Беларускае слоўка: Немаўля

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

 немаўля

Лексічная адзінка немаўля (параўнайце: укр. немовля, польск. niemowle, чэш. niemluvě) адносна новая для беларускай літаратурнай мовы. Дакладна вядома: яно не фіксавалася ніякімі слоўнікамі да першай паловы ХХ стагоддзя, бо яшчэ ў 1950 годзе наш славуты Якуб Колас прызнаваўся, што не чуў гэтага някепскага, на яго погляд, слоўка і вымушаны быў звяртацца за тлумачэннем да Максіма Лужаніна — пісьменніка, у творы якога яно фігуравала.

Толькі з 70-х гадоў ХХ стагоддзя слоўка набыло законныя правы грамадзянства ў нашых лексікаграфічных выданнях. Штуршком таму стаў артыкул Я. Рапановіча «Да пытання пра словы немаўля і арэлі» (1969 г.), дзе адзначалася: «Слова каларытнае і намнога прыемнейшае за нованароджаны. Так і карціць пацікавіцца: хіба бывае і старанароджаны?.. Звонкім, празрыстым словам немаўля — немаўляты, немаўлятка — немаўляткі, арэлі (расейскі адпаведнік качели. — Прым. аўт.) варта даць месца ў «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы», які рыхтуе Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР. Хай добрасумленна служаць нашай роднай мове…»

І пажаданне мовазнаўцы спраўдзілася. Сёння немаўля з немаўляткам шырока выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях беларускай мовы і маюць значэнне малое дзіця, якое не ўмее гаварыць, мовіць: «У Маладзечне нарадзілася 1000-е немаўля»; «Адзенне для немаўлятаў»; «Другое немаўля ў суправаджэнні аднаго дарослага афармляецца як дзіця ад 2 да 12 гадоў»; «З немаўлятамі — сяброўкі: / — Ці ўначы чуваць тваю? / Мой дык ледзь нахмурыць броўкі / І заплача — я пяю». Яно з’яўляецца назвай асобных твораў і нават крэатыўных праектаў. Напрыклад, Алесь Аркуш адзін з вершаў так і назваў — «Немаўля», а стваральнікі інтэрнэт-партала Tuzin.fm. рэалізавалі задуму пад назвай «Тузін.Немаўля», паводле якой сучасныя беларускія выканаўцы стварылі саўндтрэкі да першых беларускіх нямых фільмаў і «прадставілі ўжывую на сцэне ў фармаце кінаканцэрта». Як адзначыў адзін з кіраўнікоў праекта: «… найбольш яскрава перадае нашу ідэю слова немаўля, дзе абыгрываецца і малы век тагачаснага беларускага кінематографа, і тая асаблівасць, што стужкі былі па першым часе нямыя, а апошнія дзве літары да ўсяго намякаюць на музычны складнік праекту».

Пры перакладзе на расейскую мову слоўка немаўля выкарыстоўваюцца младенец, карапуз і нават не зусім удалае новорожденный, а для слоў немаўлятка, немаўляткі — карапузик, карапузики.

 

 

 

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ