Беларускае слоўка: сáжалка

Вядучы рубрыкі Уладзімір КУЛІКОВІЧ, кандыдат фiлалагiчных навук, в. а. загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Навукоўцы з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта ўстанавілі: узровень забяспечанасці вадой на душу насельніцтва ў нас сярэднееўрапейскі (6,1 тыс. кубаметраў на чалавека ў год) і значна большы, чым у суседніх дзяржавах (у Польшчы – 1,7 тыс., на Украіне – 4,1 тыс. кубаметраў на чалавека ў год).

Немалаважную ролю ў фарміраванні водных багаццяў Беларусі адыгрываюць 153 вадасховішчы – штучныя вадаёмы для збору і захавання вады, а таксама безліч сажалак (па-руску – прудов).

Само ж слоўка сажалка прыйшло да нас з праславянскага перыяду, дзе існаваў дзеяслоў saditi (садзіць) у значэнні помещать, класть (рыбу, лён, коноплю для вымачивания). Ад яго ў старажытнасці быў утвораны назоўнік sadjь (садж або саж), гэта значыць тое, у што садзяць. Ён праіснаваў да ХІХ ст. і меў пяць значэнняў: невялікі хлеў; маленькі хлявок для парасят, які выгароджваўся ў хляве; садок для рыб; азярцо паблізу прытока ракі, якое служыць садком для рыбы перад замаразкамі зімой; скрынка для трымання ў рацэ жывой рыбы.

Прыкладна з ХV ст. пры дапамозе суфікса -алк-(а) ўтварылася сажалка. Матывацыя простая – месца, куды рыбу саджалі. Сёння ім абазначаюць штучны вадаём для захоўвання вады з мэтай водазабеспячэння, арашэння, гадоўлі рыбы (сажалкавая рыбная гаспадарка) і вадаплаўнай птушкі, а таксама для санітарных і спартыўных патрэбаў.

У нашай вёсцы (станцыя Ашмяны, Гродзеншчына) маюцца два невялікія вадаёмы. Сажалкай, як і ў многіх іншых мясцовасцях Беларусі, называюць толькі той, што створаны прыродай пры нязначным удзеле чалавека. Ужо з дзяцінства мы дакладна гэта разумелі. Калі вучыліся плаваць, то ішлі на сажалку, дзе вада хутка награвалася і толькі ў асобных месцах, дзе білі крыніцы, была сцюдзёнай. Калі ж, навучыўшыся добра трымацца на вадзе, хацелі адчуць глыбіню і прастору, беглі на ставок (стаў). Так называлі большы і глыбейшы вадаём, створаны штучна ў выніку пабудовы плаціны, якой перагарадзілі рэчку. Яшчэ адна назва такога вадаёма – запрýда. У суседніх вёсках перад некаторымі хатамі былі копанкі (копані) – гэта выкапаныя невялікага аб’ёму ямы, напоўненыя вадой, у якіх разводзілі для сябе рыбу або вымочвалі лён.

Як бачым, сажалкай варта называць не любы штучны вадаём, а толькі той, што запаўняецца крыніцамі або дажджавой вадой. Вось як пісаў пра стварэнне сажалкі пісьменнік Алесь Якімовіч: «Намаганнямі дарослых і дзяцей балотца ператварылася ў глыбокую сажалку з гліністым дном, якое павольна запаўнялася падземнымі і крынічнымі водамі».

Пераважна з такім значэннем ужываюць слова на Украіне (формы сажалка і сажавка), у Польшчы (sadzawka), расійскіх дыялектах. У слоўніку У. Даля, напрыклад, сказана: сажалка – «запруда или колдобина с водою, для мочки или гноенья конопли». З беларускай мовы слоўка запазычана ў літоўскую – sazalka (сажалка).

Падчас ужывання не трэба блытаць слова сáжалка з сугучным саджáлка (націск на другім складзе) – гэта сельскагаспадарчая машына для пасадкі бульбы, агародніны, расады.

Еще новости по теме:

Беларускае слоўка: асéліца

Беларускае слоўка: радзюжка

Беларускае слоўка: сукéнка

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Скрыжáлі

БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА. Ушчэп

Самое читаемое