Беларускае слоўка: рэшта

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр КУЛIКОВIЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Беларуская мова як высакаразвітая самабытная сістэма на працягу стагоддзяў заўсёды імкнулася да паўнаты сродкаў адлюстравання самых разнастайных праяў чалавечага жыцця. З гэтай мэтай яна адбірала і назапашвала найбольш актуальныя, суладныя з моўным густам і характарам асобы лексічныя адзінкі, якія траплялі ў яе склад рознымі шляхамі. Іншы раз праз пасрэдніцтва не адной, а некалькіх еўрапейскіх моваў. Такім слоўкам з’яўляецца рэшта, вытокі якога ў лацінскай мове, у дзеяслове restare – заставацца. Затым, на думку вучоных, яно стала здабыткам нямецкай мовы – Rest, пасля чаго трапіла да палякаў – reszta – астатак, адкуль да нас і ўкраінцаў – рэшта. І адбылося гэта ў старабеларускі перыяд (прыкладна ХІІІ–ХІV стст.).

На сучасным этапе рэшта – гэта астатак чаго-небудзь: «Бачыў Бог, што не даў свінні рог, бо ўвесь свет паарала б: што лычом – дык лычом, а рэшту – рагамі»; частка адрэзку часу ці адлегласці, якая засталася яшчэ нявыкарыстанай ці непераадоленай: рэшта адпачынку засталася на зіму; рэшту дарогі прайшлі пешшу; здача, калі гутарка ідзе пра грошы.

Словаўтваральны патэнцыял гэтага слоўка надзвычай шырокі. Ад яго ўтворана нямала іншых лексічных адзінак: прыслоўі ўрэшце, нарэшце (па-руску – наконец, наконец-то): нарэшце прыйшла зіма. Ёсць яшчэ і фразеалагізм у рэшце рэшт, які даволі рэгулярна можна пачуць у тэлевізійных і радыёпраграмах. Але ён не наш, не беларускі. Гэта калька расійскага ўстойлівага спалучэння в конце концов, якая з’явілася ў беларускай мове ў першай палове ХХ ст. Прынамсі, як сцвярджае мовазнавец Юрась Бушлякоў, у слоўніках беларускай дыялектнай мовы гэты выраз не фіксаваўся. Таму, слушна раіць навуковец, замест яго варта шырэй выкарыстоўваць названыя ўжо прыслоўі ўрэшце і нарэшце, а таксама добра вядомыя ў ХІХ ст. словы і выразы надосталь (надосталь прызнаўся – г. зн. нарэшце прызнаўся), наапóшку: «Спачатку прабаваў Бурак кпіць з кабеты, пасля дакараць, а наапошку зусім раззлаваўся» (К. Акула); канец канцом, канец канцоў: «Ён круціў, муціў, але такі канец канцом мусіў прызнацца. Усё ж канец канцоў дадумаліся» (М. Федароўскі).

Як уласную назву выкарыстаў слоўка віцебскі паэт Уладзімір Папковіч. Яго зборнік вершаў «Рэшта» не пакідае абыякавымі аматараў беларускай паэзіі.

 

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: імпрэза

Беларускае слоўка: Альтáнка

Беларускае слоўка:  лíшніца

 Беларускае слоўка: бурштын

Беларускае слоўка: кýфар 

Читайте нас в Google News

ТОП-3 О МИНСКЕ