Беларускае слоўка: каснік

Вядучы рубрыкi кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ Уладзiмiр Куліковіч.

Пра паходжанне гэтага слоўка спрэчкі вядуцца па сёння. Адны мовазнаўцы сцвярджаюць (іх большасць), што запазычана яно ў даўніну з мовы літоўскай, бо там існуе лексема kasnȳkas, утвораная па мадэлях літоўскага словаўтварэння ад слова kasá – каса, валоссе. І мае яно такое ж значэнне, як наша істужка – рознакаляровы шнурок, якім упрыгожваюць або завязваюць валасы (па-руску ленточка).

Паводле другой версіі, нам здаецца больш верагоднай, каснік – даўняе славянскае слоўка, добра вядомае нашым продкам не толькі са значэннем істужка для валасоў, але і як тасёмка, шнурок, сплецены з нітак, якім карысталіся пры выкрасанні (здабыванні) агню. Касніком побач са слоўкамі крайка, акрáйка, повязь, спераз, пас, кушáк называлі на тэрыторыі Беларусі таксама пояс – абавязковую прыналежнасць мужчынскага касцюма, прыстасаванне, якое з’явілася да паслуг чалавека, на думку Алеся Касценя, каб шчыльней да цела прыціснуць адзенне, накінутую на плечы скуру, а потым нешта прычапіць да боку, каб рукі былі свабодныя. А на Шуміліншчыне, як сцвярджаюць вучоныя, быў калісьці хутар Каснікі. Мяркуюць, назва ўзнікла таму, што тутэйшыя сяляне мелі вузкія шнуркі – зямельныя палоскі.

Што датычыцца ўтварэння, то ў нашай мове можна прыгадаць безліч канкрэтных прадметаў, у назвах якіх маецца суфікс -нік-: ручнік, каласнік, ракітнік, эцюднік, гурочнік.

Набыло слоўка каснік у народнай культуры беларусаў і шэраг сімвалічных значэнняў. Напрыклад, на Гомельшчыне была занатавана такая прыказка: «Беднай удаве каснік не ўгалаве». Яе сэнс – бедная ўдава не спадзяецца ўжо на жаночае шчасце. А на Міншчыне існаваў наступны звычай. Хросная маці, якая сцяліла для маладых ложак, павінна была першай разбудзіць іх пасля шлюбнай ночы і вывесці да гасцей. У руках жанчыны мусіла быць бу­тэль­ка гарэлкі, перавязаная чырвоным касніком, які з’яўляўся сімвалам таго, што маладая зберагла сваю дзявочасць. Калі касніка на бутэльцы не было, то гэта абазначала, што маладая сваю дзявочасць не зберагла, і ў такім выпадку ўскладалі хамут на шыю свасе (маці нявесты).

Нашы пісьменнікі даволі часта выкарыстоўваюць гэтае мілагучнае, паэтычнае слоўка з памяншальна-ласкальным суфіксам -к-каснічок. І ўжываюць нярэдка ў пераносным значэнні: «Над ракою, над лугамі абапал ракі ні клубочка, ні каснічка – палоскі туману» (Ф. Янкоўскі); «Зары запозненай каснік / Хто ў ціхі час згубіў за пожняй?» (К. Цвірка). У Ніла Гілевіча маецца твор з назвай «Балада пра чырвоны каснічок», а ў Пімена Панчанкі – шчымліва-трагічны верш «Белы каснічок».

Самое читаемое