Беларускае слоўка: аксамíт

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр Куліковіч, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ.

У навукова-папулярнай кнізе «Слово о словах» (1997) рускі лінгвіст Леў Успенскі напісаў: «Можно наверняка сказать, что ни одному из ныне живущих на свете людей ни разу в жизни не придется с какой-нибудь практической целью произнести это название. А вот в таком великолепном памятнике русского языка ХІІ века, как «Слово о полку Игореве…», оно встречается. Там описывается, как «русичи помчались, захватывая красивых девиц половецких, а с ними золото, и поволоки, и дорогие аксамиты…» Слово «аксамит», означающее особый сорт дорогой материи, было употреблено в русском языке, но только в древнерусском».

І ўсё ж памыліўся вядомы мовазнаўца, бо праігнараваў мову беларусаў. У нас слоўка аксаміт выкарыстоўвалася цягам дзевяці стагоддзяў пасля «Слова пра паход Ігаравы» ў формах аксамитъ, ексамит, оксамитъ, яксамитъ: «Зъ Нового Мста послано князю великому: шуба соболья, волочоная аксамитомъ або адамашькою, а другая шуба кунья» (1486 г.). Жыве яно і сёння ў якасці сіноніма да слова бархат і як назва дрэва, а з ХХ ст. у творах мастацкай літаратуры набыло яшчэ і пераноснае значэнне — штосьці пяшчотнае, мяккае, мілае сэрцу, дарагое. Вось, напрыклад, радкі Кастуся Кірэенкі, зачараванага прыгажосцю кастрычніцкай азімкі: «Ці ў верасах іскрыцца павуціна, ці зелянее руні аксаміт».

Радзімай гэтага слоўка лічыцца Нямеччына, дзе Samt — старая форма наймення бархат. Затым, напэўна, яно трапіла да грэкаў і набыло форму heksamiton (з шасці нітак: heksa — шэсць, miton — нітка) — шчыльная варсістая тканіна ручной работы з шоўку і выпрадзенай залатой або сярэбранай ніткі, якая напамінала бархат.

Трапіўшы да славян, слоўка захавалася ў нас і ўкраінцаў дзякуючы магнатам Вялікага Княства Літоўскага, якія аздаблялі касцюмы дарагім аксамітам, імпартаваным з Усходу, а іх нашчадкі ў ХVІІІ ст. наладзілі вытворчасць папулярнага матэрыялу на сваіх землях.

У беларускай літаратурнай мове ад гэтага слоўка ўтворана нямала новых назоўнікаў: аксамітка — галаўны ўбор нарачонай на Віцебшчыне; аксаміткі — жоўта-аранжавыя або карычнева-чорныя кветкі з моцным пахам (па-руску — бархатцы); аксамітніцы — дзённыя матылі. А вобразна-паэтычны прыметнік аксамітны выкарыстоўваецца для якаснай ацэнкі безлічы прадметаў і паняццяў. «Аксамітны летні вечар ахінуў зямлю…» — такімі словамі пачынаецца адна з папулярных песень у выкананні Данчыка; аксамітная кніга — назва радаслоўнай кнігі знатных баярскіх і дваранскіх радоў Расіі (1687 г., назва — па аксамітнай вокладцы); аксамітная рэвалюцыя — падзеі 1989 г. у Чэхаславаччыне, якія ў мяккай, спакойнай форме (адсюль і назва) прывялі да падзення камунізму; аксамітны сезон — умоўная назва восеньскага перыяду (верасень-кастрычнік), спрыяльны час для адпачынку на курортах (назву атрымаў, па адной версіі, ад незвычайна прыемнага адчування ў марской вадзе гэтай парой: вада абвалаквае і лашчыць цела, як аксаміт; па другой — ад назвы матэрыялу, папулярнага ў пачатку ХХ ст., з якога шылі сукенкі модніцы Расійскай імперыі і дэманстравалі адна адной вечарамі падчас адпачынку на Чорным моры ў верасні-кастрычніку).

У асяроддзі мовазнаўцаў добра вядомы тэрмін аксамітны правапіс — спалучэнне кірылічных і лацінскіх літар, якімі прапаноўвалася перадаваць на пісьме вуснае беларускае маўленне.

Самое читаемое