Беларускае слоўка: лíшніца

Вядучы рубрыкі

Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Лíшніца

Мілагучнасць, напеўнасць, далікатнасць, арганічнасць, лёгкасць і жыццяздольнасць беларускай мовы ў многім прадвызначаецца, як пісаў выдатны знаўца прафесар Фёдар Янкоўскі, «вялікай урадлівасцю на гаваркія словы», або «словы-вобразы». У адрозненне ад неэкспрэсіўных (дарэмна, стол, ісці, трамвай), словы-вобразы не толькі называюць прадметы, паняцці, дзеянні, прыкметы, але і характарызуюць іх. Яны, слушна заўважыла даследчыца Ларыса Яўдошына, маюць выразную словаўтваральную базу намінацыі (называння), а таму могуць быць зразумелы і патлумачаны без цяжкасцей любым носьбітам мовы. Звярніце ўвагу і праверце сваё моўнае чуццё: няшчáснік – чалавек, у якога здарылася гора, бяда, няшчасце; няўрымсцік – непаседлівы, нецярпімы чалавек; кнíжнік – асоба, якая любіць чытаць кнігі; негадзíвец – нягодны чалавек (па-руску – негодяй); скáржнік – той, хто напісаў скаргу.

Размоўнае і мілагучнае слоўка лíшніца, якім звычайна называюць непатрэбныя, лішнія рэчы, з’явы, таксама гаваркое, наша, беларускае. Утворана яно ад словазлучэння лішнія рэчы (з’явы, паняцці) пры дапамозе надзвычай прадуктыўнага для такой мадэлі суфікса -іц-. Параўнайце: бязлéсіца – прастора, дзе няма лесу; ваколіца – месца вакол чаго-небудзь; заранíца – перадсвітальная зорка, ранішняя зорка; лячэбніца – лячэбная ўстанова спецыяльнага прызначэння (ветэрынарная лячэбніца).

На русскую мову перакладаюць слоўка як избыток, излишек, лишнее. Але гэта далёка не поўны пералік значэнняў, якія можа рэалізоўваць яно ў тэксце. Прывядзём толькі некаторыя з іх. Дастатак, збытак: «Жыццё крыху наладзілася, але ў гаспадарцы лішніцы не было» (Пянкрат); большае, чым патрэбна, чым можна: «Ёй можна лішніцу паспаць» (С. Дзяргай); у дыялектнай мове – сухастоіны, пашкоджаныя ці нежывыя дрэвы: «Пошукі і выбіранне лішніцы ў лесе – на здароўе лесу, на дабро і карысць гаспадарам лесу» (Ф. Янкоўскі); у мове публіцыстычных і мастацкіх твораў асобныя пісьменнікі зрэдку выкарыстоўваюць яго са значэннем лішнія, празмерныя словы і выразы: «Калі сеў пісаць, нахлынулі адно за адным уражанні – абразкі з Наваградчыны. Стрымліваюся: баюся лішніцы. Хіба толькі каб лічаныя радкі» (Ф. Янкоўскі); «Цётка не на жарт спалохалася, што нагаварыла мне лішніцы» (Р. Сабаленка).

Блізкімі па значэнні лексемамі да слоўка лішніца, паводле сучасных слоўнікаў сінонімаў, з’яўляюцца непатрэбшчына (М. Клышка); лíшак, залíшак і нават не зусім дакладнае гак (С. Шведаў) у сказах тыпу: «Да бліжэйшай станцыі кіламетраў пяць з гакам давялося ісці хлопцам».

 

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: чэ́́рвень

Беларускае слоўка: залéва

Беларускае слоўка: лíпень

Беларускае слоўка: імпрэза

Беларускае слоўка: Альтáнка

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ