Беларускае слоўка «пéкны»

Значэнне слова «пéкны»

У асяроддзі вучоных-мовазнаўцаў прынята лічыць, што лексічныя адзінкі, запазычаныя беларускай мовай у старабеларускі перыяд з польскай або літоўскай ці праз іх, належаць да ўласна беларускіх сродкаў. Як пісаў прафесар А. Анічэнка: «Значная колькасць запазычанняў з польскай мовы захавалася да нашага часу, а іх асвоенасць беларускай і ўкраінскай моўнымі сістэмамі аказалася настолькі поўнай, што яны сталі арганічнай часткай слоўнікавага складу гэтых моў».

Слоўка пекны і ўтворанае ад яго пекната большасць навукоўцаў адносяць да ліку такіх. Праўда, не выключаюць, што трапіць у нашу мову яны маглі непасрэдна з літоўскай, дзе bingùs абазначае прыгожы, выкармлены, прадстаўнічы, ці лацінскай – pingius абазначае тлусты. Прыметнік пекны вядомы і іншым славянскім мовам, акрамя польскай: чэшскай – рĕkný, славацкай – реkný, лужыцкай – рĕknу.

У старабеларускай мове пенкный, пекный, пиенкный (прыгожы) i пекность, пенкность, пякность, пянктность (прыгажосць) вядомыя з ХVІ стагоддзя. Шырока ўжываліся яны ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя: «Што мне пекны Парыж…» (В. Дунін-Марцінкевіч), «Выйшаў хлопец з той дубровы, Хлопец пекны, стройны гэткі». (Я. Купала). У 20-я гады ХХ стагоддзя М. Байкоў і В. Ластоўскі ўключылі іх у нарматыўныя слоўнікі беларускай мовы. Аднак з 19З0-х гэтыя самабытныя лексічныя адзінкі з празрыстай унутранай формай і сталай моўнай традыцыяй пачалі выцясняцца больш нейтральнымі па сваім ацэначным значэнні: пекны – прыгожы (красивый), пекната – прыгажосць (красота). Прапаноўваліся і іншыя: харошы, пазорны, лёсы. І вось ужо сёння складальнікі лексікаграфічных даведнікаў пачатку ХХІ стагоддзя не ўключаюць пекны і пекната ў слоўнікі, хаця і прызнаюць, што яны не з’яўляюцца іншароднымі для беларускай лексічнай сістэмы. Сустрэць іх можна хіба што ў «Слоўніку архаізмаў і гістарызмаў» С. Струкавай (2007).

Нягледзячы на адсутнасць у сучасных даведніках, слоўкі пекны і пекната працягваюць жыць і актыўна выкарыстоўвацца пісьменнікамі, аўтарамі беларускамоўных публікацый у СМІ, каб перадаць адным словам і захапленне, і здзіўленне, і радасць, і замілаванне, і любоў – той эмацыянальны настрой, што амаль адначасова адлюстроўваюць рускія словы красивый, привлекательный, чудесный, мудрый, обаятельный, тое адчуванне, якое выразіў словам лепота цар Іван Васільевіч з фільма «Иван Васильевич меняет профессию». Некалькі кантэкстаў: «Упляло ў маю косаньку лета / Сіняй Ясельды пекны касьнік». (Я. Янішчыц); «Які пекны слаўны дзянёк!»; «А цяпер пекная дзяўчына жыве на дзве краіны».

Беларуская мова заўсёды вылучалася сваім эмацыянальным патэнцыялам, які часткова быў забыты ці зведзены ў нябыт у савецкія часы. Таму сёння варта больш актыўна выкарыстоўваць старабеларускі пласт лексікі, сярод якога можна знайсці шмат цікавых запамінальных слоў-вобразаў, адпаведных як лінгвістычнай сутнасці нашай мовы, так і ўнутранаму стану нашага чалавека.

Пекнага вам настрою, паважаныя чытачы, у новым годзе!

 

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр Кулiковiч, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Самое читаемое

2 КОММЕНТАРИИ

    • Пекных трэба не толькі любіць, але і кахаць)) Поспехаў!

Комментарии закрыты