БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Прызба

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

У старажытныя часы хаты будаваліся без звычнага для нас падмурка (фундамента). Па вуглах клалі дубовыя калоды або вялікія камяні, на якіх стаяў драўляны зруб. Летам пад будынкам гуляў вецер і высушваў знізу дошкі «чорнай» падлогі. А вось на зіму, каб уцяпліць памяшканне, гаспадары абсыпалі яго з усіх бакоў пяском або абкладалі дзёрнам аж да другога вянца. З ХІ ст. канструкцыю ўдасканалілі, і яна мела наступны выгляд: на адлегласці 35–40 см ад сцяны ўбівалі ў зямлю калкі, якія перапляталі паміж сабой лазой, бярозавымі пруткамі або за іх закладвалі жэрдкі, тонкае бярвенне ці дошкі. У прамежак між агароджай і сцяной засыпалі пілавінне, салому, кастрыцу, торф, зямлю, пясок. Зверху рабілі драўляны насціл, які абараняў насып ад вільгаці і ператвараў канструкцыю ў доўгую і шырокую лаву, на якой зручна адпачываць. Такі часовы насып уздоўж сцен хаты, абабіты дошкамі, які звычайна разбіраўся па заканчэнні зімы, называлі прызба.

Дайшла гэтая назва з праславянскага перыяду, дзе былі два варыянты напісання: pristъba < pri-jъstъba (сооружение при избе) і prisъpa (тое, што прысыпана). Апошні варыянт доўгі час выкарыстоўваўся ў старарускай мове – присъпа, приспа (насып, вал), пакуль не трансфармаваўся ў новае найменне – завалинка, што стала літаратурнай нормай для сучаснай рускай мовы.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове слоўка пішацца без мяккага знака – прызба. Хаця ў народных гаворках былі прызьба, прысьба, прызва, прызьбіна, прызьма (прысыпаны зямлёй). Ведаюць яго з нашым значэннем (невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты, зроблены для ўцяплення памяшкання) украінцы (прысьба) і палякі (przysba i przyspa). Мяркуюць, што польская мова ўзбагацілася ім дзякуючы пісьменніку з Навагрудчыны Адаму Міцкевічу. Балгары ж слоўкам присба называюць пакрытую тэрасу перад домам.

Ва ўсе часы існавання прызба была ўлюбёным і самым надзейным месцам беларускіх сялян для сустрэчы з вясной. Тут любілі збірацца старыя, успамінаючы былыя дні, суседзі, каб падзяліцца навінамі, паспяваць, пажартаваць і паплакаць, «распавесці ахвотным слухаць гісторыі жыцця і з жыцця».

У ХХІ ст. прызба – забытае паняцце: цяпер хаты будуюць на фундаментах. Але само слоўка не знікла і нярэдка выкарыстоўваецца ў паўсядзённых зносінах. Ім часта называюць звычайную лаўку, што стаіць уздоўж сцяны хаты. Яно жыве ў назвах культурніцкіх мерапрыемстваў (фэст «Прызба» адбыўся ў Залессі ў 2014 г.), перадач на беларускім радыё (праграма аб сусветным фальклоры называецца «На прызбе»), кніг, як правіла, гумарыстычна-сатырычнага зместу («Прызба, альбо Смяяцца – не плакаць» Міколы Чарняўскага, «На Ашмянскай прызбе» Эдварда Сяргея, «Смех на прызбе» Васіля Ткачова). Яго можна скарыстаць для наймення форуму ў Інтэрнэце, каб абмяркоўваць усе тэмы, якія вас цікавяць або вас датычацца.

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: сáжалка

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Жартаслоўе

Беларускае слоўка: лоўж

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА.  Рáдаўніца

Беларускае слоўка: узычыць

Самое читаемое

1 КОММЕНТАРИЙ

Комментарии закрыты