Беларускае слоўка: руплíвец

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат філалагічных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.

Для называння клапатлівага, дбайнага, гаспадарлівага чалавека, які імкнецца ўсё рабіць акуратна, хутка і ў час, бытуе ў нашай літаратурнай і дыялектнай мовах мноства сінонімаў: дбáлы, старáнны, працаўнік, рабацяга, рукáты (майстра на ўсе рукі), гаспадáрлівы, пíлны, сцíпны і іншыя.

Нямалая колькасць слоў з падобным значэннем мае ў сваім складзе корань -руп-: рýпіцца, парýпіцца – клапаціцца, турбавацца, старацца: Хто сам не рупіцца, у таго скура лупіцца (прыказка); руплíвы, рýпны, рýпеслівы, рýпатлівы, рýпчы – які імкнецца зрабіць як мага больш і лепш; дбайны (па-руску заботливый, старательный, внимательный): Руплíвы гаспадар не заспіцца; «Рýпнай працай, цёплым ветрам і расою пахне хлеб» (М. Пазнякоў); рýпны ўнучак, руплíвая дзяўчына; рýпчы настаўнік; мужык рýпеслівы.

Дзеяслоў і прыметнікі з такім коранем старажытныя паводле паходжання. Як сцвярджае кандыдат філалагічных навук Клара Панюціч, яны ёсць у многіх славянскіх мовах. Параўнайце: рускія дыялектныя рýпить, рýпа, рýптивый (заботливый), рупливый (заботливый); украінскае рýпати – быць жаданым, цікавіць; польскія rupliwośċ, rupliwy, rupny – дбайны, старанны, клапатлівы. Ёсць меркаванне (А. Праабражэнскі, В. Мартынаў, А. Міхневіч), што трапіць да нас і суседзяў яны маглі з літоўскай мовы, дзе rupus – клапатлівы, rupintis – клапаціцца.

Затое назоўнікі з коранем -руп-, якія характарызуюць асобу, несумненна, з’яўляюцца вынікам нашай, беларускай, словатворчасці. На Віцебшчыне, напрыклад, добрага працаўніка называюць рýпнік, калі гэта жанчына – рýпніца: Дзе мужык рупнік, там і жонцы добра жывецца. У літаратурнай мове толькі з 70-х гадоў ХХ ст. некаторыя слоўнікі пачалі фіксаваць (праўда, чамусьці з паметай «размоўнае») і слоўка руплівец (родны склон – рупліўца) – рачитель, радетель, хозяин; прилежный, рачительный, старательный человек: руплівец веры – рус.: ревнитель веры; «Настаўнік – спрадвечны руплівец, нястомны шукальнік» (Г. Рудэнка).

Думаецца, сёння ад стылістычнай паметы размоўнае варта адмовіцца, а само слоўка руплівец смялей уключаць у нарматыўныя лексікаграфічныя даведнікі, паколькі яно шырока ўжываецца ў мастацкіх, пуб­ліцыстычных, навуковых тэкстах: «Дзе вы, дбайныя руплiўцы песень родных?» (Н. Гілевіч); «Ты – жаноцкай красы таямніца, а я, твой руплівец… гатовы табой захапляцца» (А. Русецкі); «Руплівец нашай старасветчыны» – назва кнігі, прысвечанай Яўстаху Тышкевічу (аўтары гісторыкі Генадзь і Аляксандр Каханоўскія); «З кагорты рупліўцаў» – артыкул прафесара Мікалая Прыгодзіча пра аднаго з маіх выкладчыкаў на філфаку БДУ Івана Германовіча; «Руплівец на ніве роднай мовы» – артыкул Наталлі Паляшчук пра знакамітага мовазнаўца Іосіфа Жураўскага. Руб­рыка «Рупліўцы» ёсць у многіх раённых і рэспубліканскіх газетах. У ёй найчасцей расказваецца пра хлебаробаў і іншых вясковых працаўнікоў.

 

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: Альтáнка

Беларускае слоўка:  лíшніца

 Беларускае слоўка: бурштын

Беларускае слоўка: кýфар 

Беларускае слоўка: рэшта

Самое читаемое