Беларускае слоўка: алéй

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Большасць вучоных лічаць, што слоўка алей, добра вядомае заходнеславянскім і ўсходнеславянскім мовам, – даўняе пазычанне з лацінскай мовы oleum. Вось як перадавалася яно на пісьме ў мінулым і пішацца цяпер: у стараславянскай мове – оли, старабеларускай – олй, чэшскай, польскай, славацкай – оlej, ва ўкраінскай – олій. Форма оли ўзнікла пад уплывам дзеясловаў liti, lěj (ліць).

Са старажытных часоў склалася традыцыя называць слоўкам алей на этнічных беларускіх землях любое масла, вырабленае з расліннага насення (па-руску – растительное масло). Калі патрабавалася ўдакладніць гатунак алею, то ўжывалі адпаведны прыметнік. Выраблены з ільну – ільняны алей, з канопляў – канапляны, з алівак – аліўкавы (extra virgin). Спецыялісты-кухары раяць не награваць такі алей, бо карысныя ўласцівасці захоўваюцца толькі пры ўжыванні ў халодным выглядзе. Самы папулярны ў нашых умовах – сланечнікавы алей (па-руску – подсолнечное (постное) масло): «І дранікі з раніцы ў печы прэюць, хоць на алеі, але смачныя» (С. Грахоўскі). Сучасныя тэхналогіі дазваляюць вырабляць кукурузны, какосавы, пальмавы, арэхавы, вінаградны і іншыя віды алею. Усе яны валодаюць карыснымі ўласцівасцямі, выкарыстоўваюцца і ў кулінарыі, і ў касметалогіі, і, як пісаў Юрась Бушлякоў, на алеi расцiраюць фарбы, таму гаворым, што мастак пiша алеем, працуе ў алейным жывапiсе.

Пра папулярнасць алею ў нас сведчаць шматлікія словы, утвораныя ад яго: алейнік – той, хто рабіў або прадаваў алей; алейніца – гліняны посуд, у якім трымаюць поснае масла; алейня – завод, які выпрацоўвае алей; алеены – намаслены.

Аднак няма падстаў выкарыстоўваць слоўка алей замест любога масла, што назіраецца ў асобных інтэрнэтаўскіх матэрыялах. Гэта няправільна і немэтазгодна. Як пісаў П. Сцяцко, «беларуская мова мае свае адметныя аднаслоўныя найменні для тлушчавага рэчыва рознага кшталту, якое ў расійскай мове абазначаецца двухслоўнымі адзінкамі». Даследчык пераканаўча даказаў, што любы харчовы тлушч, атрыманы і збіваннем вяршкоў (русск. сливок), і збіваннем смятаны (русск. сливочное (коровье) масло), па-беларуску мае адзін назоў – масла. А вось для наймення тэхнічнага масла ў беларускай мове ўжываецца яшчэ адно лацінскае слоўка – алíва: машинное масло – аліва, машынная аліва; трансформаторное масло – трансфарматарная аліва. Класікі беларускай літаратуры заўсёды карысталіся менавіта гэтым словам: «Трактар каштуе вялікіх грошай: і сам ён дарагі, і бензін трэба, аліву» (Я. Колас); «Панкрат выйшаў з канторы ў вялікую чорную залу, вільготную па кутках і востра пахучую мокраю ржою, аліваю і расцёртым жалезам» (К. Чорны); «А машына тая адменна гула, і пабразгвала, і нязвыкла пахла аліваю» (М. Лужанін).

Такім чынам, будзьце ўважлівымі падчас выбару патрэбнага слоўка! Рэчыва, якое намазваюць на хлеб, робячы бутэрброд, – гэта масла; рэчыва, на якім смажаць, напрыклад, кабачкі, бульбу, якім запраўляюць салату, – алей, а рэчыва, якім змазваюць дэталі або заліваюць у машыну, – алiва.

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: рэшта

Беларускае слоўка: руплíвец

Беларускае слоўка: стýдзень

Беларускае слоўка: Аравíчы

Беларускае слоўка: філіжáнка

Самое читаемое