саміх іспытах адказваў на другой дзяржаўнай. Нажаль, я не вельмі ўпэўнена трымаюся перад вялікай колькасцю людзей, а размова па-беларуску дадае мне ў такім выпадку большы стрэс. Таму на экзаменах проста не мог сябе перасіліць.

Б.: У ЕГУ — поўная моўная талерантнасць. Пры размове з расіянамі, літоўцамі, якія беларускай не разумеюць, даводзіцца пераходзіць на зразумелую ўсім мову. Але, так як выкладчыкі з большага беларусы, то свае працы і адказы раблю па-беларуску.

К.: Усе мае аднагрупнікі звыкліся, хаця спачатку таксама здзіўляліся. Зараз некаторыя з іх падыходзяць да мяне з просьбай дапамагчы ім вывучыць беларускую мову. Выкладчыкі мяне хутка запамінаюць, таму часцей выклікаюць на семінарах.

П.: Ва ўніверсітэце ставяцца па-рознаму. Некаторыя лічуць маю мову недастаткова правільнай, хаця самі на ёй не могуць і сказа вымавіць. Але шмат хто падтрымлівае, асабліва выкладчыкі. Усе прадметы здаю на беларускай мове.

Як рэагуюць староннія людзі? Ці часта перапытваюць, просяць паўтарыць па-руску ці проста адмаўляюцца размаўляць?

Г: Калі пераходзіла на мову, баялася, што на мяне будуць азірацца ў грамадскіх месцах, але не. Людзі ў нас альбо прызвычаіліся, альбо абыякава ставяцца да пытання мовы. Калі ў школе вучылася, была сітуацыя з кандуктарамі, якім прыходзілася тлумачыць, што такое даведка. Бывае, людзі просяць нешта перакласці, але за гэта іх не асуджаю — калісьці сама не ведала такіх слоў, як «альтанка», «рондаль», «развязак». У жыцці стараюся ўжываць паменш незразумелых людзям слоў — няхай яны палюбяць мову, бо яна простая, інакш у іх знікне жаданне яе разумець.

Я.: Многія людзі адносяцца з захапленнем, ці, прынамсі, з прыязнасцю. Толькі прызнаюцца, што не ведаюць беларускую мову дастаткова, каб якасна весці размову. Таму я прывык да руска-беларускіх дыялогаў. Я нікога не прымушаю размаўляць на канкрэтнай мове, для мяне галоўнае — паразуменне паміж суразмоўцамі. Таму калі ў кагосьці праблемы з беларускай, заўсёды пераходжу на рускую.

Б.: Бывала, некаторыя супрацоўнікі ў крамах спрабавалі казаць нешта негатыўнае ці рабіць выгляд, што не разумеюць… Але я на практыцы даказаў, што патрабаванне кнігі скаргаў адкрывае ў прадаўцоў выдатнае разуменне нацыянальнай мовы. Зараз нават адказваюць па-беларуску.

К.: Людзі здзіўляюцца, з цікаўнасцю пазіраюць, але ніхто агрэсіўна не рэагуе. Адзначу толькі, што некаторыя спрабуюць навязаць сваю пазіцыю, хаця я нікога не агітую перайсці на беларускую мову.

П.: У мяне вельмі рэдка штосьці перапытваюць. Вось зусім нядаўна, калі набываў квіток на аўтобус, прадстаўніца кампаніі цудоўна валодала мовай. Літаральна ўчора запісваўся да доктара ў паліклініцы, і ў рэгістратуры мне адказалі па-беларуску з даволі якаснай лексікай.

— Як вы ставіцеся да таго, што шматлікія кампаніі, арганізацыі пачалі выкарыстоўваць мову з мэтай прыцягнення кліентаў?

Г.: Я нават даследчую работу на канферэнцыю рабіла на тэму выкарыстання беларускай мовы ў маркетынгавых камунікацыях. І была прыемна здзіўлена, што некаторыя кампаніі ўжываюць беларускую і як мову справаводства. Зараз гэта трэнд, і трэба ім карыстацца. Я не раблю размежавання паміж таварамі і паслугамі, этыкеткі, упакоўка ці назвы якіх на рускай або беларускай мове, але ўсе трэнды на роднай мове адсочваю і па магчымасці выкарыстоўваю іх больш не з-за неабходнасці, а ў падтрымку гэтага руху.

Я.: Станоўча стаўлюся. Гэта добра, што людзі пачынаюць разумець важнасць мовы ў камерцыі і проста ў жыцці. Увогуле для мяне няма вялікай розніцы, на якой мове адкажа афіцыянт ці прадавец.

Б.: Трэнд — гэта добра. Але чаму для нашых суседзяў абсалютна нармальна, калі ўсё навокал менавіта на нацыяльнай мове, а ў Беларусі гэта выклікае шок і нейкую выключнасць? Хаця няхай гэта пачнецца вось так, чым будзе віраваць сярод культурных эліт.

К.:  Асабіста мне ўсё роўна, на якой мове будзе назва той або іншай кавярні ці крамы. Галоўнае, каб там было атмасферна.

П.: Мова цяпер даволі модная рэч, так што нічога дзіўнага ў гэтым няма. У ёй больш запазычанай лексікі з еўрапейскіх моў, чым у рускай, ды ёсць свае адметныя і прыгожыя словы. Праз гэта выходзяць файныя назвы. Я стараюся набываць рэчы, этыкетка ці ўпакоўка якіх на мове, і часта хаджу ў месцы з аўтэнтычнай беларускай назвай.

Падрыхтавала Настасся Даніловіч.

Комментарии к статье
Добавить комментарий

Ксенiя

Вельмі цікавы тэкст, дзякуй!