Беларускае слоўка

Беларускае слоўка: коўзанка

Для наймення лядовай пляцоўкі спартовыя журналісты, каментатары, заўзятары хакея доўгі час выкарыстоўвалі і працягваюць выкарыстоўваць шматзначнае слова каток: На стадыёне залілі каток; На каток выйшлі нашы хакеісты. Замацаванне яго ў беларускай літаратурнай мове, на думку лінгвістаў, «абумоўлена матывацыяй і значэннем, вядомымі для носьбітаў рускай мовы». Мы ж здаўна мелі сваё, адметнае, слоўка, што існавала ў слоўніках ХІХ-ХХ стст., – коўзанка. Напрыклад, у «Падручным расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку» (Коўна, 1924) В. Ластоўскага сказана: «коўзанка – расчышчанае роўнае месца, пакрытае лёдам, для катання (разм.), коўзкі (разм.) – зусім гладкі, які не стварае трэння; слізкі: коўзкая сцежка; які мае гладкую паверхню, добра слізгаецца: коўзкія санкі; коўзкасць».

У народна-дыялектнай мове выкарыстоўваліся коўзанка, коўзалка, каўзéль. Яны вядомыя на ўсёй этнічнай тэрыторыі Беларусі, бо занатаваны ў шматлікіх слоўніках У. Даля, І. Бялькевіча, І. Насовіча, М. Каспяровіча, У. Юрэвіча, лексікаграфічных выданнях Берасцейшчыны, Тураўшчыны, Паўночна-Заходняй Беларусі і яе памежжа. У «Беларуска-расійскім (Вялікалітоўска-расійскім) слоўніку» Я. Станкевіча згадваюцца коўзанка, коўзацца (рухацца па слізкай паверхні, катацца па слізкай паверхні) – коўзацца па лёдзе, а таксама дзеяслоўная часціца коўзь, якая выражае: «1) нечаянное мгновенное поскользновение: коўзь і паваліўся; 2) нечаянное мгновенное выскользновение: Злавіў быў аленя, а ён коўзь із рук; 3) падение от скользости: Дзіцё коўзь із каленаў». Нярэдка можна сустрэць і прозвішчы, суадносныя з гэтымі назоўнікамі і дзеяловамі: Каўза, Коўзік, Каўзан, Каўзун, Коўзун, Коўзель, Коўзус, Коўзусь.

З паметай «размоўнае» падаéцца коўзанка і ў сучасных літаратурных слоўніках: «Дзеці маглі, нарэшце, пагуляць у снежкі, пайсці з канькамі на коўзанку» (Піноўскі).

Вядомы лінгвіст з Гомельшчыны Д. Паўлавец аднясенне слоўка коўзанка ў разрад стылёва абмежаваных патлумачыў дзейнасцю «сіндрома дзвюхмоўнай стылістыкі», таму і падтрымаў у адной са сваіх публікацый працэс актуалізаваць гэтае слоўка і зрабіць яго літаратурным. Даследчык абсалютна слушна адзначыў, што больш натуральна выкарыстоўваць у нашай мове слоўка коўзанка, бо яно сугучна нацыянальным моўным асаблівасцям, калі ў аснову назвы бярэцца самае істотнае, характэрнае, што кідаецца ў вочы. У канкрэтным выпадку – лёд і яго коўзкасць. Тым больш што ў іншых мовах гэтая асаблівасць даўно прынята пад увагу: каток у польскай мове – ladowisko, slizgawka, у славакаў – klzisko, у немцаў – Eisbahn («лядовае палатно»).

У ХХІ ст. адбылося замацаванне гэтага слоўка і ў моўнай свядомасці беларусаў, пра што сведчыць рэкламны ролік, прысвечаны спартыўным тэрмінам i створаны на беларускім тэлебачанні ў 2014 г. А ў беларускамоўнай Вікіпедыі сказана: «Коўзанка – расчышчанае месца для катання, пакрытае лёдам. Коўзанкі падзяляюцца на спартовыя і масавыя паводле тыпу выкарыстання, на штучныя і натуральныя паводле тыпу лёду. Спартовыя коўзанкі падзяляюцца на крытыя і адкрытыя. Для правядзення Зімовых Алімпійскіх гульняў звычайна будуецца некалькі коўзанак са штучным лёдам: для фігурнага катання і шорт-трэку, для хакею, асобная коўзанка для спаборніцтваў па канькабежным спорце».

 

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр Куліковіч, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

 

 

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: заўзятар

Беларускае слоўка. Амбасáда

Беларускае слоўка. Май і трáвень

Беларускае слоўка: адхлáнне

Беларускае слоўка. Вéсніцы

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ