Беларускае слоўка. Амбасáда

Мы жывём у цікавы час, калі сучасная беларускамоўная прастора як ніколі раней характарызуецца адкрытасцю да эксперыментаў, актыўнымі пошукамі новых арыенціраў развіцця мовы, у якіх прымаюць удзел пісьменнікі, журналісты, палітыкі, лінгвісты, гісторыкі і, што самае прыемнае, «паспалітыя» грамадзяне, як сказаў бы Ф. Скарына.

Адна з новых тэндэнцый ў развіцці беларускай мовы пачатку ХХІ ст. – замена слоў, агульных з рускай мовай, наватворамі або пазычаннямі з польскай і ўкраінскай моў: выбітны (польск. wybitny) – выдатны, выключны; выкшталціць (польск. wykształcić) – адукаваць, выхаваць, сфарміраваць; гжэчнасць (польск. grzeczność) – ветлівасць, пачцівасць.

Слова амбасада (пасольства) і вытвор амбасадар (пасол) люструе яшчэ адзін напрамак, сфарміраваны ў 90-я гг. ХХ ст., – узнаўляць лексіку часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Упершыню, па-рознаму напісаныя, гэтыя слоўкі былі выяўлены ў лацінскіх дакументальных крыніцах, створаных на тэрыторыі Беларусі ў ХІІІ-ХVІІІ стст.: ambasciaria – 1) дыпламатычная місіся; 2) амбасада; ambassiata – 1) пасольства, місія; дэлегацыя; 2) прадмет, мэта місіі; ambaхaria – 1) пасольства; 2) місія пасла; ambasciator – 1) амбасадар; 2) пасол, пасланнік (А. Жлутка). Затым зрэдку функцыянавалі яны паралельна са словамі пасольства і пасол у рускіх пісьмовых крыніцах ХVІІІ ст. і творах беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст: «Карета вторая, лучшая посольская … кареты наемныя, которыя будут с секретарием амбассады» (1710); «У італьянскай бацькаўшчыне слыў гэты магнацкі род і прыбыў у Польшчу, як амбасадар неапалітанскі» (А. Абуховіч).

На працягу ХХ ст. у нашай мове адзіным найменнем прадстаўніцтва адной дзяржавы на тэрыторыі другой было пасольства (ад славянскага пасылаць). У той час як у акадэмічным слоўніку ўкраінскай мовы другой паловы ХХ ст. з паметай «застарэлае» існавала і амбасада.

У канцы ХХ – пач. ХХІ ст. з дзвюх лексічных адзінак для абазначэння аднаго і таго ж паняцця аўтары і рэдактары беларускамоўных твораў паслядоўна пачынаюць аддаваць перавагу іншамоўнаму слову-неалагізму амбасада (англійскае embassy – пасольства, французскае ambassade, польскае ambasada), не абмінаючы, праўда, і слова пасольства: «Самая вялікая беларуская амбасада – у Маскве, самая аддаленая – у Буэнас-Айрэсе»; «Праект нядзельнай школы падтрымала Амбасада Беларусі ў Малдове, і сёння заняткі з дзеткамі – этнічнымі беларусамі – праводзяць у будынку Пасольства» (Сельская газета). Выкарыстоўваюць яго і ў пераносным сэнсе: «Адзінае, што не хочацца лішні раз з’яўляцца ў дзіцячай паліклініцы – гэта сапраўдная амбасада пекла на Зямлі» (Інтэрнэт); і ў значэнні сховішча мультымедыйных матэрыялаў (Вікіпедыя); і ў якасці ўласнай назвы: «Амбасада» – так называюцца кніга беларускай пісьменніцы М. Мартысевіч і ўкраінскі дыпламатычны часопіс.

Хаця амбасада, амбасадар, амбасадарка яшчэ не ўключаны ў слоўнікі літаратурнай мовы, за выключэннем лексікаграфічнага выдання Ф. Піскунова «Вялікі слоўнік беларускай мовы» (2012), яны актывізуюць увагу моўцаў, выклікаюць рэакцыю зацікаўленасці, ухвалення або абурэння, ствараюць імідж беларускай мовы як мовы еўрапейскага ўзроўню.

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ.

 

Читайте и подписывайтесь на нас:

Самое читаемое