Беларускае слоўка: сакавíк

Сакавíк

У старажытнасці для першага месяца вясны (да 153 года нашай эры ён быў у многіх народаў Еўропы першым месяцам года) у славян было шмат назваў: сухый ці сухій (ад вясновай цеплыні знікае вільгаць, становіцца суха; высыхаюць зрубленыя дрэвы, якія можна выкарыстоўваць для пабудовы; у гэты час было менш за ўсё ападкаў), беразень, березозол (бяроза наліваецца сокам), зимобор (перамагае зіму, змагаецца з зімой), пратальнік, капельнік (пачынае таяць снег, з’яўляюцца першыя праталіны), пролетный (пачынаецца вясна, прадвесніца лета, і разам з наступнымі месяцамі — красавіком і траўнем — складае так званае пролетье).

У нас, беларусаў, і па сёння выкарыстоўваюць не адно, а некалькі слоў для назвы гэтага жаданага месяца. Бываючы ў розных раёнах (а праехаць давялося ўжо больш за 80), я чуў і вадацёк, і гракоўнік, і ветранос, і вясеннік, і шклярнік (усё становіцца празрыстым і нямоцным, як шкло), і марэц. Апошняя назва, дарэчы, шырока выкарыстоўвалася ў выданнях Францыска Скарыны і Андрэя Рымшы (1581 год).

Агульнаўжывальнай і агульнапрынятай больш за сто гадоў з’яўляецца сакавік — дрэвы пачынаюць пускаць сок. Спрычыніліся да яе стварэння выдаўцы беларускай газеты «Наша Ніва», якія ў календары за 1912 год падалі назвы месяцаў па-беларуску з адпаведнымі тлумачэннямі. Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка таксама пацвердзіў асаблівасць гэтага месяца: «Сакавік — з сакатаннем і сокам». Прыведзеная цытата не толькі дакладна адлюстроўвае сэнс наймення, але і ўказвае на адзін з любімых напояў беларусаў — бярозавік (сок з бярозы), які збіраюць па вясне ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. А некаторыя, напрыклад герой з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» дзядзька Антось, нават спрабуюць варыць на бярозавіку клёцкі.

Ва ўкраінцаў і чэхаў найменне месяца суадносіцца з дрэвам — бярозай. Адсюль ва ўкраінскай мове — березень, у чэшскай — březen. А вось палякі вырашылі скарыстаць перапрацаванае пад польскую фанетыку лацінскае слова Martius — бог земляробства і жывёлагадоўлі, апякун творчых сіл прыроды, затым бог вайны, які абараняў мірную працу людзей. У нашых заходніх суседзяў гэты месяц называюць marzec [мажец], у расійскай мове — март.

Мілагучнае слоўка «сакавік» як уласную назву выкарыстоўваюць сёння ўладальнікі прыватных прадпрыемстваў з Брэстчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны; стваральнікі часопіса, дзе абмяркоўваюцца праблемы беларускай культуры; аўтары песняў пра абуджэнне прыроды або вершаў, прысвечаных каханым жанчынам, таму што ў сакавіку адно з найпрыгажэйшых гадавых святаў — Дзень жанчын.

Са святам вясны і вашым святам, мілыя нашы дзяўчаткі, матулі, бабулі!

 

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ