Беларускае слоўка: лáзня

Вядучы рубрыкі Уладзімір Куліковіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Неяк прачытаў у Інтэрнэце тыповы прыклад людской недасведчанасці ў пытаннях беларускай мовы і паспешлівых вывадаў, якія іншым разам нават у асяроддзі «прызнаных» навукоўцаў становяцца адзіна правільнымі догмамі: «В белорусском языке несколько слов вообще между собой перепутаны. Например, таможня и баня. Таможня — мытня (бел.), баня — лазня (бел.)». Ці так гэта? Паспрабуем устанавіць: зазірнем у мінулае і суаднясём з днём цяперашнім.

Ствараць спецыяльныя месцы, дзе можна памыцца і папарыцца, нашы продкі пачалі ў V-VI стст. Ва ўсякім разе, у адным з пярсідскіх рукапісаў той пары адносна пабудовы такіх памяшканняў гаворыцца: «Славяне робяць жытло пад зямлёй, так каб холад, які бывае наверсе, іх не дастаў. І ён (славянін) загадаў, каб прынеслі шмат дроў, камянёў і вуглю, і гэтыя камяні кідалі ў агонь, і на іх лілі ваду, пакуль не пайшла пáра і пад зямлёй не стала цёпла» (Новосельцев А.П. «Восточные источники о восточных славянах и Руси VI-IX вв.»). У якасці назваў падобных збудаванняў выкарыстоўваліся тады словы мыльня, мовня, мовь — ад мыцца; і влазня, лазня — утвораныя, па адной версіі, ад дзеяслова лазіць (месца, куды лазілі: уніз — г. зн. у яму, дзе была печ, уверх — на палок), па другой — ад назоўніка lazъ (выкапаная яма).

З тых часоў і засталася ў нашай мове цудоўная гаваркая назва лазня, вядомая яшчэ палякам łaźnia (з ХV ст.) і ўкраінцам. І непаразумення тут няма і быць не можа. У ёй сплятаюцца старажытнасць, сучаснасць і, напэўна, будучыня. Сапраўдныя аматары лазні ведаюць: у лазню ходзяць, каб папарыцца (проста памыцца можна і ў ванне), а для гэтага трэба залазіць на палок і злазіць з яго — шукаць, як кажуць, сваю пáру, прыдатную для арганізма. У старапольскай мове нават захаваўся такі выраз: co dalej to wyszsze jako w łaźniej — а далей — усё вышэй, як у лазні.

У сучаснай беларускай мове слоўка лазня мае і іншыя значэнні: 1) сýшня, будынак, у якім труць лён: «Праца ў лазні не спынялася да раніцы»; 2) мыццё ў такім памяшканні (разм.): «Змяніць бялізну пасля лазні»; 3) наганяй, суровая вымова (разм. у перан. знач.): «Будзе ўсім лазня за невыкананне даручэнняў»; 4) у асобных раёнах Гродзеншчыны лазняй называюць лéсвіцу, драбíну. Выкарыстоўваецца яно і ў складзе фразеалагізмаў справіць лазню — пакараць, зрабіць вымову, пабіць: «Што ты, цётка, звар’яцела, / Ці мо блёкату пад’ела: / К сляпой лезеш без баязні, / Як угледзіць, справіць лязню» (Я. Купала); лазні дастаць і дастаць лазні — атрымаць наганяй, строгую вымову: «А за гэта сухой лазні не дастанеш ад мамкі і таткі?.. Гэта толькі татка сягоння дастане ад мамкі лазні, бо дома не начаваў» (з п’есы «Прымакі» Я. Купалы). Ад гэтага слоўка маюцца шматлікія ўтварэнні: памяншальна-ласкальнае лáзенька — невялікая лазня; лáзнік (лáзебнік, лáзеншчык) — уладальнік або даглядальнік лазні; лáзнішча — месца, дзе была лазня; лáзневы — які мае адносіны да лазні.

Ва ўкраінцаў лазня — яшчэ і хаціна з маленькім уваходам, і яма для захоўвання збожжа. А вось чэхі словам lázně называюць курорт.

Лексема ж баня была запазычана славянамі ў ХІ ст. з лацінскай мовы — bal(i)neum: баня, ванна, купанне. Са значэннем спецыяльнае памяшканне, дзе мыюцца і парацца ўжываецца яна сёння ў рускай і балгарскай мовах.

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ