Беларускае слоўка: кашýля

Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

У асяродку навукоўцаў маецца агульнапрызнанае меркаванне: пасля мовы адзенне – найважнейшая этнічная прыкмета нацыі. Візітоўкай беларусаў заўсёды была кашуля. Яе папярэднікамі лічацца старажытнагрэчаскі хітон і рымская туніка. Але само слоўка не з’яўляецца нашым спрадвечным. Першапачаткова на Русі вопратку з лёгкай тканіны, якой пакрывалі верхнюю частку цела і ўжывалі як частку бялізны, называлі сарочка. Паходзіць назва ад слова сорочица, што зараз абазначае скура. У народзе сарочкай называлі плодны пузыр, абалонку, у якой нара­джаюцца некаторыя дзеці. Адсюль і вядомы выраз нарадзіўся ў сарочцы. Існавала і слова рубашка, ад рубаха, рубъ, рубище – грубая тканіна, падрубленае (падшытае) адзенне. У адрозненне ад сарочкі, якую шылі з тонкай тканіны, лічылі нацельнай бялізнай, другой скурай і насілі, як правіла, пад іншай вопраткай. Рубашка для нашых продкаў была ўніверсальным верхнім адзеннем. Аж да ХІХ ст. нежанатыя хлопцы насілі доўгія, да пят, ільняныя рубахі без традыцыйных сёння штаноў.

Відазмяніўшыся, важнейшым кампанентам мужчынскага і жаночага гардэробу рубашка становіцца ў эпоху Адраджэння. І менавіта ў гэты час (першая фіксацыя ў старабеларускіх пісьмовых помніках 1508 г.) з’яўляецца ў нашай мове слова кашуля – ад лацінскага casulа (плашч з капюшонам). Падставай для пазычання, можна меркаваць, стала імкненне размежаваць паняцці, якія абазначаліся словамі сарочка і рубашка. Пацвярджаюць гіпотэзу беларускія лексікаграфічныя крыніцы. Іван Насовіч у сваім слоўніку (ХІХ ст.) адзначае, што кашуля – гэта рубаха тонкая, а рускі адпаведнік да слова сарочка – рубаха. Паводле сучасных слоўнікаў, слова рубашка – гэта спецыяльны тэрмін: верхні, покрыўны слой (рубашка катла, плода); сарочка – мужчынская (верхняя і сподняя) або жаночая (сподняя) кашуля; а кашуля – адзенне з лёгкай тканіны на верхнюю частку цела (мужчынскае) або як ніжняя бялізна (жаночае).

У нас, як і ва ўсіх народаў, кашуля мае безліч сімвалічных значэнняў. Яе атаясамліваюць з абрадавым ўсынаўленнем немаўляткі, калі народжанае дзіця ўкручваюць у паношаную кашулю бáцькі ці маці. Яна сведчыць пра рупнасць, працавітасць, здольнасці дзяўчыны. Суадносіцца кашуля і з рысамі характару: у прыказках і прымаўках вяршыняй дабрыні і бескарыслівасці лічыцца чалавек, пра якога кажуць аддасць апошнюю кашулю. Увасабляе кашуля і нажыты скарб: «Хто мае дочкі, той ходзіць без сарочкі». Чыстая (белая) кашуля сімвалізуе незаплямленую душу: менавіта ў такой вопратцы мусілі быць людзі, калі хрысціліся, выпраўляліся на сяўбу, у бой. Нават асуджаныя злачынцы павінны былі з’явіцца перад публікай толькі ў чыстых кашулях.

 

 

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: лíпень

Беларускае слоўка: імпрэза

Беларускае слоўка: Альтáнка

Беларускае слоўка:  лíшніца

 Беларускае слоўка: бурштын

Самое читаемое