БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Дзірвáн

Вядучы рубрыкі Уладзімір Кулiковiч, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ.

Слоўка дзірван, якому прысвяціла адзін са сваіх вершаў паэтка Галіна Каржанеўская, адносіцца да спрадвечна беларускай лексікі. Яго прынята лічыць даўнім запазычаннем з літоўскай мовы, у якой па сёння маецца цэлае гняздо аднакаранёвых адзінак: dirvónas (аблога, цаліна), dirva (ралля), dirvonuoti (ляжаць цаліной, ператварацца ў аблогу, дзервянець).

У сучаснай беларускай літаратурнай мове яно мае два ўзаемазвязаныя значэнні: больш старажытнае і адносна маладое. Першае значэнне – участак няворанай зямлі, густа парослы травой; занядбаная зямля – вядома яшчэ старабеларускай мове ХV–ХVІ стст., калі нашы продкі актыўна кантактавалі з балцкімі народамі. З’яўленае ў той час слоўка папоўніла сінанімічны рад да існаванага шматзначнага аблога (неапрацаваная зямля, поле, якое не ўзорваецца некалькі год) і мела два варыянты напісання: дирванъ і дырванъ. Астатнія значэнні слова аблога з зямлёй былі не звязаныя. Адно з іх – акружэнне войскамі ўмацаванага пункта з мэтай яго захопу (зняць аблогу), другое – акружэнне лесу з мэтай правядзення аблавы на звера (аблога мядзведзя).

Менавіта першапачатковым сэнсам, набытым у часы Вялікага Княства Літоўскага, слоўка дзірван з’яўляецца сёння безэквівалентным у дачыненні да расійскай мовы. Напрыклад, сказ Івана Шамякіна «У першыя гады пасля вызвалення ў калгасе не хапала сілы падняць дзірван» па-руску можна запісаць наступным чынам: «В первые годы после освобождения в колхозе не хватало силы поднять непаханую землю, густо поросшую травой».

З цягам часу – так часта здаралася з асобнымі агульнымі беларусізмамі і літувізмамі (запазычаннямі з літоўскай мовы) – слоўка прыжылося ў нас, стала агульнаўжывальным на ўсёй тэрыторыі Беларусі, а не толькі на памежжы з Літвой. І прыкладна з ХІХ ст. ім сталі называць дзёран (густа зарослы травой, пераплецены карэннем раслін верхні слой глебы, а таксама выразаныя пласты з гэтага слоя, якімі ўмацоўваюць адхоны, абкладаюць клумбы, прызбы і інш.): «Вясной, уздзіраючы дзірван на пагорку, не вытрымала, пала кабылка. Пятрок і Сцепаніда ўскапалі дзесяціну рыдлёўкамі» (В. Быкаў); «Ва ўсіх дамы, ва ўсіх палеткі, / I толькі ў беднай Палтаран / Стаяў хляўчук, сядзелі кветкі, / Ляжаў нявораны дзірван» (Н. Гілевіч); «Каб наварыць ландышы сёння, Слава яшчэ ўвосень выкапаў іх у лесе разам з дзірваном» (В. Хомчанка).

Актыўна выкарыстоўвалася слоўка дзірван на працягу ХХ ст. для ўтварэння новых лексічных адзінак, сярод якіх – назва вёскі Дзірванцы, дзеепрыметнік удзірванелы (пакрыты дзірваном), па-майстэрску скарыстаны Янкам Купалам у паэме «Курган»: «Паміж пустак, балот беларускай зямлі, / На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай / Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, – / Удзірванелы курган векавечны». Асобныя навукоўцы выказваюць гіпотэзу, што назва месяца травень таксама часткова звязана з ім. Параўнайце: травень – расце трава – цярва/дзярва; утвараецца дзірван.

Еще новости по теме:

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Жартаслоўе

Беларускае слоўка: лоўж

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА.  Рáдаўніца

Беларускае слоўка: узычыць

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Прызба

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ