Беларускае слоўка: імпрэза

Уладзімір Куліковіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Слоўка імпрэза – новая лексічная адзінка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, якая з’явілася ў нас і на Украіне ў 90-я гады ХХ ст. не з мэтай абазначаць новае паняцце, а як сінонім (дублет) да існаваных нарматыўных лексем. На наш погляд, яно люструе не столькі тэндэнцыю паслядоўнага эвалюцыйнага працэсу папаўнення слоўнікавага багацця нашай мовы, колькі імкненне сучаснікаў мадэрнізаваць беларускі лексікон, арыентуючыся на заходнюю культурную прастору.

Радзіма яго Італія, дзе impresaпачынанне, намер, задума, справа. Як сведчыць польскі этымолаг (даследчык паходжання слоў) Ф. Слаўскі, у ХVIII ст. яно прыйшло ў польскую мову і за час функцыянавання адаптавалася, павялічыла свой семантычны аб’ём: польскае imprezaпачынанне, задума, урачыстасць, відовішча, забава, мерапрыемства, падзея.

Трапіўшы ў беларускую мову (найперш намаганнямі журналістаў і пісьменнікаў маладзейшага пакалення), імпрэза стала вельмі актыўна, інтэнсіўна эксплуатавацца супрацоўнікамі ўсіх СМІ (друкаваных, электронных, на радыё і тэлебачанні) у самых неверагодных кантэкстах, значна пашырыўшы (у параўнанні нават з польскай мовай) сваю семантычную структуру. Сёння ім абазначаюць шырокае кола паняццяў: акцыя, баль, банкет, вечарына, відовішча, выстава, канцэрт, мерапрыемства, падзея, сустрэча, урачыстасць, шоу: Ва Ушацкай сярэдняй школе адбылася імпрэза, прысвечаная прыняццю вучняў у рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі; Адбылася гістарычная імпрэза на тэму «БССР у Другой сусветнай вайне»; Інфармацыйная імпрэза «2014 год – год гасціннасці»; Жалобная імпрэза на Вайсковых могілках г. Мінска.

Часцей за ўсё ўжываюць гэтае слоўка як адпаведнік рускім представление, мероприятие: музычна-асветніцкая імпрэза, святочная імпрэза, тэатралізаваная імпрэза; карнавальная імпрэза; літаратурная імпрэза «Тут Колас быў, тут ён вучыў».

Стала яно ў нас і ўласнай назвай. У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце «Імпрэзай» названы харэаграфічны калектыў.

Шырокае выкарыстанне новага слова ў маўленні, відаць, паслужыла вырашальным чыннікам яго кадыфікацыі (уключэння ў нарматыўныя слоўнікі) у першае дзесяцігоддзе ХХІ ст. «Граматычным слоўнікам назоўніка» (2008), «Школьным тлумачальным слоўнікам беларускай мовы» (2013), дзе падаецца толькі адно значэнне – мерапрыемства.

Цікавы факт. У канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. сталі выкарыстоўваць гэтае слова і на прасторах Расіі, праўда, пакуль што ў якасці ўласнай назвы: Subaru Impreza – спартыўны аўтамабіль. Таварыствы з абмежаванай адказнасцю «Импреза» зарэгіст­раваны ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Усурыйску.

 

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка. Амбасáда

Беларускае слоўка. Май і трáвень

Беларускае слоўка: чэ́́рвень

Беларускае слоўка: залéва

Беларускае слоўка: лíпень

ТОП-3 О МИНСКЕ