Беларускае слоўка: нішчымніца

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ.

Як ацэнка пры параўнанні двух чалавек або прадметаў бытуе ў нашай мове прыказка «Чым такі скорам, дык лепш нішчымніца»: «Такога, як Амелька, ніколі не пакахала б. Або што ён знайшоў у гэтай вяртлявай, як галка, Ігнасі? – усміхнулася сама сабе. – Чым такі скорам, дык лепш нішчымніца» (П. Місько). У прыказцы скорам і нішчымніца з’яўляюцца антонімамі – словамі з процілеглым значэннем – і ўжываюцца ў пераносным значэнні. Скорам указвае на штосьці прыемнае, значнае, патрэбнае для жыцця, нішчымніца – на нявартае ўвагі, нязначнае, пустое.

У прамым значэнні скорамам называюць мясную або малочную ежу: «Стаяў асобна ў місцы скорам» (Якуб Колас). А вось слоўка нішчымніца мае два значэнні: 1) посная ежа, нічым (салам, маслам) не запраўленая, без мяса: «Сям’ю трымаў на нішчымніцы, хоць выкормліваў па два-тры вепрукі на год» (А. Чарнышэвіч); 2) гаротнае, беднае жыццё, бясхлебіца: «Што так цябе, Яўхім, маркоціць?..»/«Лепш не пытай, сказаў мой шэф, мяне скароціць…/А ў хаце дзетак – поўны кут,/нішчымніца градзе, сям’і капут» (А. Піліпчык).

У народных беларускіх гаворках нішчымніцай называюць таксама нясмачную ежу, голад, недарод, неўраджай, сухамятку: «Нішчымніца нас гадавала» (М. Чарот). А бедняка, які харчуецца ўсухамятку, клічуць нішчымнікам.

Нішчымніца – слоўка спрадвечнабеларускае, утворанае ад прыметніка нішчымны, які ў розных мясцовасцях нашай краіны мог перадаваць такія паняцці, як посны, без тлушчу, без закрасы, дыетычны; пусты, парожні; без нічога, з пустымі рукамі; дрэнны, слабы, бедны: нішчымны крупнік, нішчымныя рэчы; «Душыўся нішчымнаю бульбаю і заціркаю, абы толькі выгадаць лішні рубель і прыхаваць яго» (Я. Колас). Сам жа прыметнік нішчымны паходзіць ад прыслоўя нисчим, утворанага са спалучэння ні з чым, гэта значыць без нічога, і зафіксаванага ў слоўніку І. Насовіча (1870) з двума значэннямі: «1) скудно: Нисчим всегды ядзим, аж животы боляць; 2) с пустыми руками: Нисчим жонку взяв».

У ХІХ – пачатку ХХ ст., калі не былі яшчэ створаны адзіныя графіка-арфаграфічныя нормы для беларускай мовы, правапіс згаданых слоў грунтаваўся на этымалагічным (марфалагічным) прынцыпе, які з’яўляецца вядучым для рускай мовы. Сутнасць яго – у нязменным напісанні марфем ва ўсіх формах ці аднакаранёвых словах. Таму да 20-х гг. ХХ ст. па-беларуску пісалі: «ни с чим» – «нисчимно» – «нисчимный» – «нисчимница» – «нисчимник».

Сёння – і гэта трэба памятаць – такія і нямала падобных па структуры слоў пішуцца ў адпаведнасці з фанетычным прынцыпам, гэта значыць так, як вымаўляюцца: нішчымна, нішчымны, нішчымніца; ушчуваць, шчаслівы, ушчыкнуць, свішчуць.

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: руплíвец

Беларускае слоўка: стýдзень

Беларускае слоўка: Аравíчы

Беларускае слоўка: філіжáнка

Беларускае слоўка: алéй

Самое читаемое