Беларускае слоўка: спáдчыннік

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

У ХІХ – пачатку ХХ ст., калі лексічныя нормы беларускай літаратурнай мовы былі яшчэ не ўсталяванымі, у творах знакамітых і аўтарытэтных на той час пісьменнікаў надзвычай часта выкарыстоўваліся словы, характэрныя для рускай мовы: нядзеля – у значэнні не толькі дзень тыдня, агульны дзень адпачынку, але і ў значэнні тыдзень (сем дзён), спасіба – гэта значыць дзякуй, наследнік – у значэнні асоба, якая атрымала спадчыну або мае права на яе атрыманне.

На працягу ХХ ст. такія словы без уліку асаблівасцей гістарычнага развіцця нашай мовы траплялі ў слоўнікі і набывалі там правы грамадзянства, зусім беспадстаўна станавіліся нормай і тым самым пазбаўлялі нацыянальнай спецыфікі беларускую лексічную сістэму і мову ў цэлым. Кандыдат філалагічных навук Ганна Кулеш з БДУ пераканаўча прадэманстравала гэткую тэндэнцыю пры складанні лексікаграфічных і энцыклапедычных даведнікаў на прыкладзе слоў наследны, наследнік, наследавальнасць, наследаваць, наследаванне, традыцыя выкарыстання якіх, на наш погляд, ідзе ад слоўніка І. Насовіча (1870), дзе былі зафіксаваны аднакаранёвыя словы наследдзе – 1) наследие, наследство і 2) наследник, потомство: «Усё маё наследдзе – адна дачка»; наследкавы – относящийся к наследию или наследникам, наследственный (наследкавыя рэчы); наследак – наследник.

Такія словы, слушна сцвярджае даследчыца, збыткоўныя (лішнія) для нашай сучаснай мовы, бо з’яўляюцца лексічнымі дублетамі (раўназначнымі адпаведнікамі) да ўласнабеларускіх слоў спадчынны, спадчыннік, спадчына, добра вядомых на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Пра гэта сведчыць той жа слоўнік І. Насовіча, дзе змешчаны аднакаранёвыя словы: дзеяслоў спадáць – доставаться, переходить по наследству; назоўнік, што ўжываецца толькі ў множным ліку, спáдкі – имение, перешедшее по наследству от одной линии к другой (спадкі ад нябожчыка дзеда); прыметнік спáдкавы – относящийся к наследственному имению (спáдкавыя рэчы). У «Расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку» (1924) В. Ластоўскага фігуруюць яшчэ спадкабéрнік, спадкабéрчы.

Пра недарэчнасць выкарыстання відавочнага русізма наследнік для абазначэння асобы і вытворных ад яго слоў гаварыў яшчэ ў 20-я гады ХХ ст. паэт-мовазнавец Уладзімір Дубоўка. Гэтым словам, тлумачыў пісьменнік, нашы продкі ў старабеларускай мове называлі гончых сабак, якія ішлі па следу звера. Таму яно ніяк не стасуецца з найменнем чалавека. Лепш у такім выпадку, на яго погляд, ужываць спадчыннік, спадкаемца, дзедзіч, отчыч. Раіць карыстацца толькі тэрмінам спадчыннікі і «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (1992): «Спадчыннае права – сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны па пераходу маёмасных правоў і абавязкаў памершага да яго спадчыннікаў».

Няма неабходнасці выкарыстоўваць сёння слова наследнік і ў пераносным значэнні – пераемнік, прадаўжальнік якой-небудзь справы, а таксама дзеяслоў наследаваць. Словазлучэнні тыпу наследаваць традыцыі, наследаваў ад бацькі любоў да працы натуральна і па-беларуску можна запісаць наступным чынам: прадоўжыць (працягнуць) традыцыі, пераняў ад бацькі любоў да працы.

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ