Беларускае слоўка: філіжáнка

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Сёння часта даводзіцца чуць, асабліва ад людзей, якія заканчавалі школу ў 70–80-я гады ХХ ст, выказванні тыпу: «Нас вучылі не такой беларускай мове, якую мы чуем сёння. Многія словы нам незразумелыя і рэжуць слых». Гэтыя развагі суайчыннікаў – яшчэ адно пацверджанне таго, наколькі слаба мы ведаем сваю мову, наколькі рэдка выкарыстоўваем у паўсядзённасці, мала або зусім не цікавімся яе развіццём, функцыянаваннем і ўдасканаленнем.

Як ні дзіўна, але сярод немалой колькасці старажытнай лексікі, што выклікае непаразуменне суразмоўцаў, перашкаджае наладжванню моўных стасункаў, згадваецца нават этнічнымі беларусамі, ёсць і літаратурнае, існаванае ў сучасных нарматыўных лексікаграфічных даведніках слоўка філіжанка. Калі гаварыць па-руску, то гэта тонкая фарфоровая чашечка, имеющая форму полусферы, для питья кофе или чая.

Паводле навуковых росшукаў, такая форма посуду прыйшла на славянскія землі з Асманскай імперыі (ХIV–XVІ ст.) разам са звычаем піць турэцкую каву (кава па-ўсходняму). У іх адпаведны посуд называлі словам фінкан (турэцкае Fincan), якое паходзіла з арабскай мовы (finjān). У беларускую і ўкраінскую мовы яно магло трапіць непасрэдна з лацінскай або праз пасярэдніцтва польскай. Параўнайце: лацінскае – filigineca і польскае – filiżanka.

Вядома, што ў ХVIII–XIX стагоддзях слоўка шырока выкарыстоўвалася як на беларускіх, так і на ўкраінскіх землях. Напрыклад, украінскія даследчыкі адзначалі, што яно сустракаецца ў вядомай «Энеідзе» І. Катлярэўскага і разам з астатнімі (припічок, рушник, світелка, сковорода, сулія, тарілка, тиква, торба) сведчыць пра невычэрпныя багацці ўкраінскага народнага слоўніку. Беларускія ж гісторыкі прыводзяць факты, як пасля 1861 г. падчас «палітычнай дэманстрацыі» жыхары Гродзеншчыны адмаўляліся разумець тых, хто звяртаўся да іх па-руску, і дэманстратыўна выкарыстоўвалі беларуска-польскі лексікон. Вось як, паводле гістарычных крыніц, апісваў гэтую сітуацыю ардынатар ваеннага шпіталя, дасланы на працу ў Гродна з Масквы: «У цукернях, напрыклад, можна было прасядзець цэлы дзень і не дапрасіцца па-руску кубка кавы, пакуль не скажаш «філіжанка кавы, прошу пана», і тады філіжанка з’яўлялася імгненна».

Са значэннем чайная чашка фіксавалася прыгожае слоўка філіжанка і памяншальна-ласкальная форма філіжаначка ў слоўніку І. Насовіча (1870), у слоўніках ХХ ст. Ім шырока карысталіся і працягваюць карыстацца мастакі слова – пісьменнікі: «Густы карычневы струмень пабег у маленькую – з напарстак – філіжанку» (У. Караткевіч); «Ідэя – кавы філіжанка» (А. Трафімчык). Таму не варта грэбаваць гэтым паэтычным слоўкам, калі вы імкнецеся размаўляць па-беларуску. Спрабуйце заказваць у кавярні не чашачку кавы або чаю, а філіжаначку. І няхай вас зразумеюць правільна!

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: кýфар 

Беларускае слоўка: рэшта

Беларускае слоўка: руплíвец

Беларускае слоўка: стýдзень

Беларускае слоўка: Аравíчы

Самое читаемое