Беларускае слоўка: арэлі

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр Куліковіч, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Назва арэлі поруч з найменнямі качэлі, гушкалка, калыска, калыханка і нават гутарэлі – ад дыялектнага гутáць, гутáшыць і змешчаная ў «Расійска-беларускім слоўніку» (1928), ужываецца ў беларускай мове толькі ў множным ліку. Яна абазначае прыстасаванне з укапаных у зямлю слупоў і прымацаванай зверху перакладзіны, да якой на жэрдках, металічных кольцах, скураных рамянях ці вяроўках падвешвалі шырокую дошку, на яе станавіліся (садзіліся) і гушкаліся. Іншым разам арэлі вешалі да столі ў хаце, за бэльку ў пунi ці хляве або за высокі сук на дрэве.

Першапачаткова гушканне на арэлях у еўрапейскіх народаў мела сакральны сэнс: каб хутка раслі пасевы, каб засцерагчыся ад розных бедаў (таго, хто гойдаецца вышэй за ўcix, улетку не будуць кусаць камары) і нават каб зацяжарыць у бліжэйшы час. Напрыклад, у Грэцыі да нашых дзён захаваўся звычай майстраваць арэлі ля дома маладых у першы тыдзень пасля вяселля. На Беларусі і Украіне пашыраны звычай гушкацца на арэлях на Вялікдзень і Купалле.

Упершыню слоўка арэлі было зафіксавана ў помніках рускага права ХІІІ ст. Таму сваім яно з’яўляецца для беларусаў, расіян, украінцаў. На поўначы Расіі ім называюць і качэлі, і нават шыбеніцу («виселицу»). Найбольш верагоднай крыніцай утварэння лічыцца нямецкае Riegel (перакладзіна, засаўка). Не выключана сувязь і з галандскім raa (рэя – рухомы папярочны круглы брус на мачце, да якога мацуецца парус).

У нас арэлямі ў ХІХ ст. называлі «качэлі на вісячых вяроўках» (слоўнік І. Насовіча). У адным са слоўнікаў 20-х гг. ХХ ст. адзначалася: «Калыску вешаюць на вяроўках, а арэлі на аглоблях, і ўнізе маецца толькі адна папярэчка, на якой можна нагамі стаяць».

У першыя тры пасляваенныя дзесяцігоддзі беларускія слоўнікі змяшчалі толькі «качэлі». Слова арэлі было залічана ў разрад правінцыялізмаў: у 1934 г. такое меркаванне выказаў Я. Колас у артыкуле «Мова М. Лынькова па раману «На чырвоных лядах», у 1962 г. – Я. Камароўскі. У 1969 г. У. Юрэвіч у артыкуле «Самабытнае слова» сцвярджаў, што арэлі вядомы толькі гродзенцам і палешукам. Акрамя гэтага немалаважным фактарам, на думку Я. Рапановіча, стала пісьмо настаўнікаў-віцяблян, якія ў сваім водзыве на «Буквар» Н.І. Снітко ў 1964 г. пісалі: «…трэба апусціць тэкст «Арэлі», бо дзеці не ведаюць, што гэта такое».

Сучасныя педагогі мяркуюць па-iншаму. Настаўніца пачатковых класаў СШ № 99 г. Мінска Ю. Бялова – пераможца гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» (2014 г.) у намінацыі «Настаўнік» – у інтэрв’ю адзначыла: «Самабытныя беларускія слоўкі арэлі, сцізорык, альтанка павінен ведаць кожны беларус». Тым больш што слоўка арэлі шырока прадстаўлена ў літаратурных слоўніках і паспяхова выкарыстоўваецца ў мастацкіх і публіцыстычных тэкстах: «Ляталі-гайдалі лёсу арэлі…» (А. Вярцінскі), «На год па два разы гавелі: любілі круглыя арэлі; і варажбу, і карагод» (А. Куляшоў. Пераклад А. Пушкіна «Яўгеній Анегін»); «геапалітычныя арэлі», «кліматычныя арэлі». Акрамя таго, ёсць нямала назваў з гэтым паэтычным і старажытным слоўкам: «На арэлях памяці» – верш С. Грахоўскага, «Сінія арэлі» (1987) – зборнік паэзіі для дзяцей Г. Бураўкіна; «Арэлі»альманах удзельнікаў «Конкурсу маладых аўтараў» (2012). Самабытны беларускі танец «Арэлi» маецца ў рэпертуары многіх беларускіх ансамбляў. Новы гатунак гладыёлусаў, выведзены на Лунінеччыне Д. Пачко, быў названы «арэлі дзяцінства».

 

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: коўзанка

Беларускае слоўка: заўзятар

Беларускае слоўка. Амбасáда

Беларускае слоўка. Май і трáвень

Беларускае слоўка: адхлáнне

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ