Беларускае слоўка: скарб

Вядучы рубрыкi Уладзiмiр Куліковіч, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ

Існуюць тры версіі з’яўлення гэтага слоўка ў беларускай мове. Па адной з іх, утварылася яно ў старажытнаверхненямецкай мове ад дзеяслова skarbon — разрэзаць, нарубіць і пісалася scerf (манета). Затым трапіла ў польскую мову, дзе займела форму skarb і стала абазначаць каштоўныя рэчы; чыесьці ўласнасць, грошы; месца захавання каштоўных рэчаў, грошай; скарбнiца, шкатулка, куфар. А ў пачатку ХІV стагоддзя прыжылося ў помніках старабеларускага пісьменства. І толькі з канца XIV cтагоддзя стала вядомым у старажытнарускай мове з двума значэннямі: пожитки; казна как совокупность денежных средств государства.

Паводле другой версіі, слоўка трапіла да нас са значэннем схаваныя ў патаемным месцы каштоўнасці непасрэдна з лацінскай мовы, дзе skrobis — гэта яма.

Згодна з трэцяй гіпотэзай, скарб — спрадвечнаславянскае слоўка, якое магло ўзнікнуць на старажытнабеларускіх землях: skъrbь (скорбь) — прадмет клопату (предмет забот). І верагоднасць таму вялікая, бо толькі ў нашай мове яно выражае мноства значэнняў і іх адценняў, якія не сустрэнеш ні ў адной са славянскіх моў. Напрыклад, у творах класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа скарб — сукупнасць духоўных і культурных каштоўнасцей (скарбы культуры чалавецтва); багацце пачуццяў як праяўленне духоўнага жыцця чалавека (скарбы памяці); сукупнасць моўных сродкаў (скарбы мовы); багацце і прыгажосць прыроды (скарбы колераў роднай старонкі); матэрыяльныя каштоўнасці, багацце, зберажэнне, дары зямлі, прыроды (скарбы палеткаў); маёмасць, уласнасць, вынікі працы, а таксама ўсё, што мае каштоўнасць (хатні скарб; скарб мой — рукі); грошы і іншыя каштоўнасці, схаваныя ў зямлі (я шукаю панскіх скарбаў); даходы дзяржавы або асобнага чалавека (дзяржаўны скарб); дзяржава як уладальнік матэрыяльных каштоўнасцей, а таксама дзяржаўная ўстанова, якая распараджаецца гэтымі каштоўнасцямі (Лабановіч хадзіў па полі, што яны арандавалі ад скарбу); сукупнасць асабістых даходаў і расходаў на пэўны тэрмін (Размеркаваў Іван свой заробак: сорак рублёў для бацькі, у хатні скарб, рублёў пятнаццаць пакінуў на свой абыход).

Існуюць у сучаснай беларускай мове і слоўкі, утвораныя ад яго. Скарбнік — па-руску казначей, кладовщик; скарбніца — место хранения сокровищ, совокупность культурных и духовных ценностей; скарбовы — относящийся к скарбу, принадлежащий казне, казенный, государственный; находящийся, состоящий на государственной службе; скарбонка — кубышка, копилка, небольшая сумка или дорожная торбочка для хранения денег, мелких вещей и съестных припасов (дасталі са скарбонкі сала); тайник, хранилище; скарбоначны ў выразе скарбоначны збор — кружечный сбор.

Самое читаемое