ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Мяса, запечанае з гароднінай, альбо Моцнай і самастойнай трэба быць нават за добрым мужам

Яе гісторыю можна распавесці ў двух варыянтах. Калі коратка, сэнс атрымаецца адзін, ну а калі глядзець у глыбіню, ці проста быць сведкам падзей – убачыш абсалютна іншае…

Алеся Аўдзеева – кіраўнік уласнага гандлёвага прадпрыемства па продажы дзіцячага адзення. Паразмаўляць са мною пагадзілася, але доўга не разумела, што можа зацікавіць у яе жыцці іншых – стандарная гісторыя дзяўчыны з правінцыі, якая ўдала ўзяла шлюб у сталіцы, маўляў, такіх гісторый сотні. Я пацікавілася, ці сапраўды яна сама так лічыць? Задумалася, а пасля пачала распавядаць пра сябе, пагадзіўшыся, што не ўсё так проста. Гаспадыня вялікага дома гатавала на сваёй прасторнай кухні вячэру для дваіх дачок, мужа і матулі і ўзгадвала, як гадоў пятнаццаць таму апынулася ў Мінску…

DSC00720 копия copy

Студэнтка-завочніца, прыехаўшы летам да сваякоў у сталіцу, вырашыла паспрабаваць знайсці працу. У Мінску магчымасці іншыя, ды і зарплаты ў любым выпадку большыя. Гэта немалаважна, калі плаціш за вучобу самастойна (матуля выхоўвала яе і малодшага брата адна). На фірму патрабаваўся бухгалтар. Субяседванне прайшла з лёгкасцю, зняла жыллё. На офіс прыходзіла ціхенька як мыш, садзілася за свой стол і да вечара не адрывала вачэй ад дакументаў. Мужчынскі калектыў іх фірмы, ды і суседняй, з якой падзялялі курыльню, такіх паводзінаў не разумеў. Глядзеў на новую супрацоўніцу як на іншапланецянку: не курыць, міні не носіць, вачыма направа і налева не страляе, нават уходзіць пазней за ўсіх, калі ўсе разыйдуцца па дамах – дзіўны экземпляр… А яна працавала: разбіралася ў тым, што не ведала, вывучала заканадаўства. А яшчэ разумела, што за яе спінаю ніхто не стаіць і, калі не сама, то хто?

Так прайшоў першы месяц. Зарплату затрымлівалі, але яна не панікавала. Паступова інакш сталі ставіцца супрацоўнікі: непаразуменне змянілася павагай. Некаторыя сталі самі да яе акуратна ў кабінет прыходзіць, але яна трымала дыстанцыю. Па кансультацыю да маладога спецыяліста звярталіся нават з суседняй фірмы. Прыходзіў сам дырэктар – Сяргей. Абмяркоўваў некаторыя складаныя пытанні, раіўся, як зрабіць лепей. Паралельна акуратна распытваў пра яе. У адзін з такіх візітаў, прапанаваў перайсці працаваць да яго с зарплатай без затрымак і невялікай прыбаўкай. Яна пагадзілася падумаць. Платная вучоба і здымная кватэра перацягнулі – перайшла.

Іх адносіны абмяжоўваліся выключна працай. Але аднойчы ёй патэлефанавалі. Гэта была грамадзянская жонка шэфа. Яна казала, што ўсё ведае, пагражала. Алеся плакала, не разумела, у чым яе падазраюць, хацела звольніцца адразу. Але дырэктар запэўніў, што больш такога не паўтарыцца, прасіў прабачэня і тлумачыў, што гэта такі характар…

Значна пазней, ужо распісаўшыся і нарадзіўшы першую дачку, Алеся даведалася, што першая фірма, на якую яна прыйшла працаваць, сваім бухгалтарам ніколі не плаціла. Нехта вытрымліваў два месцы, нехта тры, а пасля на вакантнае месца прыходзіла новая супрацоўніца і ўсё пачыналася па новай. Дзяўчаты стараліся бліжэй раззнаёміцца з мужчынамі і большую частку працоўнага дня прападалі ў курыльні. Ад яе чакалі такіх жа паводзінаў і спачатку здзіўляліся. Здзіўляўся і Сяргей. На змену здзіўленню прышоў інтарэс, а пасля і пачуцці… Як аказалася, тады ён сам размаўляў з Алесіным дырэктарам і па-сяброўску папрасіў не крыўдзіць дзяўчыну і плаціць грошы сваечасова. А калі зусім прыкіпеў, прапанаваў працу ў сябе. Што новая бухгалтар падабаецца, віду не падаваў яшчэ можа паўгады: акуратна, прыгожа і няспешна хадзіў навокал, каб не спугнуць і не згубіць зусім.

А яна за гэты час ацаніла яго: больш за ўсё ўразілі адносіны з прыёмным сынам. Тады глядзела і думала: калі да гэтага хлопчыка так, то як жа будзе ставіцца да ўласных дзяцей? Гэта пытанне для яе было вельмі важным, бо сама вырасла без бацькі. Упэўненасць, мяккасць, спакой, адчуванне сабе жанчынай, а не матуляй маленькага хлопчыка, – гэтыя пачуцці прыходзілі паступова. Паступова з’явілася і каханне. Але не тое імгненнае, якое накрывае з галавою, і ты не можаш дыхаць, а пасля так жа не можаш дыхаць, але ўжо ад болю страты і сціснутага сэрца ў грудзях, – іх пачуцці нараджаліся павольна. «Ён частка мяне, я – частка яго. Ён мой самы родны чалавек» – так яна называе тое, што адчувае.

Пачуцці пачуццямі, вяселле вяселлем, але працаваць Алеся не пераставала, стаўшы паўнацэннай часткай яго кампаніі. Зноў засвойвала новае, дасканала разбіралася ў заканадаўстве, дапамагала і раіла, а ён вучыў таму, чым валодаў сам. Так у сямейным тандэме нараджаліся самыя верныя рашэнні.

А потым нарадзілася першая дачка. Яшчэ ў дэкрэце Алеся задумалася пра ўласны бізнес. Муж пагадзіўся, але пры ўмове, что яна складзе паўнацэнны бізнес-план свайго будучага праекта. Калі перспектыўна – дапаможа, інакш – не.

На той момант самым актуальным і цікавым для маладой матулі было дзіцячае адзенне. Спачатку хадзіла ў дзяржаўныя і прыватныя крамы, занатоўвала цэны, складала пералік таго, чаго не хапае на рынку. Пасля села за камп’ютар і некалькі месяцаў шукала вытворцаў з Кітая. Далей была доўгая перапіска. Дапамагаў школьны англійскі і Google Translatе. Паралельна вывучала заканадаўства, падаткі, мытнае афармленне тавараў для дзяцей. Заказвала ўзоры адзення, здавала на праверку, каб не было прытэнзій да якасці, калі прыйдзе першая партыя. Кажа, было складана таму, што прыходзілася усё раскапваць, шукаць, адкрываць. Знаёмых, якія б параілі, у гэтай сферы не было. Ды і тыя, хто займаецца падобным бізнесам, свае сакрэты звычайна не адкрываюць. Год і тры месяцы пайшло на тое, каб усё склалася і заняло свае месцы.

Узгадвае, як тоўсты талмуд прынесла мужу, быццам у банк ішла за крэдытам… Адобрыў, выдзяліў грошы на першую закупку тавара. На той момант ёй было 25. З таго часу паступова сама развівае свой бізнес. Калі нешта не ведае, раіцца з мужам. Кажа, што розныя перыяды былі, але зараз самы складаны. Прызнаецца, што, калі б распачынала сёння, магчыма нічога не атрымалася б увогуле.

Спалучаць бізнес і хатнія абавязкі дапамагае матуля. Алеся даўно перавезла яе ў Мінск і прызнаецца, што без гэтай дапамогі не справілася б. Дзецьмі займаюцца разам з мужам. У дачок шчыльна распісаны кожны дзень: танцы, гімнастыка, музыка, часам дадаюцца рэпетытары. Таму з верасня па май складае спецыяльны графік на кожны дзень: хто, калі, куды і каго адвозіць, хто каго забірае. З гонарам распавядае пра дасягненні дзяўчынак, паказвае танцавальныя кацюмы, прызы за перамогі ў конкурсах.

DSC00864 копия copy

DSC00876 копия copy

Пра сябе кажа, што ніякага хобі не мае. Але калі водзіць па дому, прызнаецца, што дызайнам займалася сама. Спачатку запрасіла спецыяліста, паглядзела, як працуе, і вырашыла, што ў самой усё атрымаецца. Зараз у яе новае захапленне – лялькі Тыльды і пэчворк – патроху прыўносіць у дызайн дома гэтыя новыя элементы. Але робіць не сама, заказвае ў спецыялістаў. У самой на гэта проста не хапае часу, хаця мара навучыцца шыць – ёсць.

DSC00844 копия copy

Не можа сядзець дома без справы. Тое, чым займаецца, павінна быць цікавым. Вельмі важна бачыць вынік сваёй працы. Перфекцыяністка – калі за нешта бярэцца, дасканала вывучае пытанне, а пасля робіць ідэальна, каб атрымаць максімальны вынік. Калі ў нечым не разбіраецца, садзіцца і выясняе ўсё да дробязяў.

Тым не менш галоўным у жыцці лічыць зусім не бізнес, а сям’ю і дзяцей. Бізнес – другаснае. Нават калі яго не будзе, упэўнена, са сваімі навыкамі і ведамі працу знойдзе. А вось калі сям’і няма – жыццё непаўнацэннае.

DSC00724 копия copy

Са старэйшай дачкой Дашай

Называе сябе моцнай самастойнай жанчынай. Муж – апора, сцяна, галоўны крытык і памочнік, чалавек, які падтрымлівае і зараджае сваёй энергіяй. Так, і моцнай жанчыне патрэбны падпітка, увага і пачуцці. Увогуле, лічыць, што людзям часцей трэба казаць адзін аднаму словы кахання. Гэта важна: акрыляе, нават пасля 13 гадоў сумеснага жыцця.

Не любіць прадуктовыя магазіны. Муж, ведаючы гэтую яе асаблівасць, сам займаецца закупкамі. Удзячная яму і за гэта.

Любіць свой дом, кіно і кнігі, канцэрты і конкурсы, дзе выступаюць яе дзяўчынкі. Ну а сапраўднае задавальненне – вечар у цішыні без тэлефонных званкоў і спешкі, з лазняй і смачнай вячэрай у сямейным крузе.

За час нашай размовы адзін з такіх варыянтаў сямейнай вячэры быў гатовы…

Запечанае мяса з гароднінай і салата з апельсінавай заліўкай

Інгрэдыенты на чатыры порцыі:

Свініная шыя – чатыры кавалачкі;

1 цыбуля;

палова салодкага перца;

100 г сыра;

соль;

сумесь перцаў (чорны, белы, чырвоны, духмяны);

зеляніна для упрыгажэння.

DSC00624 копия copy

Адбіваем мяса і выкладваем у керамічныя парцыённыя формачкі. Змешваем соль і перац у асобнай пасудзіне. Пасыпаем гэтай сумессю мяса.

DSC00630 копия copy

DSC00638 копия copy

Цыбулю наразаем кольцамі і выкладваем пластом на свініну.

DSC00635 копия copy

Наразаем салодкі перац і кладзем зверху на цыбулю. Духоўку награваем да двухсот градусаў і ставім мяса прыкладна на паўгадзіны.

DSC00653 копия copy

Пакуль мяса запякаецца, Алеся гатуе сваю фірмовую салату з апельсінавай заліўкай.

Інгрэдыенты для салаты:

салата эскарыол;

салата радзічыо;

салата фрызэ;

2 памідоры;

палова салодкага перца;

1 цыбуля.

Для запраўкі:

1 апельсін;

алей,

бальзамічны воцат;

любімая салатная прыправа;

50 г сыра.

DSC00618 копия copy

Лісты салатаў наразаем буйнымі кавалкамі. Дарэчы, калі не знойдзіце гэтыя салаты, бярыце тыя, што падабаюцца больш непасрэдна вам. Здрабняем цыбулю, палову салодкага перца і два памідоры.

У асобную пасудзіну выціскаем сок апельсіна.

DSC00700 копия copy

У сок дадаем алей, бальзамічны воцат, прыправы і добра перамешваем. Сыр здрабняем на дробнай тарцы.

DSC00793 копия copy

Салату заліваем запраўкай, пасыпаем сырам і добра перамешваем. Можна падаваць на стол.

DSC00801 копия copy

Сыр для мяса здрабняем з дапамогай буйной таркі. Пасыпаем мяса пасля таго, як яно прыгатавалася, і пакідаем у духоўцы яшчэ на некалькі хвілін, каб сыр паспеў расплавіцца.

DSC00786 копия copy

DSC00791 копия copy

Мяса падаем на стол у парцыённых формачках, а зверху ўпрыгожваем лістамі пятрушкі.

DSC00811 копия copy

DSC00825 копия copy

Р.S. Мы перакананыя: кожны чалавек – унікальны, як і кожная страва, прыгатаваная з душою, – сапраўдны кулінарны шэдэўр.

Фота аўтара

Перепечатка материала без письменного разрешения УП «Агентство «Минск-Новости» запрещена.

 

 Еще материалы рубрики:

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. «Любіны бліны», альбо Як жыць лёгка і радасна ў няпростых жыццёвых абставінах

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Чызкейк у лімоннай глазуры, альбо ўсё, што не ўпісваецца ў сярэднестатыстычныя межы

ЛЮДЗІ  І СТРАВЫ. Курыца з шампіньёнамі ў сметанковым соусе альбо блакітныя вочы, якія заўсёды гараць

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Суп «Морква», альбо Ніколі нічога не позна, свой патэнцыял можна выкарыстаць і ў 60!

ЛЮДЗІ І СТРАВЫ. Кабачковыя аладкі, альбо Калі ёсць мара, магчымасці і сілы – рэалізуй тое, да чаго імкнецца душа

Самое читаемое