Беларускае слоўка: кýфар

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Сучасныя даследчыкі неаднаразова выказвалі меркаванні, што аснова беларускай мовы – адна з самых старажытных у свеце: каля 10 % нашай лексікі мае ўзрост больш за 3.000 гадоў. Такія высновы былі зроблены на падставе гістарычных фактаў пра індыйскае паходжанне прабеларускіх плямёнаў крыві і гуда, а таксама вынікаў параўнальнага аналізу беларускай лексічнай сістэмы і санскрыту – самай стражытнай мовы на Зямлі. Вось некалькі прыкладаў. Санскрыцкія словы: вар – гарачая вада, Веды – назва першай на Зямлі кнігі; сабар, тата цалкам адпавядаюць беларускім вар (рус. кипяток), веды (знания), сябар (друг), тата (отец).

Слоўка куфар – з гэтага спісу. На думку Станіслава Судніка, рэдактара газеты «Наша слова», выкарыстоўвалі яго ў далёкай невядомасці, калі яшчэ не было егіпецкіх пiрамідаў, грэчаскіх міфаў, Вавілона. На гэта ўказвае, напрыклад, назва індыйскай вёскі Куфры ў штаце Мадх’я-Прадэш, арабскі тэрмін куфр, якім абазначаюць у ісламе самы страшны грэх нявер’е (куфіст – няверны), грэчаскае слова κóφіvo – скрыня (рус. корзина, сундук), чамадан; лацінскае cophinusскрыня, дарожная сумка, французскае coffreскрыня; нямецкае Kofferчамадан.

У нашай мове слоўкі куфар і куфэрак (невялікі куфар) абазначаюць від мэблі, скрынку з векам на завесах і замком для захоўвання тканіны, адзення, бялізны, каштоўнасцей; род чамадана, звычайна прыгожа аформленага: «Ужо цямнела, калі Косця са сваім фанерным куфэркам прыбыў у інтэрнат» (А. Карпюк).

У сялянскім інтэр’еры такая драўляная ёмістасць была пашырана з ХІХ ст. па 70-я гады ХХ ст. У ХІХ ст. яе называлі кубел, кублік, кубялок. У слоўніку І. Насовіча сказана: «Кубел – большой ушат с ушками и крышкою для хранения одежи, особенно женской, у простолюдинов вместо сундука: Повен кубел одежи». Па ім можна было прасачыць жыццё чалавека. Памятаю, як у дзяцінстве любіў разглядаць складзеныя там дарэвалюцыйныя фотаздымкі, дзедаўскі гадзіннік, чаравікі, якія насіла яшчэ ў маладосці бабуля (канец ХІХ ст.), вышываныя ручнікі, посцілкі і шмат чаго іншага.

Вельмі часта згадваецца куфар у вясельных песнях. Дзяўчына складала туды пасаг, а калі збіралася замуж, куфар перавозілі ў хату жаніха. Існавала традыцыя садзіць маладую на куфар, пакрыты кажухом. Гэта своеасаблівае зычанне шчасця і дабрабыту. Прыгадайце, і сёння маладую падчас вясельных урачыстасцей садзяць на хусцінку, у якой сабраны падарункі-грошы. Праўда, у прыказках неаднаразова адзначалася, што не багаты пасаг нявесты, складзены ў куфар, прыносіць шчасце, а чалавек, з якім давядзецца жыць: «Шчасце ў куфар не пакладзеш», «Сватай, кухар, дзеўку, а не куфар».

Надзвычай часта выкарыстоўваюць сёння гэтае слоўка ў якасці ўласнага наймення. «Тэатральны куфар» – назва Міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў, які праводзіцца ў Мінску; kufar.by – дошка бясплатных прыватных аб’яў Беларусі ў Інтэрнэце; «Куфэрак Віленшчыны» – гісторыка-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі часопіс; «Чароўны куфэрак» – творчы конкурс, які ладзіць часопіс «Вясёлка» для маленькіх падпісчыкаў; святочнае агенцтва «Куфэрак» існуе ў Гродне; «Кніжныя куфэркі» як форму вывучэння нямецкай мовы прапануе Інстытут імя Гётэ ў Мінску.

Самое читаемое