Беларускае слоўка: лíпень

Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Старажытныя продкі беларусаў, украінцаў і рускіх у парý, адпаведную сёмаму месяцу каляндарнага года, назапашвалі лíпец – мёд, які збіралі пчолы з кветак ліпы. Гэтым жа слоўкам доўгі час называлі яны і сам месяц. Прынамсі, у друкаваных выданнях Ф. Скарыны зафіксавана форма липець, у творах А. Рымшы – липецъ (1581).

У перыяд фарміравання новай беларускай літаратурнай мовы (ХІХ ст.) гэтае найменне пад уплывам рускай мовы выцясняецца лацінскай назвай июль – у гонар першага рымскага імператара Юлія Цэзара. У слоўніку І. Насовіча (1870) так і сказана: «липецъ – стар. названіе месяца Іюля».

Калі пачала рэгулярна выходзіць першая беларускамоўная газета «Наша ніва» (1906-1914), яе стваральнікі, хоць і не адразу, укаранілі слоўка ліпень, якое і па сёння з’яўляецца нарматыўным для назвы другога летняга месяца. Параўнайце варыянты, што апрабоўваліся на старонках выдання: у 1907 годзе – ліпец, у 1908-м – ліпень, у 1909-м – юль, 1910-1912 – ліпень (юль), у 1912 годзе – ліпень (жыцень), у далейшым – ліпень.

Прычыны выбару на карысць ліпеня, а не на карысць лацінскага июль відавочныя. Па-першае, назва сведчыць пра захаванне старажытнай традыцыі, калі выкарыстоўвалася ліпец. Па-другое, яна ўшаноўвае, бадай, самае сакральнае дрэва для беларусаў – ліпу, якая ў старажытнасці побач з дубам лічылася святым дрэвам і сімвалізавала жаночы пачатак свету, засцерагала дзяўчат, шлюб, дзетанараджэнне: «расце па сыну зялёны явар, па нявестцы – бела ліпка». Валодала гаючымі, лекавымі ўласцівасцямі: па сёння пры прастудзе, кашлі дактары раюць аднаўляць здароўе ліпавым мёдам і ліпавай гарбатай. З’яўлялася ў беларускім фальклоры чарадзейным міфічным персанажам, здольным выконваць жаданні чалавека. Прачытайце беларускую народную казку «Чым болей хто мае, той болей жадае, або Адкуль узяліся мядзведзі» і вы пераканаецеся, што пушкінскі сюжэт «Залатой рыбкі» быў даўно вядомы нашым продкам і разгортваўся не вакол марской рыбіны, а вакол жыхаркі беларускай пушчы – ліпы.

Сугучныя з нашай назвай маюцца ў польскай – lipiec і ўкраінскай – липень мовах. У чэхаў červenec – найменне, падобнае да таго, што зрэдку сустракалася ў старабеларускіх крыніцах, – чирвець.

У народзе гэты месяц называюць бялец (час, калі адбельвалі палатно), гразавік, дажджавік. Пра яго кажуць, што ён без дажджоў не бывае; косіць і жне, доўга спаць не дае; яго прыволле – для пчол раздолле. Паэты ж ХХІ ст. атаясамліваюць ліпень са шчодрасцю: «Змешвае ліпень шчодра, // Як парфюмер заўзяты, // Пахі суніц, чабору / І сырадою з мятай. // Пахне лілеяй белай // І шашлыком нярэдка, // І нечым незразумелым. // Можа, папараць кветкай?» (А. Ярашонак).

Калі вымавіць слоўка з націскам на апошнім складзе – ліпéнь, то атрымаецца новае значэнне. Так называюць рыбу, пра якую згадваў у сваім творы «Гледзячы на Свіслач» прафесар Фёдар Янкоўскі: «Свіслачы нашай на вачах, хоць і павольна, вяртаецца празрыстасць… Мо зноў паселіцца тут беларускі ліпéнь, якога ў Расіі называюць шведскім словам – хáрыус. Ліпéнь, хоць і зусім нягуста, яшчэ ёсць, яшчэ трапляецца ў Іслачы».

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: заўзятар

Беларускае слоўка. Амбасáда

Беларускае слоўка. Май і трáвень

Беларускае слоўка: чэ́́рвень

Беларускае слоўка: залéва

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ