Беларускае слоўка: радзюжка

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Загадкі – адзін са старажытных жанраў вуснай народнай паэтычнай творчасці. Яны – крыніца для разумення традыцыйнай мадэлі сусвету, захавальнікі старадаўняй беларускай лексікі, без ведання якой нельга знайсці правільны адказ на змешчанае пытанне. Напрыклад, каб разгадаць дзіцячую загадку «Сіняя радзюжка ўвесь свет пакрыла», неабходна ведаць, што абазначае ў рэальнасці слоўка радзюжка. У нашых слоўніках яно падаецца з паметай «абласное» і тлумачыцца рэдкімі нават для сучаснай вёскі словамі дзяруга, дзяружка, утворанымі ад дзеяслова дзерці. Так называюць некалькі рэчаў: тоўстую і грубую тканіну; посцілку; прасціну і нават вопратку з такой тканіны: гэта не палатно, а дзяруга; накрыцца дзяружкай; спаць на дзярузе. Бедныя людзі, якія хадзілі ў дзяружках, адзенні, пашытым са зрэб’я, мелі, як правіла, адпаведныя прозвішчы: Дзярýга, Дзярýжка, Дзеружынскі.

І ўсё ж больш распаўсюджаным у Беларусі з’яўляецца слоўка радзюжка (памяншальна-ласкальная форма ад радзюга). Прафесар Алег Лойка, які родам са Слонімшчыны, так і пісаў у адным са сваіх вершаў: «Завуць радзюжкамі дзяружкі / У нас здавён».

Паходжанне гэтай мілагучнай і пяшчотнай назвы дакладна не ўстаноўлена. Паводле адной версіі, яна ўзнікла на аснове слова радно, якім абазначалі здаўна грубую саматканую тканіну для вырабу мяхоў, посцілак (замацаванню тэрміна на -но паспрыялі існаваныя старажытныя словы сукно, палатно). Мадэль утварэння – па аналогіі: дзяруга – радзюга. Паводле другой версіі, радзюжка – фанетычны варыянт слова дзяружка, з’яўлены ў выніку метатэзы (перастаноўкі гукаў [р] і [дз’], як, напрыклад, у словах ладоньдалонь). Паводле трэцяй версіі, у аснову пакладзены прыметнік рэдкі: грубае палатно для гаспадарчых патрэбаў выраблялася, як правіла, на рэдкай аснове – ніткі размяшчаліся не шчыльна адна каля адной, а даволі свабодна. Прыгадайце, напрыклад, любы мех, у які складваюць бульбу, буракі, капусту. Чацвёртай версіі прытрымліваюцца тыя, хто лічыць слоўка ўтвораным ад назоўніка рад і назвай складанага спосабу ткання ўручную, пры якім атрымліваецца тканіна з перапляценнем у выглядзе касых прыступкавых радкоў. Асобныя даследчыкі такія рознакаляровыя палосы (рады) схільны атаясамліваць з рýнамі – прасцейшымі арнаментамі язычніцкага перыяду, дзе зашыфравана нейкая інфармацыя. Таму і раюць разглядаць старажытныя радзюжкі як вялікі тканы ліст з рунічным пісьмом.

Адным з першых, хто звярнуў увагу на гэтае слоўка, быў Ян Чачот. У сваім слоўнічку (першая палова ХІХ ст.) паэт з Навагрудчыны занатаваў: «Радзюга, радзюжка – нешта выцертае, дзе відаць рады нітак, напрыклад, у сукне; гаворыцца таксама пра кепскае сукно ці адзенне. Кажуць часам з пагардай і на якога чалавека: радзюга. Што значыць прастак, сярмяжнік. Так кажуць і на дробнага шляхціца, калі хочуць яго зняважыць».

У ХХІ ст. слоўка радзюжка даводзілася чуць ва ўсіх кутках Беларусі. Праўда, у адных выпадках ім называлі посцілку з грубай тканіны, якой засцілалі ложкі (па-руску красочное, нарядное покрывало), у другіх – кабéрац (па-руску домотканый коврик або дорожка ручной работы).

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: філіжáнка

Беларускае слоўка: алéй

Беларускае слоўка: нішчымніца

Беларускае слоўка: радзюжка

Беларускае слоўка: асéліца

Самое читаемое